Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія актывісты патрабуюць вызваліць Ігара Паснова з «псыхушкі»


Ігар Пасноў
Ігар Пасноў

Прадстаўнікі розных дэмакратычных структур зьбіраюць подпісы пад зваротам да пракурора вобласьці, дзе просяць вынесьці пратэст на рашэньне суду, згодна зь якім віцебскага лекара Ігара Паснова зьмясьцілі ў псыхіятрычны шпіталь.

Праваабаронцы прапануюць правесьці пікеты салідарнасьці з Пасновым, якому пастаўлены дыягназ «хранічнае расстройства з трызьненьнем» пасьля крытычных выступаў пра стан і дзейнасьць мясцовых мэдычных установаў і пазыцыю старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца.

Апошнімі зьвесткамі пра сытуацыю зь лекарам Ігарам Пасновым дзеліцца віцебскі праваабаронца Пётар Іваноў:

«Што мы робім? Ідзе праца над касацыйнай скаргай, яшчэ тры-чатыры дні гэта будзе працягвацца. Я прапанаваў нашым партыйным палітыкам правесьці пікеты ў падтрымку Ігара Паснова. Пікеты маюць арганізоўваць сябры партыі БНФ, руху „За свабоду“ і гэтак далей — усе, хто неабыякавы да гэтай праблемы. Я ім прапанаваў, і яны падтрымалі маю прапанову».

Апрача заявак на пікеты, актывісты рыхтуюць зварот да пракурора Віцебскай вобласьці Генадзя Дысько. Прадстаўнікі руху «За свабоду», прыхільнікі сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада», сябры партыі БНФ і кампаніі «Гавары праўду» зьбіраюць подпісы пад калектыўным лістом, дзе просяць пракурора вынесьці пратэст на рашэньне суду Віцебскага раёну, які санкцыянаваў прымусовае псыхіятрычнае лячэньне Паснова, кажа юрыст, сябар аргкамітэту па стварэньні сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Аляксей Гаўруцікаў:

«Мы падрыхтавалі ліст ад групы грамадзянаў з прапановай прынесьці касацыйны пратэст у справе лекара Паснова Ігара Аляксеевіча. Мы лічым, што за крытыку мэдустановаў Віцебскай вобласьці, за крытыку ўладаў, фактычна за іншадумства, яго зьмясьцілі ў псыхіятрычны шпіталь. Суд праходзіў у яго адсутнасьць, ён ня змог накіраваць туды свайго прадстаўніка, адваката, ня меў магчымасьці і сам выкласьці сваю пазыцыю суду».
Суд праходзіў у яго адсутнасьць, ён ня змог накіраваць туды свайго прадстаўніка, адваката, ня меў магчымасьці і сам выкласьці сваю пазыцыю суду

Аляксей Гаўруцікаў падкрэсьлівае, што былі парушаныя канстытуцыйныя правы Паснова — права на вольнае выказваньне сваіх думак і меркаваньняў, права на незалежны судовы разгляд, права на абарону ў судзе. Гэта таксама выкладзена ў звароце на імя пракурора вобласьці, які мае паўнамоцтвы апратэставаць рашэньне судзьдзі Тацяны Дзегцяровай.

Закрыты суд у справе Ігара Паснова, ініцыяваны галоўным лекарам Віцебскага абласнога шпіталя Аленай Мартынавай, адбыўся 21 жніўня. Да таго часу Пасноў ужо некалькі сутак знаходзіўся ў 2-м закрытым аддзяленьні гэтага шпіталя, дзе раней працаваў лекарам-псыхіятрам. 16 жніўня яго зьмясьцілі на лячэньне да былых калегаў ужо ў якасьці пацыента. Здарылася гэта неўзабаве пасьля чарговага відэазвароту лекара Ігара Паснова да землякоў, дзе ён зноў скрытыкаваў працу мэдустановаў і псыхіятрычнай службы ў прыватнасьці. Таксама ён казаў, што кіраўніцтва шпіталя ім незадаволенае, што на яго напісаў заяву намесьнік галоўнага лекара па ідэалёгіі і што яму адкрыта пагражаюць прымусовым псыхіятрычным лячэньнем.

Сытуацыя, у якую трапіў Ігар Пасноў, «лекар-праўдаруб», як яго называюць некаторыя мясцовыя СМІ, актыўна абмяркоўваецца на незалежным інтэрнэт-сайце «Народныя навіны Віцебску». Чытачы прапануюць наладзіць абструкцыю галоўнаму лекару псыхіятрычнага шпіталя Алене Мартынавай: яны публікуюць яе кантактныя тэлефоны і зьбіраюцца тэлефанаваць ёй, каб выказаць пратэсты супраць дзеяньняў у дачыненьні да Ігара Паснова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG