Цяпер ён здымае новы відэаролік пра мясцовае камунальнае прадпрыемства «Сьветач», якое адказвае за добраўпарадкаваньне гораду.
Разьмяшчэньне ў сацыяльных сетках відэароліка пра катэдж старшыні райвыканкаму абярнулася для блогера візытам міліцыянтаў. Жонка раённага кіраўніка Вольга Максіменка падала ў райаддзел міліцыі заяву, у якой патрабуе прыцягнуць Генадзя Жулегу да прадугледжанай законам адказнасьці. Як яна піша, за відэаінфармацыю «непрыстойнага зьместу» і «абразьлівага характару» ў дачыненьні да яе самой і ейнай сям’і.
Удакладніць журналістам, што маецца на ўвазе пад «непрыстойным зьместам» і «абразьлівым характарам», жонка раённага начальніка адмаўляецца:
«Я камэнтароў ніякіх не даю. Наагул, пакуль усё гэта ня скончыцца, камэнтароў ніякіх пакуль не даю».
На заяву спадарыні Максіменкі міліцыянты забралі ў Генадзя Жулегі кампутар і мадэм. Дзеяньні міліцыі, праведзеныя з санкцыі раённага пракурора, блогер аспрэчвае цяпер у абласной пракуратуры:
«Я накіраваў скаргу гомельскаму абласному пракурору, у якой папрасіў разгледзець дзеяньні супрацоўнікаў: ці былі яны правільнымі? І патрабую вярнуць мне кампутар. Лічу, што забралі яго неабгрунтавана — не было такой неабходнасьці. Я прызнаўся, што здымаў гэты ролік і камэнтаваў яго. Я выклаў яго ў інтэрнэт — у сацыяльную сетку „Вконтакте“. Што вам яшчэ трэба ад мяне?! Вось маё прызнаньне — царыца доказаў».
Выманьне тэхнікі абцяжарыла Генадзю працу, бо ён прадпрымальнік:
«Бессэнсоўна было забіраць кампутар, бо я прызнаўся. Мне кампутар вельмі патрэбны. Сёньня я прыйшоў на працу і ня змог даць людзям блянк дамовы — няма як раздрукаваць: прынтар ёсьць, а кампутара няма. Малалетняя дачка хоча паглядзець мульцікі — кампутара няма. Тэлевізара дома няма і, хутчэй за ўсё, ня будзе — мы карыстаемся кампутарам. Трэцяе. У мяне хатні тэлефон падключаны ад мадэма, а яны забралі й мадэм. Я індывідуальны прадпрымальнік, усюды ў аб’явах пазначаны мой хатні нумар тэлефона. Зноў-такі людзі ня могуць да мяне датэлефанавацца па працы».
Па словах блогера, пасьля зьмяшчэньня відэароліка ў сацыяльнай сетцы яго пачалі перапублікоўваць на сваіх старонках шмат якія інфармацыйныя інтэрнэт-рэсурсы. Зьявілася багата станоўчых водгукаў, але былі й пагрозы. Генадзь лічыць, што ішлі яны ад чыноўнікаў і падкантрольных ім ідэолягаў.
Сваім ролікам Жулега меў на мэце прыцягнуць увагу людзей да праблемы расходаваньня бюджэтных грошай. Бо калі гараджане выступаюць з ініцыятывай давесьці да ладу гарадзкі парк, двары ці дарогі, адказ у чыноўнікаў стандартны: у бюджэце няма грошай.
Жулега: «Я паспрабаваў крыху запоўніць гэты інфармацыйны вакуўм. І зьбіраюся надалей працягваць гэта рабіць, а не абмяжоўвацца толькі згаданым ролікам. Я здымаю яшчэ адзін — наконт камунальнага прадпрыемства „Сьветач“. Там я хачу зьвярнуць увагу на адзін з мэтадаў „расьпілоўкі“ бюджэтных грошай — гэта калі грошы выдзеленыя, фактычна не скарыстаныя, а ў паперах — усё прыгожа».
Для разьмяшчэньня відэаматэрыялаў Генадзь стварыў у «Аднаклясьніках» групу «СП — сьветлагорскі пратэст». У ёй ужо звыш 900 чалавек. Людзі аб’ядналіся дзеля парадкаваньня свайго гораду. Раней многія зь іх зьбіралі подпісы супраць будоўлі ў Сьветлагорску чарговага хімічнага прадпрыемства — заводу беленай сульфатнай цэлюлёзы. І хоць супраць выказалася больш як 10 тысяч гараджанаў, да іхняй думкі ўлады не прыслухаліся.
Некаторыя інтэрнэт-рэсурсы прапанавалі Генадзю паўдзельнічаць у адмысловым конкурсе: «Дом мэра». Зразумела, калі ініцыятыву падтрымаюць у іншых гарадах:
«Мне нават прапанавалі ўчора актывісты адной грамадзянскай кампаніі правесьці конкурс „Лепшы дом мэра“. Гэта калі ва ўсіх гарадах, такіх, як Сьветлагорск, людзі сфатаграфуюць альбо здымуць на відэа дом мэра, выкладуць на які-кольвечы сайт, то можна будзе зладзіць і конкурс — у каго дом лепшы? Людзі ўжо хочуць нешта рабіць. Магчыма, гэта будзе забава, але ў любым выпадку людзі будуць больш інфармаваныя».
Самі сьветлагорцы, зь якімі ўдалося пагутарыць, прыязна ставяцца да публічнага абмеркаваньня ўмоваў жыцьця чыноўнікаў. Бацька шматадзетнай сям’і, у прыватнасьці, кажа:
«Правільна, што паказалі. І большасьць так лічыць. Апрача інтэрнэту, мы нідзе такога ня ўбачым — такіх ролікаў, дамоў і ўсяго такога, бо туды ж нікога не падпускаюць».
Жонка суразмоўцы, спадарыня Марына, кажа, што іхняя сям’я зь пяці чалавек туліцца ў аднапакаёўцы. Абяцаны ільготны крэдыт на будоўлю свайго дома шматдзетнай сям’і ніяк ня могуць выдаць:
«Ільготны крэдыт на будоўлю жытла ня можам атрымаць ужо больш як год. Лукашэнка цьвердзіць: будуйце дамы — вам ільготы, дапамога. А тут ніякай ні дапамогі, ні справядлівасьці. Анічога! Выканкам у „Беларусбанку“ забраў усе дакумэнты на перагляд. На які перагляд — не патлумачылі. Мы цягам трох месяцаў тэлефануем у банк, а яны адказваюць: выканкам вашы дакумэнты яшчэ не вярнуў».