Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вырабілі, а як збыць?


Застаўленая трактарамі тэрыторыя Менскага трактарнага заводу
Застаўленая трактарамі тэрыторыя Менскага трактарнага заводу
Многія беларускія прадпрыемствы нарошчваюць выпуск прадукцыі, якую ня могуць збыць. Толькі ў Менску непрададзеных тавараў ляжыць на складах амаль на 10 трыльёнаў рублёў, у агульнанацыянальных маштабах гэты паказьнік большы ў разы — 32 трыльёны рублёў. Чаму суб’екты гаспадараньня працягваюць вырабляць тое, што ня мае попыту ні за мяжой, ні ўнутры краіны?

Складзкія запасы грузавікоў, самазвалаў, прычэпаў, спэцаўтамабіляў перавышаюць 200% ад сярэднемесячнага аб’ёму вытворчасьці. Тэлевізараў на складах назьбіралася блізу 10 тысяч. Адчувальны ўнёсак таксама даюць лёгкая прамысловасьць і абутковая вытворчасьць. І пры гэтым з пачатку году прадпрыемствы нарошчвалі вытворчасьць усіх відаў гэтай прадукцыі.

Сярод асноўных прычынаў затаваранасьці складоў экспэрты бачаць найперш плянавую мадэль эканомікі. Калі ў разьвітых краінах паказьнік валавога ўнутранага прадукту вылічваецца па факце продажу, то ў Беларусі ён прывязаны да аб’ёмаў вытворчасьці. І каб дасягнуць па выніках году прэзыдэнцкага арыенціру росту ВУП на 8,5%, даводзіцца штампаваць тое, што ня мае шанцаў на рэалізацыю. Пра што найперш сьведчыць цяперашняя сытуацыя — аналітык афіцыйнага партнэра «Альпары» Вадзім Іосуб:

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб
«Хутчэй за ўсё, гэта сьведчаньне неадэкватнасьці кіраваньня эканомікай. Таму што ў той сытуацыі, калі ў гандлёвых партнэраў (а асноўнымі партнэрамі, як вядома, у нас Расея і Заходняя Эўропа) зьніжаецца попыт на нашу прадукцыю ў сувязі з тым, што ў іх саміх рэцэсія, зьніжэньне ВУП і г.д., нармальныя прадпрыемствы, якія на чале ўсяго ставяць атрыманьне прыбытку і сваю эфэктыўнасьць, рэагуюць на зьніжэньне попыту зьмяншэньнем выпуску прадукцыі.

У нас жа ў выніку таго, што пастаянна дзяржпрадпрыемствам нагадваюць пра выкананьне пляну па росту ВУП, гэта выключана. То бок нават у сытуацыі, калі прадукцыя попыту не знаходзіць, яе працягваюць вырабляць, працягваюць гнаць на склад. Пры гэтым эфэкт ня проста нулявы, а ён адмоўны. То бок траціцца нейкая сыравіна, нейкія камплектуючыя, траціцца электраэнэргія на тое, што ў выніку не прадаецца. Іншымі словамі, адбываецца гэткае зьнішчэньне дададзенай вартасьці».

Не спрыяюць канкурэнтаздольнасьці беларускіх тавараў і іншыя складнікі. Улады ўсіх узроўняў распачалі гонку за памерам заробкаў, рапартуючы пра беспрэцэдэнтныя дасягненьні. Так, старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька заявіў, што сярэдні заробак у сталіцы перавысіў 700 даляраў, а агулам па краіне — ужо больш за 500 даляраў, чаго і патрабаваў Аляксандар Лукашэнка. На думку экспэртаў, не падмацаваны эканамічнымі складнікамі рост прыбыткаў давядзецца закладаць у кошт, што зробіць беларускую прадукцыю яшчэ меней прывабнай па цане.

Нарэшце, як лічыць дырэктар Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан, беларусы не заўсёды здольныя прадаць нават тое, пра што ёсьць дамоўленасьці на палітычным узроўні:

Валянцін Лопан
Валянцін Лопан
«Не бяруся ацэньваць узровень беларускага мэнэджмэнту, але ў справе экспарту трэба працаваць паводле праверанай мадэлі. Паехалі палітыкі, дыпляматы, усталявалі кантакты, падпісалі пэўныя рамачныя дамовы — выдатна. А сьледам павінны ехаць нашы карпарацыі, нашы кампаніі; пачынаць на тым рынку „слупаваць“ участкі, вывучаць іх, замацоўвацца і працаваць. Бо думаць увесь час, што Сямашка паедзе, падпіша кантракты, а мы будзем іх выконваць, і так будзе заўсёды — гэта няправільна.

У кожным стратэгічным месцы павінен быць наш чалавек, які адказвае за рэгіён. У яго павінна быць там штаб-кватэра, ён павінен бясконца весьці перамовы зь мясцовымі партнэрамі, разьбірацца, хто яны, што ў іх за бізнэс, якія ў іх фінансавыя магчымасьці і г.д. Іншымі словамі, выбіраць зь іх лепшых, вывучаць рынак пад нашы патрэбы, дазнавацца, што там за канкурэнцыя, хто там ужо прысутнічае. Заходнія кампаніі менавіта так працуюць на нашых рынках. А мы хочам сядзець у Беларусі, знайсьці нейкага дылера мясцовага і думаць, што ён будзе нашы доўгатэрміновыя інтарэсы на тым рынку адстойваць. Чаго гэта раптам? У яго інтарэс канкрэтны — зарабіць грошай».

У нядаўнім пасланьні парлямэнту і народу Лукашэнка таксама закрануў тэму затаваранасьці складоў — маўляў, патрабаваньня да ўраду стаць адным вялікім міністэрствам гандлю ніхто не адмяняў. Ён загадаў тэрмінова падключыць да працы мясцовыя органы ўлады і выдаць канкрэтны вынік. Цяпер вэртыкальшчыкі больш высокага ўзроўню заклапочаныя, як перакласьці адказнасьць на іншых.

29 красавіка менскі гораданачальнік Мікалай Ладуцька сабраў кіраўнікоў адміністрацыяў раёнаў, паставіўшы перад імі задачу падрыхтаваць графікі разгрузкі складоў, узгодненыя зь міністэрствамі. У грашовым выражэньні на Менск прыпадае траціна сродкаў, замарожаных на складах па ўсёй краіне. І гэта замест таго, як кажа фінансавы аналітык Вадзім Іосуб, каб адпачатку такой сытуацыі папросту не дапусьціць:
Галоўны стымул дырэктара — выканаць даведзены яму плян росту выпуску прадукцыі. А прадаецца яна ці не прадаецца — гэта ўжо іншае пытаньне

«Асноўная прычына ў тым, што няма адпаведных стымулаў у прадпрыемства. То бок на дзяржаўнае прадпрыемства прызначаецца дырэктар, галоўны стымул якога — выканаць даведзены яму плян росту выпуску прадукцыі. А прадаецца яна ці не прадаецца — гэта ўжо іншае пытаньне. Цяпер гэтае пытаньне сапраўды абвастрылася. Пасьля таго як склады па поўнай праграме затаварылі і хаваць праблему стала немагчыма, на ўзроўні Савету міністраў, Менгарвыканкаму пачынаюцца нейкія ўказаньні тэрмінова іх разгрузіць. Замест таго каб у нармальнай сытуацыі проста ня трэба было іх настолькі загружаць. Гэта, бадай, асноўная прычына цяперашняга стану».

Не пайшлі на карысьць беларускім вытворцам і новыя ўмовы працы на стратэгічным рынку — расейскім. Пасьля ўступленьня Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю спрасьціўся доступ на ўнутраны рынак для замежных кампаніяў, якія дагэтуль дзеля абароны ўласных вытворцаў былі нэўтралізаваныя высокімі стаўкамі акцызаў і збораў. Цяпер многія замежныя канкурэнты выглядаюць для расейцаў больш прывабна, чым суседзі-саюзьнікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG