Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм «Даволі! Да Волі...» узнагароджаны ў Славаччыне


Вячаслаў Ракіцкі і Андрэй Куціла
Вячаслаў Ракіцкі і Андрэй Куціла

Дакумэнтальны фільм «Даволі! Да Волі...» беларускіх рэжысэраў Вячаслава Ракіцкага і Андрэя Куцілы атрымаў дыплём на Міжнародным кінафэстывалі ў Кошыцах (Славаччына). Стужка адзначаная за «аповед пра імкненьне грамадзянаў Беларусі да свабоды».

Карціна асэнсоўвае падзеі, якія адбыліся ў Менску 19 сьнежня 2010 году, калі мірную акцыю пратэсту супраць сфальшаваных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў брутальна разагналі, а яе ўдзельнікаў кінулі за краты, пазвальнялі з вучобы і працы. Фільм, зьняты на замову тэлеканалу «Белсат», выйшаў да гадавіны тых падзеяў.

Стужка ўжо брала ўдзел у кінафэстывалях у Італіі, Шатляндыі, Польшчы, Украіне, а на міжнародным кінафэстывалі «OFF» у харвацкім горадзе Опузэне атрымала ўзнагароду публікі як найлепшы дакумэнтальны фільм.

Адзін з аўтараў фільму Вячаслаў Ракіцкі так пракамэнтаваў чарговую ўзнагароду:

«Перадусім гэта сьведчыць пра тое, што ў сьвеце, асабліва ў краінах былога сацыялістычнага лягеру, ёсьць заклапочанасьць сытуацыяй у Беларусі, праблемай датрыманьня правоў чалавека ў нашай краіне. На жаль, і праз два з паловай гады пасьля драматычных падзеяў 19 сьнежня 2010 году, якія адлюстраваныя ў фільме, стужка захоўвае актуальнасьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG