Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Злотнікаў пра стабільнасьць рубля: «Можа паўтарыцца сытуацыя 2011 году»


Як паведамляе Белстат, за 4 месяцы гэтага году нэгатыўнае сальда замежнага гандлю таварамі склала звыш мільярда даляраў і толькі за красавік павялічылася на 400 мільёнаў.

Чым можна патлумачыць такое радыкальнае падзеньне беларускага экспарту?

Як гэта можа ўплываць на стабільнасьць беларускага рубля?

На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў.

Цыганкоў: Чым можна патлумачыць такое істотнае падзеньне замежнагандлёвага сальда?

Злотнікаў: Калі браць усе мінулыя гады, акрамя 2012-га, то мы ўбачым, што адмоўнае гандлёвае сальда было заўсёды. Напрыклад, у першым квартале 2011 году мінус быў 2 мільярды даляраў. Фактычна ўсю гісторыю незалежнай Беларусі (за выключэньнем 2005 году) гандлёвы балянс быў нэгатыўны.

Што здарылася летась? Летась была такая зьява, як бізнэс на растваральніках і разбаўляльніках. Гэты «фэномэн» і даў у 2012 годзе, асабліва ў першай палове, станоўчае сальда гандлёвага балянсу.

Але пасьля заканчэньня гэтага «фэномэну» ўсё стала на свае месцы, і Беларусь зноў вярнулася да звычайнага для сябе нэгатыўнага балянсу замежнага гандлю таварамі.

Цыганкоў: Менавіта пазытыўны балянс замежнага гандлю спрыяў таму, што беларускі рубель застаецца стабільным вось ужо паўтара года. Цяпер, калі імпарт зноў перавышае экспарт, — ці можна сказаць, што гэта можа паўплываць на курс нацыянальнай валюты?

Адток валюты з краіны будзе вельмі значны. У сваім прагнозе, надрукаваным перад Новым годам, я пісаў, што адток будзе значна большы, чым прыток — калі ня будзе прыватызацыі альбо нейкіх новых крэдытаў. І можа паўтарыцца сытуацыя 2011 году
Злотнікаў: Відавочна, так. Адток валюты з краіны будзе вельмі значны. У сваім прагнозе, надрукаваным перад Новым годам, я пісаў, што адток будзе значна большы, чым прыток — калі ня будзе прыватызацыі альбо нейкіх новых крэдытаў. І можа паўтарыцца сытуацыя 2011 году.

У першым квартале было пагашана толькі 360 мільёнаў даўгоў беларускай дзяржавы. У астатнія кварталы году давядзецца пагасіць тыя 3 мільярды, якія Беларусь і яе прадпрыемствы, банкі павінны аддаць сёлета. А новых крэдытаў пакуль што не відаць.

Цыганкоў: Галоўным спонсарам беларускай эканомікі традыцыйна застаецца Расея — у розных формах. Але цяпер, калі многія эканамісты і ў самой Расеі, і ва ўсім сьвеце кажуць пра надыход падзеньня тэмпаў росту ў Расеі — ці варта давяраць гэтым прагнозам і як гэта можа адбіцца на дапамозе Менску?

Злотнікаў: У такія прагнозы наконт пэрспэктываў Расеі варта верыць. Асноўны рынак збыту расейскіх тавараў — Эўразьвяз, дзе чакаецца рэцэсія. Пачынаючы ад другой паловы мінулага году, сытуацыя ў Расеі пагаршаецца, чакаецца далейшае паніжэньне тэмпаў росту альбо нават рэцэсія. Безумоўна, гэта будзе ўплываць і на беларускую эканоміку.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG