Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страйк футбалістаў «Ведрыча»: няма заробкаў — няма гульні


Гульцы рэчыцкага футбольнага клюбу «Ведрыч» 16 чэрвеня затрымалі пачатак гульні з камандай «Гарадзея» з прычыны фінансавых праблемаў — сёлета ад лютага яны не атрымліваюць заробку.

Капітан каманды «Ведрыч-97» Дзьмітры Макар так патлумачыў сытуацыю з выплатай заробку:

«Футбалісты чатыры месяцы не атрымліваюць заробку — з 20 студзеня мы, па сутнасьці, не атрымліваем грошай. І няма за што ня толькі сям’ю ўтрымліваць — есьці няма за што. Таму мы й затрымалі гульню — гэта рашэньне ўсёй каманды».

24-гадовы паўабаронца «Ведрыча» Іван Сулім кажа, што затрымкай гульні амаль на дзесяць хвілін каманда паказала, што так жыць далей нельга:

«Мы далі зразумець кіраўніцтву, што трэба неяк варушыцца, бо гэта ні ў якія рамкі ня лезе. Нам апошнія паўтара месяца гаварылі: „Вось-вось“. Мы верылі ўвесь час, але ўсё было толькі на словах. А цяпер проста няма ніякага даверу».

Гэта ўжо ня першы інцыдэнт у камандзе. Да гэтага рэчыцкія гульцы адмаўляліся ехаць на матч у Бярозу. Ім прысягалі, што грошы бліжэйшым часам будуць, а калі не, то на матч з «Гарадзеяй» можна будзе й не выходзіць. І яны ня выйшлі — застрайкавалі.

Галоўны трэнэр Леанід Савіцкі мусіў чарговым разам угаворваць гульцоў не прапускаць матч. Настроіць каманду на гульню было досыць няпроста:
Людзі харчуюцца слаба, імі складана кіраваць, бо трэніроўкі пачынаюцца і заканчваюцца адным: «Дзе грошы?»

«Як чалавеку працаваць, які месяцамі ходзіць на працу і нічога не атрымлівае? І ці ёсьць у мяне рычагі ўплыву на гульцоў? І як можна кіраваць падначаленымі, калі яны нічога не атрымліваюць? У нас за чатыры месяцы выдалі агулам недзе па мільёну 200 тысяч. Як можна наагул жыць за гэта чалавеку? Гэта яны яшчэ малайцы, што дзеля гледачоў выходзяць і гуляюць у поўную сілу. Але сілаў гэтых мала. Людзі харчуюцца слаба, імі складана кіраваць, бо трэніроўкі пачынаюцца і заканчваюцца адным: „Дзе грошы? Як можна жыць? У нас сем’і, дзеці. Мы траўмы атрымліваем“. Здаецца, каманда й гуляе, але крыху не дацягвае. А гэтае „крыху“ й адбіваецца. Страшны псыхалягічны дыскамфорт, усе нэрвуюцца. Выдаленьні з-за гэтага. Чалавек узрушаны ўвесь тыдзень. Ён выходзіць на гульню — і таксама на ўзводзе».

У матчы рэчыцкія гульцы саступілі камандзе «Гарадзея» зь лікам 2:1. Зь дзевяці сёлетніх сустрэчаў «Ведрыч» ня выйграла ніводнай. Было толькі 4 нічые, астатнія пяць — пройгрышы.

Галоўны трэнэр Савіцкі апавёў, што й летась на пачатку году каманда зазнавала безграшоўе. Але цягнулася яно ня так доўга. Урэшце фундатар — вытворчае аб’яднаньне «Беларуснафта» — пачаў пералічваць сродкі паводле графіку.

Сёлета клюб ня мае сталага фінансаваньня чатыры месяцы. І калі, на думку трэнэра, сытуацыя зацягнецца, то шмат якія каманды першай лігі, дзе гуляе й «Ведрыч», могуць ператварыцца з прафэсійных у дваровыя аматарскія.

Старшыня футбольнага клюбу «Ведрыч-97» Рашыд Зейналаў так тлумачыць цяперашні ягоны фінансавы стан:
Нафтавікі гатовыя былі нам дапамагчы, але пытаюцца: а паводле якога ўказу?

«Мы сядзелі да красавіка й ня ведалі, як нам жыць — і ці будзем мы жыць наагул. Ранейшы ўказ на падтрымку футболу скончыўся ў мінулым сьнежні. Увесь студзень, люты, сакавік мы сядзелі без указу. Нафтавікі гатовыя былі нам дапамагчы, але пытаюцца: а паводле якога ўказу? Папярэдні ўказ на фундатарскую дапамогу скончыўся 31 сьнежня, а новага прэзыдэнт не падпісаў. Ён падпісаў яго толькі 15 красавіка. 17 траўня мы заключылі дамову зь „Беларуснафтай“ — яна цяпер на ўзгадненьні ў канцэрне „Белнафтахім“. Сума вядомая. І вось літаральна сёньня павінна вярнуцца — і заўтра ці пасьлязаўтра пачнецца фінансаваньне. Там прадугледжана фінансаваньне ўсіх гульнёвых відаў — і хакею, і футболу».

Кіраўнік клюбу сьцьвярджае, што раней яму даводзілася пазычаць грошы ў Рэчыцкага мэтызнага заводу. 100 мільёнаў на падтрымку футбольнай каманды выдзеліла раённая жыльлёва-камунальная гаспадарка. На здабытыя грошы гульцоў кармілі, вазілі на спаборніцтвы й нават выдалі ў траўні па 4 мільёны. Гэта, вядома, не дацягвае нават да аднаго месячнага заробку рэчыцкіх футбалістаў, але хоць якая падтрымка.

Сёньня ў каманды «Ведрыч» — выходны. Заўтра ніхто зь іх на трэніроўку таксама не зьбіраецца. Адзін з гульцоў апавёў, што сабрацца ў Рэчыцы яны мяркуюць толькі ў сераду. І толькі ў тым выпадку, калі клюб цалкам разьлічыцца зь імі за чатыры папярэднія месяцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG