Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ляпісаў» узнагародзілі прэміяй за ўнёсак у музыку


Гурт «Ляпіс Трубяцкой» атрымае першую беларускую прафэсійную прэмію Rock Profi ў галіне року і альтэрнатыўнай музыкі.

Пра гэта БелаПАН паведаміў адзін з заснавальнікаў прэміі, уладальнік студыі гуказапісу «Осмас» Павал Юрцэвіч. «Ляпіс Трубяцкой» перамог ў намінацыі «За ўнёсак».

«Мы б вельмі хацелі, каб музыкі гурта „Ляпіс Трубяцкой“ прысутнічалі на цырымоніі, але, на жаль, гэта немагчыма. Група цяпер знаходзіцца ў гастрольным туры, і прыехаць не зможа ніхто. Тым ня менш гэта ніяк не паўплывае на іх перамогу ў намінацыі, яны яе заслужылі і атрымаюць, рана ці позна», — зазначыў Юрцэвіч.

Прэмія Rock Profi, арганізаваная Юрцэвічам сумесна з кіраўніком праекту Experty.by Зьмітром Бескаравайным, адрозьніваецца ад іншых тым, што журы ў ёй — самі музыкі, у прыватнасьці, тыя, хто на працягу апошніх трох гадоў выпусьціў поўны студыйны альбом.

Пераможцы ў намінацыях «Найлепшы альбом», «Найлепшая песьня», «Артыст году», «Дэбют году» і «Найлепшы запіс» вызначаюцца па выніках двух тураў галасаваньня, адзін зь якіх ужо прайшоў, а фінальны адбудзецца на гэтым тыдні. Галасаваньне па намінацыі «За ўнёсак» праходзіць у адзін тур.

Пасьля падвядзеньня вынікаў першага туру галасаваньня, у якім прынялі ўдзел 57 калектываў і выканаўцаў, вызначаны прэтэндэнты на перамогу ў пяці намінацыях.

Гэтак, за званьне найлепшай песьні па вэрсіі прэміі Rock Profi змагаюцца
  • «Кроў, бы вада» (Akute),
  • On Rewind (Clover Club),
  • «Жалезны» («Ляпіс Трубяцкой»),
  • «Зусім іншы ў жыцьці» (Сяргей Пукст) і
  • «Чорная рэчка» («Серебряная свадьба»).

На перамогу ў намінацыі «Найлепшы запіс» прэтэндуюць альбомы
  • «Не існуе» (Akute),
  • Random Mood Jukebox (Clover Club),
  • Futuremental (Yellow Brick Road),
  • «Ваячак» Зьмітра Вайцюшкевіча & WZ-Orkiestra,
  • Laterna Magica ад «Серебряной cвадьбы».

На права называцца найлепшым альбомам прэтэндуюць тыя ж кружэлкі, за выключэньнем альбому «Ваячак» Зьмітра Вайцюшкевіча & WZ-Orkiestra, замест якога ў гэтай намінацыі прысутнічае «Рабкор» гурта «Ляпіс Трубяцкой».

«Дэбютам году» могуць стаць такія калектывы, як
  • 2morrow2late,
  • Сlover Club,
  • Hair Peace Salon,
  • Nizkiz,
  • Sang Sattawood.

На званьне «Артыст году» прэтэндуюць гурты
  • Akute,
  • The Toobes,
  • «Дай Дарогу!»,
  • «Ляпіс Трубяцкой»,
  • «Серебряная свадьба».

Уручэньне ўзнагарод адбудзецца 16 красавіка ў Менску на закрытай цырымоніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG