Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Пасноў не галадуе


Belarus - Ihar Pasnou doctor from Vitsebsk, 21Dec2012
Belarus - Ihar Pasnou doctor from Vitsebsk, 21Dec2012

Інфармацыя пра галадоўку віцебскага лекара ў псыхіятрычным шпіталі не пацьвердзілася.

Спадар Пасноў пратэстуе супраць прымусовага псыхіятрычнага лекаваньня іншым чынам — выказвае недавер мэдпэрсаналу: не размаўляе зь ім і выконвае толькі самыя неабходныя фізычныя дзеяньні.

Паводле праваабаронцы Пятра Іванова, які наведаў віцебскі абласны псыхіятрычны шпіталь, лекар Ігар Пасноў дэманструе свой пратэст такім чынам:

«Ён не ўстае з ложка, ляжыць павярнуўшыся да сьцяны. Адыходзіцца на некалькі мэтраў толькі па патрэбе — у прыбіральню. Што да галадоўкі, то яе няма. Ён кажа пра гэта: „Яны не дачакаюцца“. Каля дзьвюх гадзін з Пасновым сёньня размаўляў адвакат, зь якім заключана дамова на наведваньне. Найверагодней, будзе заключана дамова і на напісаньне касацыйнай скаргі».

Пра тое, што Ігар Пасноў распачаў бестэрміновую галадоўку, раней «Свабодзе» паведамляў віцебскі актывіст Сяргей Рыжоў. Ён апавядаў таксама, што Паснову адмовілі, калі ён папрасіў асадку і паперу. Зь якіх крыніц спадар Рыжоў атрымаў такія зьвесткі і наколькі ягоным інфарматарам можна давяраць, ён ня кажа.

16 жніўня Ігара Паснова зьмясьцілі ў 2-е закрытае аддзяленьне псыхіятрычнага шпіталя, дзе ён сам працаваў лекарам-псыхіятрам. Здарылася гэта праз колькі дзён пасьля зьяўленьня на інтэрнэт-сэрвісе youtube ягонага чарговага відэавыступу з крытыкай абласной сыстэмы аховы здароўя. Апавядаў Ігар Пасноў і пра тое, што яму пагражаюць прымусовым псыхіятрычным лекаваньнем.

21 жніўня судзьдзя Віцебскага райсуду Тацяна Дзегцярова пастанавіла прызначыць прымусовае лекаваньне «паводле рашэньня мэдыкаў». Суд быў закрыты. Ігара Паснова на ім не было, а віцебскі абласны псыхіятрычны шпіталь прадстаўляў адзін з намесьнікаў галоўнага лекара. Адваката, які б мог бараніць інтарэсы Паснова, на працэсе не было таксама.

Паводле праваабаронцаў, застаецца невядомым, ці была ў Паснова магчымасьць рэалізаваць сваё права на абарону ў судзе і на юрыдычную дапамогу. Згодна з законам аб аказаньні псыхіятрычнай дапамогі ўмовы для рэалізацыі ўсіх працэсуальных правоў асобы павінны забясьпечыць работнікі мэдычнай установы, дзе знаходзіцца пацыент. Паснову мусілі патлумачыць ягоныя правы, і пра гэта павінен быць складзены дакумэнт, засьведчаны ягоным подпісам. Ці было гэтак зроблена, застаецца невядомым.

Паснову забаронена карыстацца мабільным тэлефонам, весьці перапіску, атрымліваць пасылкі, прымаць наведнікаў. Наколькі стан ягонага здароўя вымагае такіх строгіх захадаў, таксама невядома. Падрабязнасьці мэдыкі абяцаюць распавесьці толькі найбліжэйшым сваякам, а такіх у Ігара Паснова ў Віцебску няма — ён ня мае ўласнай сям’і, а маці памерла паўгода таму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG