Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наш урад прызнаў, што мы зайшлі ў тупік? Не»


Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Чым можна патлумачыць нэгатыўныя тэндэнцыі, якія выявіліся апошнім часам у беларускай эканоміцы — рэкордныя складзкія запасы, рост колькасьці нерэнтабэльных прадпрыемстваў, падзеньне экспарту?

Як паўплывае на беларускую эканоміку падзеньне цэнаў на нафту і магчымы эканамічны спад у Расеі? Ці гатовае беларускае кіраўніцтва пайсьці на кардынальную эканамічную мадэрнізацыю?

На гэтыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканамісты Леанід Злотнікаў і Барыс Жаліба. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: «За апошнія месяцы ў Беларусі выразна выявіліся пэўныя эканамічныя тэндэнцыі, якіх не было яшчэ год таму. Складзкія запасы ставяць новыя рэкорды, расьце колькасьць нерэнтабэльных прадпрыемстваў. Чым выкліканыя гэтыя зьявы? Або гэта доўгатэрміновая тэндэнцыя, якая можа расьцягнуцца на ўвесь 2013 год?»

«Апошнія гады мы трымаемся пераважна за кошт замежнай дапамогі»


Злотнікаў: «Тэндэнцыя спаду ў эканоміцы назіраецца з другой паловы мінулага году. Запасы на складах пачалі набірацца ад пачатку восені. У канцы году іх разгрузілі, але потым яны зноў пачалі хутка павялічвацца».

Цыганкоў: «А што стала штуршком — чаму складзкія запасы пачалі расьці?»

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў
Злотнікаў: «Па-першае, летась значна павялічыліся заробкі і наагул грашовыя даходы насельніцтва (на 20 працэнтаў), хоць прадукцыйнасьць працы вырасла толькі на 3 працэнты. І гэта павялічыла кошт прадукцыі і панізіла яе канкурэнтаздольнасьць. Па-другое, увесь мінулы год даляр страчваў сваю пакупніцкую здольнасьць. І гэта зьнізіла эфэктыўнасьць экспарту.

Ну, і такі часовы чыньнік, як прыпыненьне ў сярэдзіне мінулага году экспарту растваральнікаў, што таксама зьнізіла аб’ёмы экспарту.

Наагул, страта канкурэнтаздольнасьці беларускай прамысловасьці ідзе ўсе мінулыя гады. Якасьць і кошт беларускай прадукцыі робяць яе неканкурэнтаздольнай».

Цыганкоў: «Аднак дэвальвацыя 2011 году дала штуршок экспарту, беларускія тавары пачалі прадавацца за ніжэйшую цану. Можа, цяперашнія праблемы выкліканы фінансавай стабільнасьцю?»

Злотнікаў: «Сапраўды, на пачатку 2012-га даляр быў вельмі завышаны, і гэта дало вялікі штуршок павелічэньню экспарту. Потым дэвальвацыя спынілася, даляр пачаў страчваць сваю пакупную здольнасьць у Беларусі, і, адпаведна, канкурэнтаздольнасьць экспарту ўпала».

Жаліба: «У нас старыя хваробы эканамічныя як былі, гэтак і засталіся. Беларуская эканоміка перажыла валютны крызіс 2011 году, але выйшла зь яго без аніякіх структурных зьменаў. Наш рынак у асноўным арыентаваны на расейскі. А сёньня тэмпы росту расейскай эканомікі запаволіліся, але наша залежнасьць, аднабаковасьць экспарту не зьмянілася.

Складзкія запасы — ужо 80 працэнтаў ад месячнага аб’ёму вытворчасьці пры максымальнай норме 50 працэнтаў. Гэта кажа пра тое, што найперш Расея кепска купляе беларускія тавары. Адбілася і ўступленьне Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.

І трэба не забывацца, што ўсе апошнія гады мы трымаемся (лепшага слова не прыдумаць) пераважна за кошт замежнай дапамогі. Каб не было замежных пазыкаў, мы б не ўтрымалі курс рубля, з усімі наступствамі».


«Спадзявацца, што Расея будзе купляць, як і раней, — не выпадае»


Цыганкоў: «Цяпер шмат гавораць пра пагрозу расейскай эканоміцы ад зьніжэньня цаны на нафту. Калі справы будуць разьвівацца гэтак і далей — як гэта адаб’ецца на беларускай сытуацыі?»

Злотнікаў: «У Расеі спад тэмпаў вытворчасьці — з другой паловы мінулага году, і мы гэта ўжо адчуваем. Па-другое, зьніжэньне цэнаў на нафту — гэта, відавочна, доўгачасовы трэнд. Зьявіліся новыя крыніцы энэргіі — сланцавы газ, прыліўная энэргія, сонечная энэргія — і ўсё гэта накладае адмоўны адбітак на стан расейскай эканомікі, якая вельмі моцна залежыць ад цэнаў на нафту. Таму спадзявацца, што Расея будзе купляць, як і раней, — такога ня будзе.

Я памятаю, як бачыў дадзеныя Ўсясьветнага Банку пра продаж грузавых аўтамабіляў у Расею. Дык наш аб’ём продажу за апошнія гады павялічыўся працэнтаў на 20, а кітайцаў — у 2,5 раза. І гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца, тым больш пасьля ўступленьня Расеі ва УГА.

Сам Міхаіл Мясьніковіч казаў яшчэ ў 2010 годзе, што БелАЗ затаварыцца, калі застануцца цяперашнія прапорцыі паміж якасьцю і цаной. Але дзяржава нічога ня здолела зрабіць, каб гэты працэс спыніць. Страта канкурэнтаздольнасьці ідзе паступова. З усясьветнага рынку зьніклі нашы кампутары, потым перапрацоўчае абсталяваньне, станкі. Паступова Беларусь страчвае вышэйшыя тэхналягічныя ўклады і пераходзіць на ніжэйшыя. Але выраб цэмэнту, мэталу, керамікі не дае такіх даходаў, як высокатэхналягічная вытворчасьць».

Цыганкоў: «Якраз каб зьмяніць такое становішча, патрэбная мадэрнізацыя. Пра яе і пра абнаўленьне гаварыў Аляксандар Лукашэнка ў прэзыдэнцкім пасланьні 19 красавіка. Ці лічыце вы, што беларускае кіраўніцтва гатовае ісьці на рэформы эканамічных дачыненьняў?»


«У нас усё добра, мы будзем працягваць сваю ўнікальную мадэль»


Барыс Жаліба
Барыс Жаліба
Жаліба: «Тут усё моцна заблытана. Лукашэнка раней казаў, што мадэрнізацыя пачнецца, пасьля таго як ён наведаў прадпрыемствы дрэваапрацоўкі і лёгкай прамысловасьці. Зь ягонага пасланьня раптам высьветлілася, што мы ўжо знаходзімся ў канцы працэсу мадэрнізацыі.

На маю думку, мадэрнізацыя павінна быць бесьперапынным працэсам, гэта не павінна быць кампанейшчынай».

Цыганкоў: «Ці можна сказаць, што ідэалягічныя падыходы сёньняшняй улады не дазваляюць ісьці на кардынальныя эканамічныя рэформы? Напрыклад, на нейкім прадпрыемстве працуе 3 тысячы, хоць дастаткова і адной. Але звальняць іх нельга, бо ў нас „сацыяльная дзяржава“ і беспрацоўя не павінна быць. Ці не перашкаджаюць такія падыходы сапраўднай мадэрнізацыі?»

Жаліба: «Вядома, перашкаджаюць, калі разглядаць мадэрнізацыю ня толькі як замену тэхнікі, але і рэфармаваньне вытворчых адносінаў, адносінаў уласнасьці. Каб гэты працэс быў менш балючы, трэба ствараць адпаведны прыватны сэктар. Калі вызваляюцца лішнія людзі з заводаў, трэба кудысьці іх падзець. Куды? У першую чаргу — у прыватны сэктар. А ў нас ён вельмі кволы, ніяк ня можа выйсьці на тыя заплянаваныя рубяжы, каб ствараць звыш 30 працэнтаў ВУП, як гэта было даўно абвешчана ўладамі».

Злотнікаў: «Бяру той прыклад, які прывёў прэзыдэнт — энэргетыка. Уклалі 7 мільярдаў даляраў, каб яе мадэрнізаваць. І ў выніку ў мінулым годзе прадавалі электраэнэргію на экспарт па цэнах, ніжэйшых за сабекошт. Як гэта так? Атрымліваем расейскі газ таньней у 2–3 разы, чым Украіна ці Польшча, вырабляем зь яго электраэнэргію, а ў выніку цэны на ўсясьветным рынку ніжэйшыя за наш сабекошт.

Ніякай мадэрнізацыі няма. У Расеі ўрад хаця б сказаў, што яны зайшлі ў тупік і далей так жыць немагчыма. Гэта і ёсьць пачатак мадэрнізацыі ва ўсіх краінах. А што — наш урад прызнаў, што мы зайшлі ў тупік? Не, „у нас усё добра, мы будзем працягваць сваю ўнікальную мадэль“. Дык гэта азначае, што няма ніякай мадэрнізацыі і ня будзе».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG