Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менская Камароўка: пакупнікоў сьвініны паменела


Сьвіное мяса на Камароўцы пераважна з прыватных падворкаў
Сьвіное мяса на Камароўцы пераважна з прыватных падворкаў

На менскім Камароўскім рынку зьмяншаецца колькасьць пакупнікоў сьвінога мяса і вырабаў зь яго. Некаторыя наведнікі рынку асьцерагаюцца набываць сьвіное мяса, асьцерагаючыся сьвіной чумы, і часьцей набываюць ялавічыну і мяса птушкі.

На менскім Камароўскім рынку па-ранейшаму вялікі выбар мяса і вырабаў зь яго. Аднак найчасьцей сустракаюцца цэтлікі з пазнакамі — ялавічына, бараніна, мяса індыкоў, курэй і трусоў. Досыць шырокі выбар і сьвініны, аднак у зьвязку з эпідэміяй сьвіной чумы цяпер яе набываюць менш, кажуць гандляры мяснога аддзелу.

— Ці не паменела сьвініны? Ці ёсьць праблемы з пастаўкамі?

— У нас праблемы пакуль не было. Можа, у кагосьці і ёсьць, хто мае розныя пастаўкі, але ў нас — не. Нас Менская вобласьць забясьпечвае.

— А ці зьмяняюцца кошты ў гэтай сувязі?

— Закупныя цэны крыху вырасьлі, але для продажу, у прынцыпе, засталіся тыя ж. Пакупнікоў стала менш.

— Чаму? Баяцца набываць?

— Так. Ялавічыну сталі больш набываць.

Іншая прадавачка: «Паглядзіце на прылаўкі: вельмі шмат мяса, скварак хапае. У каго ёсьць грошы — усё купяць. Усё тут правяраецца, усё прыгожае, чыстае. Увогуле, на Камароўцы мяса самае лепшае. Лепшае, чым на якім яшчэ рынку».
На Камароўцы стала болей мяса ялавічыны, птушкі й іншых жывёлаў
На Камароўцы стала болей мяса ялавічыны, птушкі й іншых жывёлаў

Некаторыя гандляры Камароўскага рынку адмаўляліся нешта казаць пад запіс. Але пры выключаным мікрафоне выказвалі думку, што зьмяншэньне попыту пры канцы лета бывае штогод — бо людзі зьбіраюць дзяцей у школу і ня маюць дастаткова грошай набываць мясныя прадукты. Якое мяса ўсё ж набываюць і чаму, цікаўлюся ў саміх пакупнікоў:

— Зараз вы набывалі нешта мясное, так?

— Ялавічыну. Я сьвініну прынцыпова ня ем. І не таму, што баюся гэтай сьвіной чумы, а таму, што яна тлустая і не карысная. А што да сьвіной чумы, то спадзяюся, што вырашыцца гэтая праблема.

— Зараз шмат кажуць пра сьвіную чуму. Вы што пра гэта думаеце?

— Так, ведаю, і гэта вельмі страшна. Але і смачна. Што рабіць? Смажу і ем. Я разумею, што гэта вельмі шкодна, але, ведаеце, японцы ж таксама ядуць цуд-рыбу фугу, якую калі зьесьці кавалак, то ўсё добра. А калі зьесьці крыху больш, то ўжо вельмі дрэнна — памрэш, адным словам. Ну што зробіш? Усе памром, а мяса я вельмі люблю.

— Набыла кавалачак паджаркі, сьвініны.

— Ці не баіцеся сьвіной чумы?

— Ведаеце, нехта кажа, што так, сапраўды ёсьць такая праблема, а нехта кажа, што гэта чуткі ўсё, нейкі перадзел ідзе рынку.

— Ці вы набывалі нейкае мяса тут на рынку?

— Так, індычку. Сьвіное мяса баімся. Даўно ўжо не набываем.

— Як доўга будзеце трымаць «сьвіны пост»?

— Да поўнай нармалізацыі абстаноўкі. А мяса індычкі — карыснае і смачнае, раім пераходзіць.

— А як з коштамі?

— Індычка даражэйшая, гэта ж больш далікатнае мяса..

Тым часам камароўскія гандляры спадзяюцца, што неўзабаве праблема сьвіной чумы вырашыцца і становішча з продажам мяса нармалізуецца. Адна з прадавачак, спадарыня Рыта, гандлюе на рынку мясам сьвініны з прыватных падворкаў. Яна спадзяецца на лепшую будучыню і вось як гэта тлумачыць:

«Я думаю, што ўсё будзе добра, бо ня ўсе ж гаспадаркі панесьлі страты. Пройдзе гэты карантын — і ўсё будзе па-ранейшаму. Селянін, які ня піў, не гуляў, які дзяцей гадаваў і хаты будаваў — ён усё роўна будзе працаваць і надалей. У мяне пастаўшчыкі з Гарадзеншчыны, а там сем’ямі працуюць — яны ня змогуць інакш. А бяда ўсялякая бывае — яе трэба перажыць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG