Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскі мэдунівэрсытэт: па-расейску і па-ангельску вучымся, па-беларуску — няма ахвотных


Гарадзенскі мэдунівэрсытэт прапанаваў сёлета першакурсьнікам навучаньне на беларускай мове, але толькі 6 студэнтаў з 440 выказалі такое жаданьне.

Паводле першага прарэктара Гарадзенскага мэдунівэрсытэту Віталя Вараб’ёва, ініцыятыва наконт беларускамоўнага навучаньня паходзіла зь Міністэрства адукацыі: ва ўсе навучальныя ўстановы краіны дасылаліся лісты з запытам — ці ёсьць магчымасьць увесьці навучальны працэс на беларускай мове.

У Гарадзенскім мэдунівэрсытэце ўжо цяпер навучаньне праводзіцца, акрамя расейскай, яшчэ і на ангельскай мове — для замежных студэнтаў. Паводле прарэктара, рынкавыя ўмовы прымушаюць дзейнічаць, каб прыцягнуць студэнта ў сваю ВНУ.

Вараб’ёў: «Мы ўступілі ў такую паласу канкурэнцыі паміж унівэрсытэтамі Беларусі за абітурыентаў, за адукацыйныя паслугі — гэта ўжо рэальнасьць. Таму любыя новыя магчымасьці — прапанаваць нашым спажыўцам- студэнтам нешта новае, дадатковае — гэта ў любым выпадку плюс. Прычым важна якасны прадукт прапанаваць. І мы б хацелі быць у нечым першымі, прасунутымі».

Паводле прарэктара Вараб’ёва, напачатку маглі б быць цяжкасьці, але ў працэсе навучаньня іх рэальна пераадолець. Праўда, Вараб’ёў канстатуе, што калі студэнты ня хочуць вучыцца па-беларуску, то прымушаць іх таксама ніхто ня будзе. Сам прарэктар думае, што студэнты абіраюць расейскамоўнае навучаньне, бо гэта для іх прасьцей, і ніякай палітыкі тут, паводле яго, няма.

Алесь Астроўскі, выкладчык мэдунівэрсытэту, які свае лекцыі чытае выключна на беларускай мове, перакананы, што з такім «рынкавым» падыходам да вяртаньня беларускай мовы ў ВНУ нічога ня выйдзе, бо палітыка дзяржавы не спрыяе наагул адраджэньню беларускае мовы.

Астроўскі кажа, што студэнты нармальна ставяцца да беларускага навучаньня, у яго не ўзьнікае ніякіх праблемаў. Дый усе рэальныя магчымасьці для таго, каб адукацыя па-беларуску існавала, у іхнім унівэрсытэце ёсьць.

Астроўскі: «У нас на ангельскую мову навучаньне перавялі за адзін год. За год
У нас на ангельскую мову навучаньне перавялі за адзін год
да набору студэнтаў былі паінфармаваныя і вызначаныя выкладчыкі, пераклалі падручнікі і пачаўся працэс. Так, напачатку трохі нягегла атрымлівалася, але з кожным годам усё лепш і лепш, і цяпер у нашым унівэрсытэце навучаецца шмат замежных студэнтаў».

Былы выкладчык мэдунівэрсытэту Сяргей Мальчык таксама перакананы, што навучаньне па-беларуску ў ВНУ Беларусі залежыць не ад рынкавага аспэкту, а ад палітычнага. Ён упэўнены, што гэта добра разумеюць і выкладчыкі, і студэнты.

Мальчык узгадвае, як у 90-я гады многія іхнія катэдры пераходзілі на беларускую мову, выдаваліся падручнікі і дапаможнікі, бо дзеля гэтага былі створаныя ўмовы. І ні выкладчыкаў, ні студэнтаў гэта не палохала. А цяпер, паводле Мальчыка, натуральна, што і студэнты, і іхнія бацькі выбіраюць расейскамоўнае навучаньне.

Мальчык: «Студэнты таксама прагматычныя людзі, і іх бацькі тым больш. Яны цудоўна ведаюць, што сёньня так, а заўтра можа быць па-іншаму. І раптам ты апынесься ў сытуацыі, калі не адпавядаеш лініі партыі...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG