Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прамарудзіў з прыватызацыяй — заплаці 40 тысяч даляраў


Навацыі на рынку нерухомасьці спарадзілі хвалю ахвотных прыватызаваць свае кватэры.

Асабліва прымусіла нэрвавацца навіна пра тое, што непрыватызаванае жыльлё неўзабаве перавядуць у разрад камэрцыйнага — адпаведны ўрадавы дакумэнт цяпер у стадыі дапрацоўкі. Іншымі словамі, тым, хто не пасьпеў з прыватызацыяй, давядзецца плаціць арэнду за дзяржаўную кватэру. Пакуль няма дакладных зьвестак адносна таго, наколькі высокай будзе плата, але пасьля двух месяцаў пратэрміноўкі гаспадар разам зь сямейнікамі апынецца на вуліцы.

Такіх чэргаў ахвотных трапіць на прыём да спэцыялістаў па прыватызацыі ў выканкамаўскіх калідорах яшчэ не было. Калі на пачатку вясны за тыдзень сюды зазіралі адзінкі, то цяпер у кожнае раённае ўпраўленьне штодня выстройваюцца да сотні чалавек. Прыток рэзка падвысіўся пасьля таго, як у сярэдзіне траўня міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Шорац афіцыйна пацьвердзіў: бліжэйшым часам зьявіцца ўказ, у адпаведнасьці зь якім непрыватызаванае жыльлё будзе пераведзенае ў камэрцыйнае. На вырашэньне пытаньня — год ад моманту апублікаваньня дакумэнту. І хоць указ пакуль не зьявіўся, такая пэрспэктыва прымусіла стаць у чаргу менчука Андрэя Кірылава:

«Што хаваць: кватэру ў свой час можна было прыватызаваць без аніякіх праблемаў — без чаргі і, самае галоўнае, бясплатна. Жыльлё дасталося ад бацькоў, і, шчыра кажучы, мы нічога не рабілі, каб яго проста належным чынам аформіць. Чаму так абыякава паставіліся? Найперш, тады не было ніякай розьніцы, якая яна ў сваім статусе, бо прыватызаваная кватэра не давала ніякіх дадатковых перавагаў: плата за кватэру тая ж, а каб заняцца прыватызацыяй, трэба закінуць усе справы і займацца толькі гэтым. Але вось паўстала неабходнасьць пашырацца. Адпаведна, кватэра павінна быць прыватызаваная. У іншым выпадку яе немагчыма ні прадаць, ні завяшчаць, ні разьмяняць».

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі блізу 400 тысяч непрыватызаваных кватэраў, што складае каля 15% ад агульнага жыльлёвага фонду. Пераважна іх уладальнікі — такія ж неразваротлівыя сярэднестатыстычныя беларусы, як і спадар Кірылаў. Аднак дадаліся і іншыя катэгорыі, перадусім тыя, хто мае права на прыватызацыю службовага жыльля. Апроч інвалідаў вайны і працы, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, удзельнікаў баявых дзеяньняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, такім правам карыстаюцца сілавікі, пракурорскія работнікі ды некаторыя іншыя дзяржаўныя службоўцы. Як кажа загадчыца юрыдычнага сэктару Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Натальля Кухарчык, указ закране ня менш як сем катэгорыяў жыльцоў:

«На сёньняшні дзень дзяржаўны жылы фонд складае парадку 400 тысяч жылых
гэты жылы фонд на сёньняшні дзень складае дзесьці больш за 390 тысяч памяшканьняў
памяшканьняў. Агулам туды ўваходзяць сем відаў жылых памяшканьняў. Гэта ня толькі непрыватызаваны фонд, але гэта і службовыя жылыя памяшканьні, спэцыяльныя, сацыяльныя, спэцыяльныя службовыя, жылыя памяшканьні ў інтэрнатах, жылыя памяшканьні камэрцыйнага выкарыстаньня. І вось гэты жылы фонд на сёньняшні дзень складае дзесьці больш за 390 тысяч памяшканьняў».

Каб ня страціць жыльлё, якое з розных прычын не было прыватызавана, давядзецца раскашэліцца. Сума ўва ўсіх выпадках розная — залежна ад году пабудовы і месца на мапе гораду. 10% ад ацэначнай сумы трэба выплаціць адразу, астатняе — у растэрміноўку. І калі да канца 1990-х дзейнічаў ільготны рэжым прыватызацыі, падмацаваны магчымасьцю «абнаяўліваньня» маёмасных чэкаў «Жыльлё», то цяпер выдаткі вымяраюцца дзясяткамі тысяч даляраў. Прыкладам, кватэра ў «хрушчоўцы» абыдзецца ў 50-80 мільёнаў рублёў, у сучасных пабудовах — пад 300 мільёнаў, а гэта ў эквіваленце блізу 40 тысяч даляраў. Дорага, але ўсё ж таньней, чым набываць новае жыльлё.

Тым, у каго такіх сродкаў няма, давядзецца зьмірыцца, што статус гаспадара за імі застанецца толькі намінальна. Праўда, як кажа прадстаўніца Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Натальля Кухарчык, прыярытэтнае права арэнды захаваецца ўсё ж за першымі жыхарамі:

«Тыя грамадзяне, якія пражываюць у такіх жылых памяшканьнях, захаваюць першачарговае права карыстаньня. Больш за тое, для іх арэнда будзе бестэрміновай — прынамсі, так прадугледжвае праект указу. У далейшым, калі там пражываюць сацыяльна неабароненыя пласты, па заяве могуць перавесьці ў сацыяльнае жыльлё. Зразумела, што яно таксама ня можа падлягаць ні прыватызацыі, ні продажу, ні перадачы ў спадчыну і г.д. Але калі гэтыя грамадзяне пражываюць у жылых памяшканьнях камэрцыйнага выкарыстаньня і добрасумленна выконваюць свае абавязкі і плацяць па жыльлёва-камунальных паслугах, то іх ніхто адтуль ня выселіць».

Пакуль невядома, у якую суму будзе абыходзіцца арэнда жыльля, якое многія дэ-факта лічаць сваім, аднак якое з-за нявыкананых умоў прыватызацыі аўтаматычна пяройдзе ў камэрцыйны фонд. Але ёсьць разьлікі арэнды жыльля, якое будзе здавацца ў новых дамах адмыслова пад гэтыя мэты. Базавая стаўка арэнды — 20 тысяч рублёў за квадратны мэтар. Падвышальны каэфіцыент карэктуе першапачатковыя лічбы: прыкладам, для Менску ён складае 1,5 (30 тысяч рублёў за квадратны мэтар). Пры такім раскладзе кошт арэнды стандартнай двухпакаёўкі вагаецца ў межах 200 даляраў, плюс — спраўная плата за камунальныя паслугі. У іншым выпадку арэндную дамову скасуюць ужо праз два месяцы няплаты, а ненадзейных арандатараў выселяць на вуліцу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG