Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве — хросны ход у гонар Мікалая ІІ


17 ліпеня ў Магілёве праваслаўныя вернікі адзначылі гадавіну расстрэлу бальшавікамі апошняга расейскага імпэратара Мікалая ІІ і ягонай сям’і.

Адбыўся хросны ход у памяць аб «Сьвятых царственных пакутніках». Памінальную літургію адслужылі ў аднайменным храме, узьведзеным на магілёўскім замчышчы. У Магілёве тэма ўшанаваньня памяці расейскага самадзержца — дыскусійная. Стаўленьне магілёўцаў да Мікалая ІІ як да гістарычнай асобы таксама неадназначнае.

У хросным ходзе ўдзельнічалі пераважна людзі сталага веку. Былі і маладзейшыя. Некаторыя прыйшлі зь дзецьмі. Пра расстралянага расейскага імпэратара і ягоную сям’ю ўдзельнікі хроснага ходу кажуць з пашанай. Чаму самадзержца і ягоную сям’ю ўшаноўваюць у Магілёве?

«Адсюль іх шлях пачаўся на Галгофу. Тут была стаўка. Цар часта бываў у Магілёве. Яго кананізавалі. Ён адсюль пайшоў на Галгофу, і вось ён прыйшоў у новым абліччы сьвятога. Ён лічыцца беларускім сьвятым, хоць яго кананізавалі для ўсёй Рускай праваслаўнай царквы», — зазначае сьвятар, які ўдзельнічаў у хросным ходзе.

Рэлігійную працэсію не абмінула ўвага мінакоў. Большая частка тых, з кім удалося пагутарыць, прызнаваліся, што ня ведаюць, каму прысьвечаны хросны ход. А ці лічаць магілёўцы Мікалая ІІ беларускім пакутнікам за праваслаўную веру?

Спадар: «Не, я не лічу. Ён з роду Раманавых, а яны спрадвеку расейскія правіцелі. Да Беларусі ён ня мае ніякага дачыненьня. Меў ён толькі тады, калі быў царом і калі Беларусь і Ўкраіна падпарадкоўвалася, так бы мовіць, адной эпархіі».

Спадар: «Цікава тое, што мы маем дачыненьне геаграфічнае да Мікалая ІІ. Стаўка тут была. Падзеі франтавыя. Вось гэта цікава».
Падчас хроснага ходу
Падчас хроснага ходу

Магілёўскі гісторык Ігар Пушкін ставіць пад сумнеў меркаваньне, што Мікалай ІІ — беларускі пакутнік за веру:

«Так, ён пакутнік за веру, але не за веру беларускага народу. У 2000 годзе, калі кананізавалі гэтак званых новапакутнікаў 20 стагодзьдзя, сярод іх быў кананізаваны і магілёўскі праваслаўны архіяпіскап Паўлін, Пётра Крошачкін у міру. Гэты чалавек пацярпеў за веру, быў расстраляны бальшавікамі, але гэтая асоба вельмі часта застаецца па-за ўвагай. Архіепіскап Паўлін — гэта непасрэдна наша магілёўская гісторыя».

А калі адкінуць рэлігійны складнік і паглядзець на Мікалая ІІ як на гістарычную асобу? Ці ён пэрсанаж беларускай гісторыі і наколькі важкі ягоны ўнёсак у гісторыю Беларусі, каб яго ўшаноўваць? Меркаваньні магілёўцаў:

Спадар: «Улічваючы, тое, што тут была стаўка цара, то адносіны да Беларусі ён мае непасрэдныя. Рэвалюцыя, аднак, ёсьць рэвалюцыя. Яна зьмяла ўсё, і яго ў тым ліку. Калі б ён быў валявым правіцелем, то гэтага б не дапусьціў. Высокай пашаны ён не заслужыў».

Малады спадар: «Гэта хутчэй дзеяч расейскай гісторыі. Сэнсу ўсталяваньня помнікаў яму я ня бачу. Празь яго пачалася Першая ўсясьветная вайна. Праваслаўная царква лічыць яго сьвятым, бо яго забілі».

Ігар Пушкін
Ігар Пушкін
Гісторык Ігар Пушкін мяркуе, што знаходжаньне вайсковай стаўкі Мікалая ІІ у Магілёве варта разглядаць у кантэксьце падзеяў, зьвязаных зь Першай усясьветнай вайной. А калі і казаць пра побыт у горадзе расейскага самадзержца, то ў шэрагу іншых каранаваных асобаў:

«Мікалай ІІ стаіць у адным шэрагу з такімі выбітнымі асобамі, як аўстрыйскі імпэратар Ёсіф, швэдзкі імпэратар Карл XII, кароль Аляксандар, Ян Казімір. Усе гэтыя асобы бывалі ў Магілёве. Ня варта нейкім чынам адзначаць асобна Мікалая ІІ. Астатнія каранаваныя асобы пакінулі такі ж адбітак у гісторыі нашага гораду».

Узьвядзеньне храму «Сьвятых царственных пакутнікаў» на магілёўскім замчышчы выклікала абурэньне ў прадстаўнікоў культурнай эліты гораду. Перадусім таму, што ў саміх магілёўцаў улады не запыталі — ці варта будаваць праваслаўную царкву ў месцы, зь якога пачаўся горад. Спроба ўсталяваць бюст Мікалая ІІ выклікала ня меншы пратэст у магілёўцаў. І калі царкву ўсё ж пабудавалі на «магіле льва», то бюст, які падарылі маскоўцы, давялося схаваць у музэі. Як тлумачылі пазьней улады — праз супярэчлівае стаўленьне да асобы Мікалая ІІ.

Сярод тых, хто актыўна бараніў Магілёў ад зьяўленьня ў ім бюста Мікалая ІІ, быў сябра прэзыдыюму Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў. Чым выкліканае ўзвышэньне апошняга расейскага самадзержца над іншымі каранаванымі асобамі, якія бывалі ў Магілёве, пытаюся ў палітыка:

Ігар Барысаў
Ігар Барысаў
«Людзі папросту ня ведаюць той гісторыі, якая была да расейскага панаваньня. І нават праз той бюст прарасейскія манархічныя сілы хочуць паказаць, што Беларусь, Расея, Украіна — гэта сьвятая Русь, і яны павінны быць часткамі вялікай імпэрыі. А чыноўнікі маўчаць, бо разумеюць, што лепей з Расеяй не сварыцца, бо адразу рынкі збыту зачыняць і будуць яшчэ якія праблемы».

Магілёў абралі месцам для стаўкі Мікалая ІІ праз блізкасьць гораду да фронту. Праіснавала стаўка галоўнакамандуючага ад жніўня 1915 году да 8 сакавіка 1917 году. Адна з вуліц у цэнтры гораду носіць імя Мікалая Крыленкі. Ён кіраваў разгромам стаўкі 20 лістапада 1917 году. Імпэратара тут ужо не было. Яго арыштавалі ў Царскім Сяле пад Пецярбургам. Лёс Крыленкі таксама быў трагічны. Яго расстралялі ў 1938 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG