Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вечар Норы, Блюмаў дзень


У сусьветнай літаратуры іншага такога дня няма і, хутчэй за ўсё, ужо ня будзе. Магчыма, ён доўжыцца дагэтуль.

Так кажуць пра сёньняшні дзень — і ўсе астатнія падзеі згасаюць, варта ўспомніць, што 16 чэрвеня ўсё прагрэсіўнае чалавецтва адзначае Bloomsday. Дзень, калі адбываецца дзеяньне найвялікшага ў сьвеце раману «Уліс», дзень, калі Джэймс Джойс пазнаёміўся з сваёй Норай. Будучай жонкай, якая не чытала ягоных кніг і зь якой ён, вечна п’яны, хворы, вясёлы, усё больш сьляпы і нязьменна геніяльны, пражыў усё жыцьцё. Потым яна скажа: «Джэймс зрабіў мне нямала благога — але такога чалавека, як ён, я больш не сустракала і ніколі не сустрэну».

Што і дзе адбываецца ў рамане на працягу аднаго чэрвеньскага дня 1904 году, усе ведаюць. Хто ня ведае — што ж, ім не пашанцавала. А вось што ж адбылося ў гэты дзень у так званай рэальнасьці?

На той час ён ня жыў ні ў якіх вежах і быў закаханы ў дачку аднаго музыкі. Або думаў, што закаханы. Раніцай ён разважаў пра Шэксьпіра: пра тое, што аўтара «Гамлета» варта атаясамліваць не з самім прынцам, а зь ягоным бацькам. І пра тое, што сам Шэксьпір зрабіўся ахвярай здрады: з боку ўласнай жонкі. Такі вось занятак на ўвесь дзень. Пра гэта ён распавядае сваім прыяцелям.

Яны ў курсе, што яшчэ 10 чэрвеня Джойс пабачыў на Насаў-стрыт маладую жанчыну і пазнаёміўся зь ёй. Яна мела каштанавыя валасы, незалежны характар і працавала ў гатэлі «Фін». Імя яму спадабалася — Нора, а вось прозьвішча — не. Бо Барнакл азначае нешта, што лепіцца, чапляецца і не адпускае. Джойсаў бацька, пачуўшы, як завуць новае каханьне сына, прабурчаў: «Вось пабачыце, гэтая ад яго ніколі не адчэпіцца». Як на ваду глядзеў. Джэймс і Нора дамовіліся спаткацца 14 чэрвеня на рагу Мэрыён-сквэр, але ці то яна не прыйшла, ці то ён спазьніўся. 15-га ён даслаў ёй цыдулку.

«Мусіць, я асьлеп. Так доўга глядзеў на рудыя валасы і намагаўся вызначыць, ці Вам яны належаць. Дамоў я вярнуўся маркотны. Я зноў бы прызначыў Вам спатканьне, але, магчыма, Вам будзе нязручна. Спадзяюся, Вы самі прызначыце яго мне — калі яшчэ мяне не забылі.

Джэймс А. Джойс».


16-га ўвечары яны сустрэліся і шпацыравалі па Рынгс-энд. Яна скончыла ўсяго толькі звычайную школу, той літаратурай, якая хвалявала Джойса, не цікавілася, і наогул была праставатая — але Джойс ніколі не пераймаўся адукацыяй і паходжаньнем тых, каго любіў. Чым скончылася тое спатканьне? Адны кажуць, першым пацалункам. Другія прыгадваць гэта, знакамітае, балючае, жарснае, пра што нікому нельга ведаць:

«Ты, бессаромнае, шкоднае дзяўчо, першая пайшла на ўсё, ты прасьлізнула рукой мне ў нагавіцы, ніжэй, ніжэй, потым адвяла кашулю, дакранулася да майго чэлеса казытлівымі, доўгімі пальцамі і паступова ўзяла ва ўсю руку цалкам, ён быў тоўсты, цьвёрды, і ты, не сьпяшаючыся, пачала дзейнічаць...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG