Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палецкіс: Палітвязьняў вызваліць абяцалі, але не гарантавалі


Юстас Палецкіс
Юстас Палецкіс

Даючы рэкамэндацыі адносна паляпшэньня адносін паміж Эўразьвязам і Беларусьсю, дакладчык Эўрапейскага парлямэнту па Беларусі Юстас Палецкіс спасылаецца на тое, што ў 2012 годзе ў Беларусі адбылося «прыкметнае паляпшэньне сытуацыі з выкананьнем правоў чалавека».

Мы запыталі спадара Палецкіса, на падставе якіх зьвестак ён зрабіў такую выснову.

Юстас Палецкіс: У асноўным я працую ў Брусэлі і Страсбуры ды, зразумела, дома ў Вільні, і мне цяжка самому меркаваць, паляпшаецца ці пагаршаецца сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. У такім выпадку даводзіцца абапірацца на зьвесткі тых арганізацый, якія гэтым займаюцца. Калі я быў у Менску ў сакавіку, я правёў вельмі грунтоўныя гутаркі з кіраўнікамі арганізацыі «Вясна» і Хэльсынскага камітэту, якія займаюцца правамі чалавека. Яны сказалі, што паводле іх назіраньняў, у 2012 годзе, у параўнаньні з папярэднім годам, узровень рэпрэсій — як яны выказаліся, маючы на ўвазе, відаць, арышты, ператрусы, выклікі ў акрэсьленыя інстанцыі — паменшыўся ў тры разы. Па-другое, яны мне паведамілі, што летась не было вынесена ніводнага сьмяротнага прысуду, хоць было выканана некалькі такіх прысудаў. Гэта яны ацанілі як магчымыя спробы Беларусі вярнуцца ў Раду Эўропы.

Алена Радкевіч: Хачу нагадаць, што кіраўнік «Вясны» якраз знаходзіцца ў турме, яго лічаць палітвязьнем.

Палецкіс: Я добра гэта ведаю, і самае галоўнае ў дакладзе — як перадумова для любога дыялёгу, любога паляпшэньня адносінаў — гэта безумоўнае вызваленьне і палітычная рэабілітацыя ўсіх палітвязьняў. Але «Вясна» дзейнічае і не зьніжае сваёй актыўнасьці.

Радкевіч: А з чым вы і вашы суразмоўцы зьвязваеце зьмяншэньне ўзроўню рэпрэсіяў? Ці ня з тым, што зьнізіўся агульны ўзровень палітычнай актыўнасьці ў сувязі з ранейшымі рэпрэсіямі?

Палецкіс: Усё ж мне трэба давяраць некаму, і я давяраю прадстаўнікам апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці, экспэртам, зь якімі я размаўляў. У Менску ў мяне было 25 сустрэч — 4 з афіцыйнымі асобамі, 21 сустрэча была з амбасадарамі, з кіраўнікамі недзяржаўных арганізацыяў, палітычных партыяў. Вось з гэтай мазаікі ў мяне склалася ўражаньне.

Чаму так атрымалася? Вы назвалі адну з прычынаў, але іх шмат. І заявы асноўных палітычных партыяў, якія працуюць у Беларусі, аб шляхах разьвіцьця дачыненьняў паміж Беларусьсю і ЭЗ якраз супадаюць з тым, што я паклаў у аснову свайго дакладу. Што ўсё ж пэрыяд 2008-2010, калі было паляпшэньне дачыненьняў паміж ЭЗ і Беларусьсю — гэта быў найбольш спрыяльны час для дзеяньняў апазыцыі, для ўмацаваньня грамадзянскай супольнасьці, і хаця гэта было кароткачасова і спынілася, усе мы ведаем як — вярнуцца да такой сытуацыі прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадзянскай супольнасьці хацелі б.

Але толькі ад іх жаданьня гэта не залежыць. Акрамя таго, я атрымаў яўныя сыгналы і ад прадстаўнікоў улады — і гэта было пацьверджана экспэртамі — што ўлады Беларусі, нягледзячы на ўдзел у Эўразійскай супольнасьці, усё ж ніяк не адмаўляюцца ад магчымасьці балянсаваць і мець магчымасьць аднавіць дыялёг з Эўразьвязам. Аднак у часе тых сустрэч я таксама казаў, што без вызваленьня палітвязьняў гэта, вядома, немагчыма.

Радкевіч: Вы чулі цьвёрдыя запэўніваньні ў тым, што гэтае вызваленьне можа адбыцца?

Палецкіс: Так, несумненна. Былі запэўніваньні, што ў гэтым накірунку рухаюцца, але, вядома, стоадсоткавых абяцаньняў ніхто ня мог даць. Акрамя таго, прадстаўнікі апазыцыі таксама казалі, што гэтае вызваленьне, па іх назіраньнях, не за гарамі.

Радкевіч: На завяршэньне пытаньне, датычнае вас асабіста. Паводле паведамленьня некаторых беларускіх СМІ, ваша імя нібыта фігуравала ў пляне лорда Бэла па ўратаваньні рэпутацыі Лукашэнкі: лорд Бэл нібыта ўключыў вас у плян, які прадугледжваў уплыў на рэжым праз канкрэтных эўрапейскіх палітыкаў...

Палецкіс: Я ня ведаю ніякага лорда Бэла і ніякіх плянаў. Я ўпершыню пра гэта чую.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG