У Камітэце дзяржбясьпекі паведамілі, што начальніцу ўпраўленьня адвакатуры і ліцэнзаваньня юрыдычнай дзейнасьці Галіну Грышкавец і яе намесьніцу Натальлю Беразоўскую затрымалі ў момант, калі заснавальнік адной з будаўнічых фірмаў перадаваў ім 1000 даляраў. Бізнэсоўца таксама ўзялі пад варту. Паводле папярэдніх дадзеных, чыноўніцы ня раз атрымлівалі незаконныя «ганарары» за спрыяньне ў вырашэньні пытаньняў, якія ўваходзяць у іх кампэтэнцыю. Усе цяпер у сьледчым ізалятары КДБ.
Як кажа праваабаронца Павал Сапелка, пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі пасьля судоў над фігурантамі «справы 19 сьнежня», на сумленьні гэтых чыноўніц ня толькі вымаганьне хабару: шмат каго яны пазбавілі права на прафэсію.
«Асабіста мяне пазбавілі працы мае ж калегі. Але мадам Грышкавец і ўпраўленьне, якое яна ўзначальвала, з задавальненьнем арганізавалі і ажыцьцяўлялі цкаваньне мяне як адваката і астатніх адвакатаў у пэрыяд разгляду тых спраў. Якраз гэтае ўпраўленьне выносіла рознага кшталту прадпісаньні, накіроўвала прадстаўленьні ў калегію адвакатаў. Ролю дзьвюх гэтых дам цяжка пераацаніць. А ў далейшым гэтае ўпраўленьне ў працэсе атэстацыі яшчэ раз нагадала адвакатам, хто можа займацца адвакацкай дзейнасьцю ў Беларусі. Я не хацеў бы камэнтаваць канкрэтна тое злачынства, якое ім ставяць у віну, але проста хачу адзначыць: зараз спадарыням Грышкавец і Беразоўскай, відавочна, запатрабуюцца адвакаты, якія ўмеюць працаваць, а не запаўняць рознага кшталту формы справаздачнасьці, якія рэальна незалежныя і не дазволяць націснуць на сябе Камітэту дзяржбясьпекі, не дазволяць у будучым суду быць перадузятым пры разглядзе іхніх крымінальных спраў».
Першай ахвярай выбарковага нагляду за дзейнасьцю адвакатаў стала юрыстка з Горадні Валянціна Бусько. Яе затрымалі 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці ў Менску, пасьля чаго яе лёс быў прадвызначаны.
Іншыя ж пацярпелі толькі за тое, што ўзяліся абараняць фігурантаў справы аб нібыта «масавых беспарадках» падчас акцыі супраць фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня. Некаторыя страцілі працу цэлымі сем’ямі: напрыклад, за ажыцьцяўленьне сваіх абавязкаў страцілі ліцэнзіі Тацяна і Алег Агеевы (маці і сын), а таксама Зарына Залеўская — жонка Алега Агеева.
Гэтаксама за прафэсійную дзейнасьць пацярпелі Тамара Сідарэнка, Ганна Бацхіна, Ірына Бурак, Уладзімер Тоўсьцік, на паўгода была прыпыненая ліцэнзія Тамары Гараевай. Маральны і псыхалягічны прэсінг зазналі Мар’яна Сямешка і Дар’я Ліпкіна, якія зь першага разу не прайшлі атэстацыю — Міністэрства юстыцыі наладзіла пазачарговы іспыт для тых, хто ўдзельнічаў у палітычных працэсах. Аднавіцца на працы пасьля сканчэньня тэрміну пакараньня змагла толькі Тамара Гараева. Астатнія мусілі ці перакваліфікавацца, ці зьехаць за мяжу.
Як удакладняе Тамара Сідарэнка, кваліфікаванае Мін’юстам правапарушэньне ў дачыненьні да яе ды шэрагу іншых калегаў забараняе займацца адвакацкай дзейнасьцю тэрмінам на 3 гады. Іншымі словамі, паспрабаваць вярнуць усё на свае месцы можна будзе не раней за 2014 год — бяз працы «палітычныя абаронцы» засталіся ў 2011-м:
«Вядома, патапталіся па людзях вельмі моцна. Каб яшчэ, разумееце, ведаў, за што, дык вольна ці нявольна можна было пагадзіцца. Але калі абсалютна ні за што, то гэта зусім незразумела… Час, натуральна, мінае, нейкія адчуваньні прытупляюцца. Шчыра кажучы, ёсьць думкі паспрабаваць праз год нешта зрабіць — прынамсі, паспрабую зьвярнуцца ў калегію адвакатаў, каб паводле закону пачаць там праходзіць стажыроўку і ўрэшце атрымаць ліцэнзію. Збольшага, напэўна, для ачысткі сумленьня — паглядзець, што з гэтага ўсяго атрымаецца. Магчыма, так будзе. Але, як кажуць, наперад вельмі цяжка будаваць пляны: жыцьцё — рэч непрадказальная. А калі вярнуцца да нашых фігурантак, то што можна сказаць? Шкада, вядома. Бо калі гэта насамрэч праўда і ўсё пацьвердзіцца (а падставы так думаць ёсьць), то гэта ўдвая непрыемна. То бок калі чыноўнікі ўказваюць, што ты такі вялікі парушальнік, а самі дазваляюць сабе нашмат больш, то гэта дрэнна».
Як заўважае Павал Сапелка, чыноўніцы Міністэрства юстыцыі ў пэўнай ступені сталі ахвярамі тых жа мэтадаў, якія некалі актыўна выкарыстоўвалі самі. Паводле суразмоўцы, разьвязаная афіцыйнай прапагандай кампанія дыскрэдытацыі хабарніц фармуе грамадзкую думку і загадзя арыентуе суд на максымальнае пакараньне:
«Насамрэч шкада, што гэтым дзьвюм дамам давялося паглядзець СІЗА КДБ знутры, бо жанчынам увогуле ня месца ў турме. Гэта па-першае. Па-другое, яны сталі ахвярамі той жа самай палітыкі прэвэнтыўнага цкаваньня, калі яшчэ няма судовага выраку, калі яшчэ не завяршылася папярэдняе расьсьледаваньне, а грамадзкая думка і, як непазьбежнае наступства, меркаваньне суду ўжо напампоўваюцца перакананьнем у вінаватасьці гэтых асобаў. На мой погляд, гэта проста непрыгожа — людзі яшчэ не прызнаныя вінаватымі, і зусім не абавязкова загадзя фармаваць пазыцыю грамадзтва і суду ў адносінах да іх. Іх, вядома, нельга хваліць, але ўвогуле гэта бяда дзяржавы, што чыноўніцы дастаткова высокага рангу дзеля таго, каб задаволіць свае матэрыяльныя патрэбы, мусяць яшчэ падпрацоўваць такім вось незаконным чынам».
Незадоўга да затрыманьня Галіна Грышкавец пасьпела публічна прайсьціся па адвакатах, да нэўтралізацыі якіх яна прыклала руку. Пры канцы чэрвеня на прэсавай канфэрэнцыі чыноўніца выказала абазнанасьць, што ўсім апальным юрыстам «падшукалі высокааплатную працу і адвакацкая ліцэнзія ім папросту нецікавая»: «Мяркуючы па ўсім, іх дзейнасьць добра аплачваецца», — падсумавала яна. Але, палічыўшы грошы іншых, была злоўленая за руку ў момант атрыманьня хабару.

Зараз спадарыням Грышкавец і Беразоўскай, відавочна, запатрабуюцца адвакаты, якія ўмеюць працаваць, а не запаўняць рознага кшталту формы справаздачнасьці

Яны сталі ахвярамі той жа самай палітыкі прэвэнтыўнага цкаваньня