Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дажынкі» ў Жлобіне: фасад — шыкоўны, двор — жахлівы


На падрыхтоўку да рэспубліканскіх «Дажынак» у Жлобіне выдаткавана звыш трыльёна рублёў — самая буйная сума за ўсю гісторыю гэтых сьвяткаваньняў.

Будаўнікі й дарожнікі аўральнымі тэмпамі давяршаюць у Жлобіне рэканструкцыю галоўнай плошчы фэсту ля Палаца мэталюргаў, дарабляюць дзясяткі іншых аб’ектаў у горадзе й на пад’езьдзе да яго. Якім чынам яны гэта робяць?

Шаснаццаты й сямнаццаты жылыя мікрараёны гораду — побач з Палацам мэталюргаў. І жывуць тут пераважна працаўнікі мэталюргічнага заводу — тыя, хто рабіў на ім раней і робіць сёньня.

Пра тое, як рыхтуюць жылыя кварталы і вуліцы да «Дажынак», апавядае былы інжынэр-электрык БМЗ, экс-дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня й старшыня райсавету Марат Афанасьеў:

«За маёй сьпінаю — чатырнаццаціпавярховік. За апошнія пяць гадоў гэты дом адстройваюць ужо трэці раз. Ёсьць спадзяваньне, што гэта будзе апошняе адстройваньне. Усё папярэднія прыводзілі да таго, што тынк трэскаўся, адвальваўся — і дом не выклікаў радасьці ані ў яго жыхароў, ані ў жыхароў гораду. Наступны дом — панэльны дзевяціпавярховік. У гэтым доме ўцяплілі толькі палову пакояў у асобных кватэрах. Уцяплілі, груба кажучы, толькі чацьвёртую частку дома».
Марат Афанасьеў
Марат Афанасьеў

У згаданым доме № 2, на якім, дарэчы, вісіць мэмарыяльная дошка першаму дырэктару Беларускага мэталюргічнага заводу Дзеражанту Акопаву, пафарбавалі фасад і частку тарца. У іншых падобных шматпавярховіках аздобілі толькі верх ружовым альбо блакітным колерам. Зрабілі такі вянец над дзевятым паверхам. З тыльнага боку, у пад’ездах — ніхто й пэндзлікам не мазнуў:

«Калі зайсьці ў двор гэтых дамоў — нумары 2, 1, 10, — то ўсё што там было ў мінулыя два дзесяцігодзьдзі, тое й засталося. Ходнікі вышчарбленыя, пад’езды не рамантаваныя. Я жыву ў пад’езьдзе, у якім ніхто не рабіў рамонту дваццаць пяць гадоў. Але ж усе гэтыя гады мы плацілі грошы на рамонт. Цяпер мне раяць: вы скіньцеся ўсім пад’ездам — і мы зробім пасьля гэтага рамонт. Сапраўдная паказуха. І зроблена яна толькі дзеля таго, каб лашчыць чыйсьці начальніцкі позірк».
Жлобінцы i «Дажынкi»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:23 0:00

У горадзе й прыгарадных паселішчах, дзе пераважае прыватны сэктар, мясцовыя ўлады таксама наводзілі парадак. Пад пагрозай штрафаў прымушалі ўладальнікаў прыватных дамоў фарбаваць у сьветлыя колеры франтоны дамоў і дахі, мяняць нетыповую агароджу на новую. Дзе людзі моцна супраціўляліся ці, ня маючы грошай, не маглі набыць агароджу, ставілі сіні казённы плот з мэталёвага профілю. Ды такі высокі, каб з вуліцы не былі відаць старыя халупы.
На ўезьдзе ў Жлобін
На ўезьдзе ў Жлобін

Яшчэ й цяпер на вуліцах Кастрычніцкай, Кавалёва ды некаторых іншых, якія прылягаюць да галоўнага пляцу «Дажынак», камунальнікі, прызваныя зь іншых раёнаў, мыюць і фарбуюць дахі й франтоны прыватных хатаў. Пафарбаваць адну хату каштуе да 4,5 мільёна рублёў.
Сьвежапафарбаваны гмах у 17-м мікрараёне
Сьвежапафарбаваны гмах у 17-м мікрараёне

Гаворыць майстар камунальнікаў з Чачэрску:

«Кожнаму камунальнаму прадпрыемству вызначылі 9 дамоў — пафарбаваць дахі й франтоны. Жлобінская ўправа капітальнага будаўніцтва — заказчык. Нам вось гэтыя хаты — першая, другая, трэцяя, чацьвёртая… Там далей ужо працуюць камунальнікі з Кармы».
Бульвар Мэталюргаў
Бульвар Мэталюргаў

Спадарыня Ірына, жыхарка вуліцы Кавалёва, апавяла, што яе сям’я адмовілася пускаць камунальнікаў на свой дах — самі перакрылі хату. Баялася, як і некаторыя іншыя гаспадары, што тыя паломяць шыфэр. Дый колеры падабраныя так, што зялёны дах і сіні франтон выглядаюць аляпавата.

Кабету турбуе іншае: няма дзе вады набраць. Бліжэйшая калёнка агульнага вадаводу стаіць у лужыне без рычага. Затое пафарбаваная ў сіні колер:

«Вада ў калёнцы ёсьць, але яе часта прабівае. Ледзь ня кожны тыдзень тэлефануем у „Жылкамсэрвіс“, каб прыехалі й наладзілі. Прыедуць, раскапаюць, а праз тыдзень — зноў тое самае. Сёньня прыехалі, пафарбавалі. А лужына як стаяла, так і стаіць».
Дамам у дварах дастаткова сіняга веньчыка ўверсе
Дамам у дварах дастаткова сіняга веньчыка ўверсе

Суразмоўца кажа, што ў горадзе можна было б больш зрабіць для дзяцей і школьнікаў:

«Напрыклад, дзіцячых садкоў больш пабудаваць, школы ўпарадкаваць. У дзіцячых садках стаяць звычайныя вокны, празь якія вецер гуляе. Затое ў нас паставілі эўравокны ў райвыканкаме. А можна было б для дзяцей крыху больш пастарацца. Усё-ткі дзеці — наша будучыня. А гэтая будучыня мерзьне зімою ў дзіцячых садках».
Палац мэталюргаў
Палац мэталюргаў

Жыхарка маласямейнага дому-інтэрнату будтрэсту № 40 спадарыня Ала зьвяртае ўвагу на плітку, якая абвальваецца з тарцавой сьцяны — процілеглай ад Палаца мэталюргаў. Тры тыдні таму маласямейку ўзяліся рамантаваць, ды кінулі:

«У нас таксама пачалі рыхтавацца да „Дажынак“. Прыехалі, адбілі палову гэтай пліткі. Мы абрадаваліся, бо багата часу яна падала сама па сабе. А тут у доме ў нас шмат дзяцей. Ані пляцовак якіх — толькі маленькую пясочніцу зрабілі. І ўсё. А зараз усё на галовы падае — будаўнікі перамясьціліся некуды ў іншае месца. А нам пакінулі гэты жах».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG