Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт ААН прапанаваў уладам Беларусі рэабілітаваць Кавалёва ў СМІ

абноўлена

Любоў Кавалёва
Любоў Кавалёва

Камітэт правоў чалавека ААН прызнаў, што адносна Ўладзіслава Кавалёва, якога пакаралі сьмерцю за выбух у менскім мэтро, быў парушаны міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Такое рашэньне камітэт ААН прыняў 14 лістапада, а сёньня яго атрымалі і прадставілі журналістам маці Ўладзіслава Любоў Кавалёва і праваабаронцы Раман Кісьляк і Людміла Гразнова.

Сваё заключэньне па скарзе Любові Кавалёвай і сястры Ўладзіслава — Тацьцяны Козыр далі 18 экспэртаў з розных краін, што ўваходзяць у ААН. Яны адзначаюць канкрэтныя парушэньні, дапушчаныя падчас правядзеньня сьледзтва, суду і выкананьня сьмяротнага прысуду. Галоўнае, што напісана ў гэтым дакумэнце: «Права на жыцьцё Ўладзіслава Кавалёва было парушана».

Юрыст Раман Кісьляк назваў журналістам парушэньні, якія прызналі міжнародныя экспэрты:

Раман Кісьляк
Раман Кісьляк
«Па-першае, адносна Ўладзіслава Кавалёва ўжывалася фізычная сіла, недазволеныя мэтады. Яго прымусілі даць паказаньні супраць самога сябе. Ён пра гэта заявіў падчас судовага паседжаньня. І гэта парушэньне як забароны катаваньня і жорсткага абыходжаньня, так і забароны прымусу даваць паказаньні адносна асабіста сябе».

Экспэрты ААН пішуць і пра іншыя парушэньні. Напрыклад, іх зьдзіўляе, што амаль усе хадайніцтвы пракуратуры судзьдзі задаволілі, а патрабаваньні адвакатаў — амаль усе адхілілі. І гэта ставіць пад сумнеў, на думку экспэртаў, незалежнасьць і неперадузятасьць суду.

Маці Ўладзіслава Кавалёва заявіла журналістам: дакумэнты з Жэнэвы даюць ёй падставу сьцьвярджаць, што сапраўдныя злачынцы, якія зрабілі выбух у менскім мэтро, да гэтага часу не названыя. «Улады не спрабуюць знайсьці сапраўдных выканаўцаў гэтага страшнага тэракту», — сказала яна:

«Таму мы і сабраліся тут, каб расказаць людзям пра тую сыстэму, якая ў нас цяпер існуе, пра тое „правасудзьдзе“, калі кагосьці проста прызначаюць на ролю вінаватых. І пра тое, як праходзіць сьледзтва і суд і як выносяцца такія страшныя прысуды. На жаль, сьмяротнае пакараньне адбылося. І нават такое рашэньне міжнародных экспэртаў ня верне мне сына. Але я хачу рэабілітаваць сына ў вачах людзей».

Праваабаронца Людміла Гразнова, якая назірала за працэсам па выбуху ў менскім мэтро, сказала «Свабодзе», што яна і тады ня бачыла ў віцебскіх юнаках тэрарыстаў. А рашэньне камітэту ААН толькі пацьвярджае гэтую веру:

Людміла Гразнова
Людміла Гразнова
«Гэтыя дакумэнты праходзяць вельмі дакладную экспэртызу вельмі адукаваных спэцыялістаў. І яны, канечне, робяць дакладныя высновы. Таму рашэньне ААН — яшчэ адзін важкі дакумэнт на карысьць таго, што той суд ня быў абгрунтаваны, справядлівы, а тыя вынікі, якія ён паказаў, не зьяўляюцца рэальнымі. І няхай грамадзтва глядзіць на ўсё гэта і робіць свае высновы».

Што тычыцца другога расстралянага па гэтай справе — Дзьмітрыя Канавалава, дык яго родныя скаргаў у ААН не падавалі, і таму разглядалася толькі справа Ўладзіслава Кавалёва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG