Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі Канавалава хаваюцца і праз год пасьля расстрэлу сына

абноўлена

Любоў Кавалёва
Любоў Кавалёва

Год таму расстралялі Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава. А выбуховыя лябараторыі ў Віцебску знаходзяць і цяпер.

Абвінавачаныя ў тэракце ў Менскім метро 26-гадовыя Дзьмітры Канавалаў і Ўладзіслаў Кавалёў, верагодна, былі расстраляныя ў гэтыя дні год таму. Любоў Кавалёва апошні раз бачыла свайго сына летась 11 сакавіка. Яна лічыць, што прысуд быў прыведзены ў выкананьне ў гэтыя сакавіцкія дні. Любоў працягвае змаганьне за права ведаць, дзе пахаваны Ўладзіслаў.

З гэтай нагоды 13 сакавіка адбылася прэс-канфэрэнцыя, на якой Любоў Кавалёва падпісала заяву ў праваахоўныя органы. Яна просіць паведаміць ёй, які менавіта орган прывёў у выкананьне прысуд яе сыну.

Як кажа праваабаронца Раман Кісьляк, гэта неабходна для таго, каб ведаць, з каго патрабаваць зьвестак пра месца пахаваньня. Праўда, ці можна будзе вызначыць гэтае месца, зусім не вядома.

«Гэта нават ня могілкі, а проста ў лесе закопваюць, — тлумачыць Кісьляк. — Вызначыць, дзе цяпер знаходзіцца цела Кавалёва, як мінімум складана. Але калі такая магчымасьць ёсьць, то будзем дабівацца».

Раман апавядае, што пра тое, як хаваюць асуджаных на сьмерць у Беларусі, вядома толькі з расповедаў былога начальніка СІЗА № 1 Менску Алега Алкаева.

Раман разам зь іншымі праваабаронцамі змагаецца за тое, каб беларуская дзяржава прызнала шматлікія парушэньні пры вядзеньні працэсу Кавалёва і Канавалава. На гэтым шляху ёсьць першыя вынікі. Летась пры канцы кастрычніка Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў, што тут былі парушаныя права на жыцьцё і абарону, прэзумпцыя невінаватасьці і справядлівасьць судовага разбору. У пастанове Камітэту таксама адзначалася, што падчас сьледзтва ў дачыненьні да Кавалёва прымяняўся фізычны і псыхалягічны ціск.

Беларускія ўлады мусяць адрэагаваць на рашэньне Камітэту ААН да 3 ліпеня. Але пакуль не зрабілі нічога, — кажа Кісьляк.

Любоў Кавалёва са сьлязьмі распавядае, як цяжка хаваць сваіх дзяцей. Але за прызнаньне свайго сына невінаватым змагаецца яна адна. Бацькі Дзьмітрыя Канавалава ад кантактаў з журналістамі і праваабаронцамі катэгарычна адмаўляюцца. Не размаўляюць нават з самой Любоўю, якая жыве зусім побач зь імі.

Пра гэта распавядае віцебскі праваабаронца Павал Левінаў:
Цяпер Канавалавы ні з кім не кантактуюць. Калі Любоў бачаць, то на іншы бок вуліцы пераходзяць

«Сям’я Канавалавых пасьля самой падзеі і падчас суду і нават пасьля яго была пад аховай. На кантакт зь імі немагчыма было выйсьці. Можна меркаваць, што на іх быў аказаны магутны ціск. Там быў затрыманы і бацька Дзімы, і ягоны старэйшы брат. Цяпер яны ні з кім не кантактуюць. Калі Любоў бачаць, то на іншы бок вуліцы пераходзяць».

Але аднойчы Любові ўдалося перагаварыць з маці Канавалава. Тая паабяцала, што, можа, выйдзе на размову, але мусіць параіцца з мужам. І пасьля гэтага яна ізноў замаўчала.

Ніякіх новых фактаў пра тэракт у менскім мэтро за гэты год праваабаронцы і Любоў Кавалёва не даведаліся. Але яны пэўныя: людзі ня вераць у вінаватасьць Кавалёва і Канавалава.

Любоў Кавалёва: «Адкрыта мне ніхто не пагражаў, ніхто не абражаў мяне. Людзі розныя, вядома, па-рознаму сытуацыю ўспрымаюць. Але большасьць, думаю, разумеюць, што адбылося. Яны ня вераць, што хлопцы гэта зрабілі. Магчыма, таму такое стаўленьне і да мяне, і да сына. Да гадавіны вельмі шмат лістоў атрымала.

Сябры Ўлада прыходзяць да мяне. Мы зьбіраліся 17 студзеня, ва Ўлада быў бы дзень народзінаў. Дакладнай даты забойства мы ня ведаем. Яны мяне не пакідаюць, стараюцца быць са мной».

Яшчэ адзін выпадак у Віцебску толькі падмацаваў веру людзей у невінаватасьць Канавалава і Кавалёва — лічыць Павал Левінаў.

«Справа ў тым, што на гэтых хлопцаў таксама павесілі й выбухі ў Віцебску 2005 году. Пры канцы мінулага году каля будынка КДБ узарвалі выбуховую прыладу. Нібыта затрымалі грамадзянку, нібыта шмат разоў судзімую, у яе знайшлі нейкія слоічкі, як у 2005 годзе рэчывы ўзрываліся. І я цяпер пачынаю думаць: калі гэта сапраўды так, то, магчыма, гэты чалавек і ў 2005 годзе рабіў выбухі ў Віцебску? А ў прысудзе напісана, што гэта Канавалаў і Кавалёў».

Любоў Кавалёва: «Такое адчуваньне, што сьледзтва ня зьнішчыла лябараторыю Дзімы Канавалава, а яна перайшла ў спадчыну гэтай 43-гадовай жанчыне. Вы ж самі разумееце, што гэта глупства. Натуральна, у гэта ніхто ня верыць».

Павал Левінаў кажа, што расьсьледаваньнем віцебскіх выбухаў займаюцца адны і тыя ж структуры і тут яшчэ можна чакаць новых спраў: «Нам гэтыя лябараторыі паказваюць тыя, хто іх сам стварае. Я да прысуду ў свае падвалы гадоў 10 не хадзіў. А пасьля хуценька пабег туды — раптам у мяне таксама там лябараторыя? Раптам я таксама там нешта вару, ляплю, гатую? Я жадаю ўсім грамадзянам, каб нам нашыя лябараторыі па тэлевізары не паказвалі. Часьцей заходзьце ў свае дамы, адрыны, падвалы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG