Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадукцыя берасьцейскага флягмана прадаецца зь цяжкасьцю


Belarus - (Not so) merry pictures, for all topics
Belarus - (Not so) merry pictures, for all topics

Адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў Берасьця «Газаапарат» вымушана накіроўваць рабочых у адпачынак. Працаўнік прадпрыемства кажа, што ў Расеі ўпаў попыт на іх прадукцыю.

Рабочых прадпрыемства «Газаапарат» адправілі ў вымушаны адпачынак на некалькі дзён у пачатку траўня. Ня выключана, што цяпер гэтая сытуацыя можа паўтарыцца.

Як кажа «Свабодзе» адзін з працаўнікоў «Газаапарату» спадар Сяргей, на прадпрыемстве існуе праблема збыту прадукцыі:

«Паводле афіцыйнай вэрсіі, Расея стала менш купляць нашых вырабаў, хаця й была дамоўленасьць з тымі ж дылерамі. Гэта зьвязана, відаць, зь нейкім эканамічным крызісам у Расеі. Адпаведна, склады загружаныя, і калі мы будзем працаваць як звычайна, у дзьве зьмены, то склады будуць проста забітыя».

Рабочыя «Газаапарату» не пратэставалі з-за вымушанага адпачынку, ім заплацілі дзьве траціны ад заробку. Яны кажуць, што пратэставаць тут ня варта, бо заробкі на прадпрыемстве адны з найвялікшых у Берасьці:

«Сярэдні заробак складае каля 4-5 мільёнаў. Сярод прамысловых прадпрыемстваў гэта дакладна флягман Берасьця,» — кажа Сяргей.

Леанід Заіка
Леанід Заіка
Эканаміст Леанід Заіка лічыць, што сытуацыя на «Газаапараце» — праява крызісу, і прадпрыемству трэба задумацца над абнаўленьнем сваёй прадукцыі:

«Яны зрабілі правільна. Калі склады перапоўненыя, калі зьменшыўся попыт і прадукцыя не прадаецца, трэба распусьціць рабочых. А інжынэрам, маркетолягам і тэхнікам з ранку і да ночы трэба працаваць над зьменай асартымэнту прадукцыі. Гэта праява крызісу, а ў час крызісу трэба ствараць новыя мадэлі тэхнікі. Калі яны гэта створаць, значыць, нармальна. А калі прагуляюць, то ў такіх дзеяньнях я сэнсу ня бачу».

Леанід Заіка лічыць памылковай пазыцыю — займацца разгрузкай складоў. На думку эканаміста, важней ствараць новую, больш канкурэнтаздольную прадукцыю.

Завод «Брэстгазаапарат» зьяўляецца сумесным беларуска-расейскім прадпрыемствам. Агулам тут працуе каля трох тысяч чалавек, таксама каля паўтары тысячы працуе на дачынным прадпрыемстве «Гефэсттэхніка». Цягам 2012 году прадпрыемства выпусьціла каля 900 тысяч адзінак прадукцыі, якая ў асноўным ішла на расейскі рынак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG