Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Талака ў Курапатах: з 25 траўня па 3 чэрвеня


З 25 траўня па 3 чэрвеня ва ўрочышчы Курапаты пройдзе нацыянальная талака. Мэта — прыбраць сьмецьце, хмызьняк і сухое гальлё, расчысьціць сьцежкі паміж магіламі.

У талацэ возьмуць удзел ініцыятыва «Ўратуем Курапаты», партыя БНФ, АГП, «Беларускі рух», БХД, «Гавары праўду», «Эўрапейская Беларусь», «Маладыя дэмакраты», «Малады фронт», «Zмена».

У першы дзень талакі, 25 траўня, валянтэры зьбяруцца а 12 гадзіне ля Крыжа Пакуты. Тут памоляцца, а потым пачнуць прыбіраць урочышча. Актывісты «Беларускага руху» таксама плянуюць шырокамаштабную высадку кветак.

Адзін з каардынатараў ініцыятывы «Ўратуем Курапаты» Ўладзімер Раманоўскі паведаміў Свабодзе: ёсьць дамоўленасьць з «Зелянстроем», супрацоўнікі якога будуць выразаць хмызьняк і падпілоўваць сухое гальлё, якое валянтэры будуць выносіць зь лесу і грузіць разам з побытавым сьмецьцем у грузавік.

Артур Бурак, галоўны лясьнічы УП «Зелянстрой» Менгарвыканкаму, адзначыў: «Мы разам з прадстаўнікамі ініцыятывы „Ўратуем Курапаты“ заплянавалі правесьці талаку. Мы зробім фармуючую абрэзку дрэваў, каб урочышча стала такім, якім яго хочуць бачыць актывісты. Зь іх боку будзем чакаць дапамогі, каб прыбраць адтуль сьмецьце, сучча, бруд. Мы супрацоўнічаем з прадстаўнікамі ініцыятывы, у будучыні плянуем праводзіць супольныя мерапрыемствы для падтрыманьня добрага стану Курапатаў. А працы там будзе хапаць. Вы ж самі разумееце, што такое лес, — кожны год нешта адпадае, адмірае. Таму штогод патрабуюцца санітарна-аздараўленчыя мерапрыемствы. Таксама ёсьць выпадкі вандалізму з боку мясцовых жыхароў — скажам, такога кантынгенту, як бамжы».

Курапаты займаюць плошчу 15 гектараў. Актывісты рэальна ацэньваюць людзкія і фінансавыя рэсурсы, якія патрабуюцца для талакі. Працаваць можна толькі ўручную.

«Паводле тэхналёгіі ачыстка лясной тэрыторыі — вельмі складанае мерапрыемства. Асабліва ўлічваючы той факт, што тут немагчыма выкарыстоўваць тэхніку, патрэбная выключна ручная праца. Мы ж ня можам пусьціць трактары на магілы, — кажа Уладзімер Раманоўскі. — Патрэбныя вельмі вялікія працоўныя рэсурсы, каб прыбраць усю тэрыторыю.

Курапаты пачалі паміраць як маральная каштоўнасьць, пра гэта кажуць сацыяльныя апытаньні. Прычына гэтаму — у тым ліку і той стан, у якім знаходзіцца гэтая частка ляснога масіву. Таму што апроч гэтай крыжовай дарогі, па якой усе ходзяць, астатняя тэрыторыя ў вельмі занядбаным стане, выкліканым як натуральнымі працэсамі, так і засьмечваньнем і актамі вандалізму, якія пэрыядычна здараюцца ва ўрочышчы».

Уладзімер Раманоўскі адзначыў таксама, што неабходна праводзіць працу з жыхарамі прылеглага раёну Зялёны Луг, бо шмат шкоды і сьмецьця якраз ад іх.

Актывіст моладзевай арганізацыі «Zмена» Ягор Віняцкі кажа, што моладзевыя арганізацыі павінны ўзяць на сябе асноўны цяжар працы падчас талакі ў Курапатах: «Захаваць памяць пра Курапаты трэба, па-першае, для таго, каб мы памяталі гэта і каб больш такіх глябальных памылак не рабілі ў гісторыі. Моладзь можа расказваць моладзі пра тое, што адбылося ва ўрочышчы Курапаты і якое значэньне гэта мае ў гісторыі. Таксама вельмі важна далучыцца да талакі, што мы і зробім».


Даведка «Свабоды»


Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКУС расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты знайшлі парэшткі людзей. Гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».

У чэрвені 1988 году была створана ўрадавая камісія, і пракуратура БССР узбудзіла крымінальную справу па выяўленых фактах. У працэсе расьсьледаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 год супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выявілася, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 групавых пахаваньняў, зь якіх шляхам эксгумацыі было праверана 8. У 6 зь іх знайшлі шкілетныя парэшткі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы. Каб ушанаваць памяць ахвяраў, тут паставілі крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

У Курапатах ня раз чыніліся акты вандалізму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG