Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча хоча адгарадзіцца ад Беларусі


Польшча прапанавала Эўразьвязу паставіць агароджу зь сеткі на ўсёй мяжы зь Беларусьсю, каб абараніцца ад афрыканскай чумы сьвіней.

Як піша польскае інтэрнэт-выданне rmf24.pl, сетка даўжынёй 420 кілямэтраў абараніла б не толькі тэрыторыю Польшчы, але і ўвесь Эўразьвяз ад перамяшчэньня дзікоў, якія могуць быць пераносчыкамі афрыканскай чумы сьвіней.

Акрамя плота, Польшча хоча ўсталяваць спэцыяльныя сыстэмы дэзінфэкцыі (аўтамыйкі), а таксама праводзіць сталы маніторынг польскіх сьвінафэрмаў.

У Брусэлі пакуль да ідэі ўстаноўкі загароды на беларуска-польскай мяжы паставіліся скептычна:

«Для пачатку трэба праверыць, наколькі гэта рэальна, таму што трэба пабудаваць сотні кілямэтраў агароджы», — цытуе выданьне прадстаўніка Эўракамісіі Фрэдэрыка Вінцэнта.

Пры гэтым Эўразьвяз гатовы аплаціць ад 50 да 75% выдаткаў на ўстаноўку аўтамыек і маніторынг польскіх сьвінафэрмаў.

У пачатку ліпеня дзяржаўная вэтэрынарна-харчовая служба Літвы афіцыйна зьвярнулася ў Эўрапейскую камісію з просьбай выдзеліць 3,5 мільёна эўра на абарону ад афрыканскай чумы сьвіней. Пазьней запытаная сума павялічылася да 13,5 мільёна эўра. Літва хоча стварыць на мяжы зь Беларусьсю санітарную зону і зьнішчыць усё пагалоўе сьвіней у памежнай тэрыторыі. Аднак гэтую прапанову ў Брусэлі ацанілі як непрапарцыйную пагрозе.

Афіцыйна ў Беларусі пацьверджаныя два факты афрыканскай чумы сьвіней: у Івейскім і Віцебскім раёнах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG