Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быкоўскі: «Без вызваленьня палітвязьняў сытуацыя ня зьменіцца»


Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

Прадстаўнікі беларускай апазыцыі 28 траўня ў Брусэлі сустрэліся зь віцэ-прэзыдэнтам Эўрапарлямэнту Яцэкам Пратасевічам і іншымі эўрадэпутатамі. Беларускія апазыцыйныя палітыкі бяруць удзел у мерапрыемствах пленарнай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі «Ўсходняга партнэрства» («Эўранэст»), якая праходзіць гэтымі днямі ў Брусэлі.

Пра што сьведчыць той факт, што на сэсію «Эўранэсту» не былі запрошаныя прадстаўнікі беларускіх афіцыйных структураў? Ці ёсьць падставы казаць, што афіцыйны Менск мае шанцы аднавіць дыялёг з эўрапейскімі структурамі?

На гэтыя пытаньні адказвае аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі.

Цыганкоў: Ці ёсьць нейкім знакам тое, што гэтым разам на сэсію «Эўранэсту» запрасілі толькі апазыцыйных палітыкаў, а пытаньне запрашэньня дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў публічна нават не абмяркоўвалася, у адрозьненьне ад ранейшых сэсіяў?

Быкоўскі: Раней спробы запрасіць дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў на «Эўранэст» заўсёды выклікалі пэўныя супярэчнасьці. Бо ані Эўразьвяз, ані іншыя эўрапейскія структуры не прызналі выбары ў беларускі парлямэнт, і, адпаведна, яны не былі запрошаныя ў эўрапейскі парлямэнцкі орган.

Разглядаліся розныя формы вырашэньня гэтага пытаньня. Быў варыянт, што частку месцаў дадуць Палаце прадстаўнікоў, а частку — апазыцыі. Розныя разглядаліся формулы, але ў выніку ніхто ніякіх рашэньняў прыняць ня здолеў, і таму беларускае месца ў «Эўранэсьце» пустуе.

Што да апазыцыйных палітыкаў, то яны маюць магчымасьць там прысутнічаць, выступаць, але яны ня ўдзельнікі Эўранэсту.

Цыганкоў: Апошнія месяцы ідуць спробы аднавіць дыялёг паміж афіцыйным Менскам і эўрапейскімі структурамі. Аднак складаецца ўражаньне, што бакі наблізіліся да нейкай кропкі, пасьля якой — патавая сытуацыя. Беларускія ўлады не выпускаюць палітзьняволеных, эўрапейцы ня будуць рабіць ніякіх крокаў, пакуль не адбудзецца гэтае вызваленьне. Ці ня так?

Быкоўскі: Я ня думаю, што магчымае істотнае паляпшэньне сытуацыі, перш чым будуць вызваленыя палітвязьні. Разам з тым, сапраўды, ідуць вельмі актыўныя кантакты беларускага МЗС з заходнімі дыпляматамі, і некаторыя з дыпляматаў выказваюцца, што паляпшэньне сытуацыі магчымае ў найбліжэйшай пэрспэктыве.

Разам з тым нават у праекце, які распрацаваў дэпутат Эўрапарлямэнту Юстас Палецкіс і які выклікаў багата крытыкі ад беларускіх праваабаронцаў, у пункце «а» гаворыцца, што першым крокам павінна быць вызваленьне палітвязьняў. І толькі ў наступных пунктах гаворыцца пра магчымасьць размарожваньня адносінаў зь Менскам і згортваньня санкцыяў.

То бок нават самы «станоўчы» для Менску дакумэнт пачынаецца з таго, што трэба вызваліць палітвязьняў. Таму я ня бачу нават тэарэтычнай магчымасьці, што без выкананьня гэтага патрабаваньня сытуацыя памяняецца.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG