Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскаму актывісту пагражаюць пазбаўленьнем віду на жыхарства


Пётар Іваноў
Пётар Іваноў
Пётар Іваноў — расейскі грамадзянін, але ўжо шмат гадоў жыве ў Віцебску. Яго ня раз вінавацілі ў адміністрацыйных парушэньнях, і амаль усе гэтыя выпадкі адбываліся на палітычнай глебе — яго затрымлівалі за распаўсюд улётак, вінавацілі ў «лаянцы матам»…

Цяпер абласная пракуратура вынесла яму афіцыйнае папярэджаньне. За тое, што на працягу году ён учыніў «неаднаразовыя адміністрацыйныя правапарушэньні», а таксама «за звароты ў пракуратуру, якія ўтрымліваюць абразьлівыя словы і выразы на адрас адказных асобаў дзяржаўных органаў», яго могуць пазбавіць дазволу на сталае пражываньне ў Рэспубліцы Беларусь.

Пазбаўленьне віду на жыхарства — не адзінае, што пагражае віцебскаму актывісту. Пасьля апошняга судовага разбору ў Першамайскім райсудзе, калі Пятра Іванова пакаралі штрафам за нібыта ілжывае сьведчаньне на міліцыянтаў, ён падаў заяву, каб кампэтэнтныя органы распачалі крымінальную справу супраць судзьдзі Валянціны Кісьмярошкінай, якая, на думку Іванова, сьвядома парушыла закон і несправядліва аштрафавала яго на 4 мільёны рублёў.

Аднак да крымінальнай адказнасьці могуць прыцягнуць не судзьдзю, а самога Пятра Іванова: гэтага патрабуе старшыня суду Першамайскага раёну Віцебску Андрэй Андрушэнка, які зьвярнуўся да начальніка ўпраўленьня Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці Ўладзімера Шалухіна, каб правесьці праверку заявы Пятра Іванова. На думку старшыні райсуду, у заяве актывіста ёсьць выразы, за якія яго можна прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці — за зьнявагу судзьдзі (паводле артыкула 391) і за заведама непраўдзівы данос (паводле артыкула 400). Згодна з Крымінальным кодэксам за гэтыя дзеяньні прадугледжана зьняволеньне тэрмінам да трох гадоў.

Падзеі, пасьля якіх у віцебскага актывіста пачаліся праблемы, здарыліся 16 лютага гэтага году. Пётар Іваноў стаў сьведкам затрыманьня актывістаў БХД Аляксея Кішчука і Станіслава Лаўрэнава, якія ладзілі акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі. Іваноў падаў скаргу на дзеяньні міліцыянтаў, якія, на ягоную думку, падчас затрыманьня парушылі правілы дарожнага руху. Паводле гэтай заявы ДАІ правяла праверку, і ўрэшце была распачата адміністрацыйная справа, але ня супраць міліцыянтаў, а супраць Пятра Іванова. 17 красавіка судзьдзя Валянціна Кісьмярошкіна прызнала яго вінаватым у ілжывым сьведчаньні і аштрафавала.

Не пагадзіўшыся з гэтым рашэньнем, у сваёй скарзе Пётар Іваноў назваў судзьдзю Кісьмярошкіну і міліцыянтаў «злачынцамі». Цяпер праверка мае высьветліць, ці абраза гэта. Пётар Іваноў так ня лічыць:

«Я сьвядома ўжыў гэтае слова. Я ведаў, што могуць быць наступствы, і адразу сказаў: крымінальная справа будзе, ці супраць мяне, ці супраць судзьдзі ды міліцыянтаў, якія вырашылі, што я ўзводжу на іх паклёп за парушэньне правілаў дарожнага руху. Але я не шкадую пра свае словы. І нават калі дойдзе да пазбаўленьня дазволу на сталае месца жыхарства ў Беларусі, я не пашкадую. Бо не магу трываць няпраўду».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG