Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі ў вадзе


«Пашкадавалі саляркі на ледакол — цяпер усё затоплена!»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:09 0:00

«Пашкадавалі саляркі на ледакол — цяпер усё затоплена!»

На тэрыторыі Гомельскай вобласьці з-за разьліву рэк і талай вады падтоплена звыш 330 падворкаў і гаспадарчых пабудоваў, 107 лецішчаў, 3 участкі аўтадарог.

У Мазырскім раёне на вада ў Прыпяці перавысіла небясьпечны 5-мэтровы ўзровень — затоплены дзесяткі лецішчаў у садовых каапэратывах «Ветразь», «Крынічка». Паводка дабралася да шэрагу прыватных сядзібаў на вуліцы Гогаля ў самым Мазыры.

Міхаіл Арэшчанка
Міхаіл Арэшчанка
Браты Міхаіл і Рыгор Арэшчанкі з Мазыра рознымі шляхамі спрабавалі дабрацца да свайго лецішча ў таварыстве «Ветразь», але так і не змаглі. Старэйшы Міхаіл, чарнобыльскі перасяленец, прама на дарозе праваліўся адной нагой пад крохкі лёд, зачарпнуў вады ў высокі гумовы бот і першым кінуў зацею пераадолець апошнія паўкілямэтра лядова-вадзянога шляху.

У Рыгора гумовая рыбацкая амуніцыя да самых пахаў, але ён адступае перад стыхіяй:

«Прыйшлі на лецішча для таго, каб падняць у доміку з падлогі канапу, ложак. Падтопіць, дык каб не намокла й не прапала. Толькі з-за гэтага. Але ж дабрацца нельга: вакол лёд ломіцца, усё плыве. У 1999 годзе была вада такая, нават крыху большая. У мяне ў дамку тады было на падлозе вады сантымэтраў сорак, хаця фундамэнт больш як мэтар».

Мазырчукі лічаць, што такой паводкі на гэты час магло б і ня быць.

Рыгор Арэшчанка
Рыгор Арэшчанка
Рыгор: «Сёлета тапіла б меней, але забіла крыгаходам раку. Усе з тыдзень скардзіліся, што затор і вада моцна прыбывае. І толькі потым недзе ля Юравічаў лёд узарвалі. У маім пад’езьдзе пажарнік жыве. Дык я ўчора запытаўся ў яго: „Узарвалі?“ Адназвае: „Узарвалі! На сем сантымэтраў вада ўпала“, — так ён мне ўчора сказаў».

У садовае таварыстве «Ветразь» пабудавалася багата мясцовых рачнікоў. Акурат яны лічаць: Мазырскі раён таму найбольш пакутуе ад паводкі, што ратавальнікі й рачнікі позна спахваціліся, калі лядовыя крыгі ніжэй па цячэньні ўтварылі на Прыпяці сапраўдную плаціну — і вада хлынула найперш на левабярэжжа.

Апавядае былы працаўнік Мазырскага порту, які назваўся Рыгорам:

«Празявалі пры канцы лютага й на пачатку сакавіка момант, калі пачаўся рух лёду. Запусьцілі б з рачнога порту ледакол ўніз, і ён бы ўзламаў лёд да Нароўлі. Кожны год на рацэ ва ўрочышчы Карпавыя Рагі ўтвараюцца заторы. І сёлета там штучная плаціна ўтварылася. Тэлефанавалі ратавальнікам, а яны: не перашкаджайце працаваць — усё пад кантролем. Не было гэтай лядовай плаціны — не было б і такой паводкі. Бочку саляркі пашкадавалі — і столькі шкоды людзям нарабілі».

Сям’я спадара Мікалая з таварыства «Ветразь» трымае на лецішчы круглы год курэй:

Мікалай
Мікалай
«Хляўчук затапіла — там куры былі. Давялося іх эвакуяваць у дом на вэранду. Угнаеньні мінеральныя там былі, маёмасьць сякая-такая — усё прапала. Калі б ратавальнікі добра займаліся сытуацыяй, паводкі такой не павінна быць».

Пэнсіянэр Міхаіл з жонкай Тамарай вяртаюцца са свайго лецішча ў таварыстве «Крынічка». У іх пад ваду пайшоў увесь участак:

Міхаіл і Тамара
Міхаіл і Тамара
«Яшчэ па вокны няма, але, пэўна, будзе. Зараз хадзілі ложкі паднялі, на колькі маглі. Бульбу паднялі вышэй. А далей невядома што будзе. Ужо скрыні дзьве бульбы выкінулі. Калі ўся прападзе, то гэта 25 вёдраў насеннай бульбы. Лядоўню тасама паднялі вышэй. Калі ўсё гэта затопіць, значыць усё й прападзе».

Спадарыня Тамара дадае, што пасьля вады ня выжыве й гарод са шматгадовымі расьлінамі й кустарнікамі:

«Усё прапала на агародзе — зімовы часнык, цыбуля, трускаўкі, садовыя суніцы, маліна. Адзінае, што можа застацца, дык гэта чорныя парэчкі».

Мясцовыя жыхары сьцьвярджаюць, што дзяржаўная страхавая кампанія неахвотна страхуе праблемныя ў сэнсе паводкі лецішчы:

«Ня хочуць страхаваць у нас лецішчы, відаць, з тае прычыны, што тут паводкі бываюць. Топіць жа ўсё — нават і мэбля прападае. Прыватызаваныя лецішчы, дык тыя страхуюць».

Садовы кааператыў "Ветразь"
Садовы кааператыў "Ветразь"


Прадстаўнік Белдзяржстраху ў Мазыры так камэнтуе прэтэнзіі дачнікаў:

«Застрахаваць лецішчы ў прынцыпе можа, але за цяперашнюю шкоду, якую вада нанесла, нічога ня зможам заплаціць. Бо ёсьць зьвесткі гідрамэту, што былі ўзроўні, якія перавышаюць небясьпечную мяжу — дачы былі ўжо затоплены».

Былы капітан-настаўнік у Мазырскім порце Мікалай Пышнік апавёў, што чальцы садовага таварыства «Парус» напісалі лісты пра цяперашнюю паводку:

«Напісалі мы лісты калектыўныя Ўладзімеру Дворніку, міністру надзвычайных сытуацыяў і нават Аляксандру Лукашэнку наконт гэтай вялікай вады. Порт няшчасны — ён павінен даваць дызэльнае паліва на ледакол. А ратавальнікі, з кім гаварыў, так адказваюць: калі мы дадзім паліва на ледакол, дык прэміі ня будзе. Трэба нешта мяняць у корані».

Падворак на вуліцы Гогаля ў Мазыры
Падворак на вуліцы Гогаля ў Мазыры
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG