Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марылюіза Бэк: «Спынім сьмяротнае пакараньне ў цэнтры Эўропы»


Marieluise Beck
Marieluise Beck

Такую заяву дэпутатка Бундэстагу ад фракцыі зялёных Марылюіза Бэк зрабіла ў сувязі з прэзэнтацыяй штогадовага дакладу Amnesty International аб сытуацыі са сьмяротным пакараньнем у сьвеце. Паводле зьвестак арганізацыі, Беларусь – адзіная краіна ў рэгіёне Эўропы і Цэнтральнай Азіі, дзе выконваюцца сьмяротныя прысуды.

Як гаворыцца ў заяве нямецкай парлямэнтаркі, 11 красавіка 2011 году ў менскім мэтро здарыўся тэракт. Амаль праз год, у сакавіку 2012 году, абвінавачаныя ў ім Уладзіслаў Кавалёў і Дзьмітры Канавалаў былі пакараныя сьмерцю. Працэдура, ажыцьцёўленая ў цэнтры Эўропы, была зробленая варварскім спосабам: стрэлам у патыліцу. Увесь гэты час маці Ўладзіслава Кавалёва змагаецца за тое, каб ёй выдалі цела сына. Беларускія ўлады дагэтуль адмаўляюць ёй у праве ведаць пра месца пакараньня сына, а таксама пра дакладную дату яго сьмерці.

Нямецкая парлямэнтарка нагадвае, што судовы разгляд па справе двух маладых людзей прадэманстраваў усю неадпаведнасьць паказальнага судовага працэсу прававым крытэрам: супярэчлівасьць доказаў, запалоханасьць сьведак і іх вымушанае маўчаньне, ігнараваньне алібі абвінавачаных, нарэшце тое, што прызнаньні асуджаных былі атрыманыя ў выніку катаваньняў. Паводле існуючых канстытуцыйных нормаў, пакаралі нявінных людзей, гаворыцца ў заяве.

Марылюіза Бэк адзначае: «Гэтае злачынства супраць Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва не павінна быць забытым. Мы заклікаем змагацца з агіднай практыкай сьмяротнага пакараньня ва ўсім сьвеце, і асабліва на нашым кантынэнце. Беларусь як апошняя краіна Эўропы, дзе ўжываецца сьмяротнае пакараньне, павінна неадкладна ўвесьці мараторый на яго».
Паводле існуючых канстытуцыйных нормаў, пакаралі нявінных людзей, гаворыцца ў заяве

За спыненьне сьмяротнага пакараньне ў Беларусі выступае і маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва — Любоў. Напярэдадні ў размове са Свабодай яна расказала, што ніколі не сумнявалася ў невінаватасьці як свайго сына, так і яго сябра Дзьмітрыя Канавалава.

Любоў Кавалёва паведаміла, што па-ранейшаму ня мае аніякіх кантактаў зь Дзімавымі бацькамі, але не сумняецца, што яны гэтак жа цяжка і балюча перажываюць яго сьмерць. Любоў Кавалёва дзеліцца сваімі меркаваньнямі адносна таго, чаму маўчаць маці і бацька Канавалава.

Любоў Кавалёва
Любоў Кавалёва
«Там такая была сытуацыя. У ноч з 12 на 13 красавіка 2011 году арыштавалі ня толькі Дзіму. Арыштавалі бацьку і старэйшага сына Сашу. Абодва яны знаходзіліся ў СІЗА 4 месяцы. Да ліпеня. Што там адбывалася ўвесь час з гэтымі абодвума, што там увесь час адбывалася з мамай — аднаму Богу вядома. Маці ўсе 24 гадзіны ў суткі знаходзілася пад назіраньнем. Яна і ў шпіталь трапляла, яе таксама адвозілі двойчы пад аховай ці то да псыхоляга, ці то да псыхіятра… Ёй пагражалі — яна расказвала пра гэта на працы — калі раптам адкрые рот, то і мужу, і старэйшаму сыну гадоў 25 забясьпечаныя.

На кантакты са мной маці Дзімы не ішла і не ідзе дагэтуль… Калі мы ў верасьні 2011 году — тады толькі распачаўся судовы працэс — выпадкова сустрэліся зь ёй раніцай ля дому, я спыталася, а чаму яе няма ў судзе. Яна адказала: не была і ня буду. Ад нечаканасьці я расплакалася. А потым толькі зразумела, што гэта не яе словы. Я нават і ўявіць сабе не магла, што бацькоў ня пусьцяць на суд, а зробяць зь іх нібыта сьведак. Якімі мама ды тата могуць быць сьведкамі, калі яны ў судзе ня вымавілі ані слова! Я памятаю, як іх пад канвоем прывялі ў судовую залю і як пад канвоем вывелі. Дзіму далі зразумець, што бацькі ў іх руках і калі ён штосьці скажа, то невядома, што будзе зь ягонымі роднымі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG