Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрадакладчык хоча палепшыць адносіны зь Менскам


Юстас Палецкіс
Юстас Палецкіс
Дакладчык Эўрапейскага парлямэнту па Беларусі Юстас Палецкіс падрыхтаваў праект рэкамэндацый адносна зьмены палітыкі Эўразьвязу ў дачыненьні да афіцыйнага Менску.

У сваім праекце эўрадэпутат Палецкіc падкрэсьлівае неабходнасьць безумоўнага і неадкладнага вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх палітычных зьняволеных. Гэты крок, на ягоную думку, павінен стаць «перадумовай для паступовай адмены абмежавальных захадаў ЭЗ» у дачыненьні да афіцыйнага Менску і «істотнага паляпшэньня адносінаў паміж ЭЗ і Беларусьсю».

Дакладчык адзначае, апошнія абмежавальныя захады ЭЗ у адносінах да афіцыйнага Менску давялі да ўзмацненьня рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцаў, незалежных СМІ і юрыстаў, дадаючы адначасова, што ў 2012 годзе ў Беларусі адбылося «прыкметнае паляпшэньне сытуацыі з выкананьнем правоў чалавека, а Эўрапейскі дыялёг аб мадэрнізацыі аказаў «станоўчы ўплыў на разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці».

Зыходзячы з гэтага, Юстас Палецкіс высунуў шэраг рэкамэндацый Вярхоўнаму прадстаўніку ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі, Радзе ЭЗ і Эўракамісіі.

Аб палітычным дыялёгу


Юстас Палецкіс рэкамэндуе выкарыстаць старшынства Літвы ў ЭЗ і саміт Усходняга партнэрства ў Вільні як магчымасьці для паляпшэньня адносін зь Беларусьсю з мэтай перазагрузкі палітычнага дыялёгу.

У дакумэнце таксама прапануецца разгледзець прыпыненьне дзеяньня санкцый ЭЗ у дачыненьні да ключавых службовых асобаў беларускага рэжыму з мэтай пашырэньня асноўных і неабходных дыпляматычных каналаў сувязі зь Беларусьсю з улікам правядзеньня саміту Ўсходняга партнэрства.

Яшчэ адна рэкамэндацыя тычыцца падрыхтоўкі стратэгічнай «дарожнай мапы» – часовага пляну адносна прыярытэтных кірункаў рэформаў у Беларусі, які будзе ўтрымліваць прапановы па актывізацыі палітычнага дыялёгу.

Юстас Палецкіс лічыць неабходным «пашырэньне кантактаў зь беларускімі службовымі асобамі ў мэтах садзейнічаньня адкрытасьці ў адносінах да ЭЗ і павышэньня ўзроўню супрацоўніцтва». Ён таксама рэкамэндуе ўцягнуць прадстаўнікоў Менску ў Дыялёг аб мадэрнізацыі.

Праект уключае рэкамэндацыю адносна павялічэньня фінансавай дапамогі для грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

Аб эканамічным і энэргетычным супрацоўніцтве


Палецкіс прапаноўвае «выкарыстоўваць канструктыўны тэхнічны дыялёг паміж ЭЗ і Беларусьсю па макраэканамічным разьвіцьці і фінансавых пытаньнях для дасягненьня рэальнай прыхільнасьці Менска паступовым макраэканамічным і структурным рэформам, уключаючы прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў і лібэралізацыю банкаўскай сыстэмы».

Таксама прапануецца «заахвочваць Беларусь дзеля выкананьня рэкамэндацый Міжнароднай арганізацыі працы, у прыватнасьці, у дачыненьні да свабоды асацыяцыяў, рэгістрацыі і дзейнасьці незалежных прафсаюзаў».

У дакладзе гаворыцца аб неабходнасьці забесьпячэння з боку Беларусі выкананьня «самых высокіх міжнародных стандартаў бясьпекі пры будаўніцтве атамнай электрастанцыі».

Аб памежным супрацоўніцтве


Палецкіс лічыць неабходным умацаваньне супрацоўніцтва паміж ЭЗ і Беларусьсю ў барацьбе з трансгранічнай злачыннасьцю. У прыватнасьці, гэта тычыцца садзейнічаньня ў мадэрнізацыі памежнага кантролю. У дакладзе рэкамэндуецца разгледзець пытаньне аб павелічэньні фінансавай дапамогі Беларусі з мэтай ўкараненьня найноўшых сыстэмаў памежнага кантролю і сучаснай інфраструктуры».

Аб грамадзянскай супольнасьці і візах


Палецкіс прапануе актывізаваць тэхнічную і фінансавую падтрымку арганізацыям грамадзянскай супольнасьці, незалежным СМІ, праваабаронцам і прафсаюзам, а таксама разгледзець у аднабаковым парадку пытаньне аб зьніжэньні кошту віз для грамадзян Беларусі. Дакумэнт заклікае афіцыйны Менск прыняць неадкладныя меры па рэалізацыі пагадненьняў аб памежным руху з Польшчай і Літвой.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG