Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самі і іхныя сані


«Скажыце, калі ласка, ці зразумела вам, што сёньня ўначы вы зьдзейсьнілі дзяржаўны пераварот?» – запыталася журналістка ў бела-зялёнай летняй сукенцы.

Нявінна так запыталася. Спакойна. Стрымліваючы сьмех і ніяк не выказваючы страху. А баяцца было чаго — і з чаго пасьмяяцца было таксама.

Перад ёй сядзелі Самі — рукавадзіцелі, гаспада начальнікі: шасьцёра шэрых, немаладых, хваравітых, змораных жыцьцём, як пальцам з каўбасы выпханых мужчын такога ўбогага выгляду, што іх хацелася накарміць, напаіць, засунуць у лазьню і зачыніць яе навечна на вялікі амбарны замок. Дзядзькі гэтыя ўсю ноч і ўвесь дзень займаліся тым, што не здымаючы сваіх парткамаўскіх портак і пакамечаных пінжакоў спрабавалі спыніць гадзіньнік гісторыі. Спыніць і прымусіць яго стрэлкі круціцца назад. Пацелі патыліцы, трэнькалі тэлефоны, выдаваліся пастановы — але, здаецца, ім і самім было ўжо ясна, што нічога з гэтага ня выйдзе. Нават калі паклікаць на дапамогу дзедку, бабку, унучку і сабаку Паўлава, які на прэс-канфэрэнцыю не прыйшоў, бо надарваўся надоечы — за тым самым пачэсным заняткам.

Быў вечар 19 жніўня 1991 году, і на патугі мужчын глядзела ўся імпэрыя. І ўся імпэрыя бачыла гэты кантраст: жывыя, вясёлыя, сучасныя журналісты, якія сядзелі ў залі і ўсім сваім выглядам дэманстравалі, што но пасаран і мінулага не вярнуць — а перад імі, як на судзе або ў цырку, яны, старыя нясьмешныя клоўны... Якія, між іншым, пасьпелі надоечы замовіць на Тульскім заводзе 250 тысяч пар кайданкоў. Каб ніхто не замінаў змагацца зь непакорнымі стрэлкамі.

...У той самы дзень у іншым горадзе іншыя шасьцёра мужчын, кожны зь якіх выглядаў поўнай супрацьлегласьцю апісаным вышэй спадарам, прыйшлі ў кабінэт да кіраўніка БССР з патрабаваньнем адпаведна адрэагаваць на гэткія гульні з часам і гісторыяй. Для гэтых людзей і іх паплечнікаў у Менск ужо былі прыгнаныя закратаваныя вагоны — а яны стаялі тут і заміналі лавіць сыгналы з Масквы і шукаць адказ на адвечнае беларускае пытаньне: «каго і куды лізаць». Таму гаспадара кабінэта візытанты вельмі злавалі. Тую размову — ня менш, а для Беларусі, можа, і больш вызначальную за сухую гэкачэпісцкую прэсуху ў МЗС СССР — рэканструяваў Сяргей Навумчык:

Дземянцей: Усё робіцца па Канстытуцыі. У нашыя рэспубліканскія справы ніхто ня ўмешваецца. Нам няма патрэбы зьбіраць сэсію. Гарбачоў сам за сябе вырашыў. Ён сышоў, а жыцьцё будзе працягвацца. Нам, беларусам, нішто не пагражае. І ня трэба падбухторваць людзей.

Гермянчук: Выходзіць, што Вы прызнаяце законнасьць камітэту на чале зь Янаевым і будзеце выконваць яго распараджэньні?

Дземянцей: А што Вы хочаце, каб я выконваў?

Гермянчук: Канстытуцыю і законы, а ня ўказы незаконнага камітэту. У Маскве на вуліцах ужо бронетэхніка. Вашае бязьдзеяньне можа прывесьці да таго, што танкі зьявяцца на вуліцах Беларусі.

Дземянцей: Усё, я далей ня буду працягваць размову. Паўтараю: Гарбачоў падаў у адстаўку. Абавязкі прэзыдэнта выконвае віцэ-прэзыдэнт Янаеў.


Ну, да гэтага мы звыкліся: ісьці насуперак гісторыі, хапацца за стрэлкі, азірацца на Расею і сьмяшыць сьвет. Але тады перамога была за часам — стрэлкі гісторыі вырваліся з кволых рук і адкінулі змораных людзей-пінжакоў туды, дзе ім было самае месца — адных — да праайцоў, іншых — у турмы, потым — у шпіталі, яшчэ пазьней — у клюбы настальгуючых маразматыкаў: наракаць на сіянісцкую змову і паўтараць, як заклён: мы ўсё рабілі правільна, «яшчэ б нямножка, яшчэ б чуць-чуць..», ды лаяць капіталізм, ды хваліць пуцінаў: правільнай дарогай ідзяце. Глядзіш на іх сёньня: ні нянавісьці, ні шкадаваньня, хіба што пазяхнуць хочацца. А каго сапраўды шкада, дык гэта Чайкоўскага і лебедзяў. Такі балет спаганілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG