Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталкеры Свабоды

Наста Дашкевіч: Зьмітра з турмы сустрэне гусь зь яблыкамі


Наста Дашкевіч: Зьмітра з турмы сустрэне гусь зь яблыкамі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:49 0:00
Наўпроставы лінк

Наста Дашкевіч: Зьмітра з турмы сустрэне гусь зь яблыкамі

Моладзевая актывістка Наста Дашкевіч (Палажанка) за свае палітычныя перакананьні неаднойчы перасьледавалася ўладамі, а яе муж, лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч цяпер у Гарадзенскай турме. Там летась 26 сьнежня яны пабраліся шлюбам, хоць меліся зрабіць гэта яшчэ ў 2010-м. Наста Дашкевіч у новым выпуску праграмы «Сталкеры Свабоды» распавядае гісторыю свайго каханьня, турэмнага шлюбу і чаканьня мужа зь няволі.

«Былі прэзыдэнцкія выбары, а гэта быў той час, у які Зьміцер ні пра што не хацеў думаць. Ён быў упэўнены, што пасьля выбараў ён будзе ў турме, і для яго, чалавека адказнага, было б пэўнай няшчырасьцю думаць пра сур’ёзныя стасункі ў сытуацыі, калі пагражала зьняволеньне.

Пазьней, праўда, калі ён там ужо апынуўся, калі там апынулася я, і ён, і я трохі пераасэнсавалі ўсё. І, напэўна, магчымасьць страціць адно аднаго, бо ў беларускіх турмах абсалютна невядома, што і чым скончыцца, — яна прывяла да нейкай ня тое што панікі, але імкненьня хутчэй пабачыць адно аднаго. Дзеля чаго трэба было хутчэй пабрацца шлюбам і выправіць тыя часовыя памылкі нашых стасункаў. Паколькі тады арыштавалі мяне і ў мяне быў артыкул, па якім пагражала зьняволеньне ад 5 да 15 гадоў, то я баюся думаць, пра што тады думаў Зьміцер. І калі я прачытала потым ягоныя лісты да майго бацькі, якія ён пісаў, калі я была ў «амэрыканцы», то зразумела, што ён проста быў у шоку ад таго, што адбывалася, і ад той будучыні, якая ад нас аніяк не залежыць. Так, нашы бацькі, дзяды й прадзеды атрымлівалі па 25 гадоў лягераў і неяк там выжывалі і выходзілі. Цяпер рэчаіснасьць, дзякуй Богу, мо і не такая, але хто яго ведае…

Пакуль мы зь ім дацягнулі да Горацкай калёніі, падрыхтавалі ўсе дакумэнты, выявілася, што ў яго няма пашпарту. З гэтага пачалася гісторыя доўгага-доўгага чаканьня, змаганьня за пашпарт дзеля таго, каб усяго дзесяць хвілін яго пабачыць падчас росьпісу.

Сталкеры Свабоды

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»
Я думаю, што зацягваньне з росьпісам было наўмысным з боку ўладаў, з боку гэтых нейкіх вычварэнскіх людзей, якія займаюцца Зьмітром. Яны дацягнулі да таго, што ў Зьмітра фактычна не засталося ніякіх спатканьняў, ніякіх перадачаў. Ён цяпер, напэўна, на самым строгім рэжыме, на самых жорсткіх умовах утрыманьня, і адзінае, што ў яго было, гэта дзьве гадзіны размовы са мной праз шкло. І я ня стала адцягваць гэтую магчымасьць, паколькі баялася, што зноў з-за нейкага там незашпіленага гузіка, да прыкладу, яго пазбавяць той магчымасьці.

У першых чыслах студзеня я прыехала ў Гарадзенскую турму. Ён ня ведаў пра гэта, таму што я не папярэджвала, каб нічога не сарвалася. Яго прывялі з прагулкі ў пакой, дзе ён убачыў мяне. Гэта было адзінае наша спатканьне за больш чым два гады.

Маё рашэньне браць шлюб у турме — гэта пэўны выклік сабе самой, таму што самае галоўнае — памятаць пра тых, каму цяжэй. Я глыбока ўпэўненая, што матулям, чые дзеці ў турмах, — нашмат цяжэй, чым жанчыне, у якой у турме каханы мужчына.

Мне сьніцца толькі ягонае вызваленьне. Я ня памятаю ніякіх іншых сноў, зьвязаных са Зьмітром. Таму момант ягонага вызваленьня сьніцца мне яшчэ з часоў, калі ён быў у «Валадарцы».

А як мы сустрэнемся — я стараюся ня думаць, таму што ведаю, што ўсё будзе ўсё роўна інакш. Мне наагул сьніцца, што я кудысьці зьяжджаю ў гэты час і што ня я яго сустракаю, а ён мяне. Таму калі я зьяжджаю кудысьці па справах ці на сэсію, то я інструктую сваіх сяброў, што рабіць і дзе мяне шукаць, калі Зьміцер выйдзе.

Увогуле я сама па сабе аптымістка, і Зьміцер цудоўна трымаецца. І я нават ня ведаю, хто каго больш падтрымлівае — я Зьмітра ці Зьміцер мяне. І я ведаю, што ў нас усё будзе здорава, а як менавіта — ня важна.

А што згатую на сустрэчу? У кожным лісьце, асабліва калі ён трымае пост, Зьміцер піша пра гусь у яблыках. Таму давядзецца лавіць гусь і зьбіраць яблыкі«.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG