Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У п’яных забіраюць бясплатную мэдыцыну


Улады Беларусі плянуюць увесьці аплату мэдычных паслугаў для тых грамадзян, каму дапамога спатрэбілася ў выніку алькагольнага ап’яненьня. Адпаведны законапраект Савет міністраў перадаў на разгляд Палаты прадстаўнікоў.

Упершыню з ініцыятывай перакласьці выдаткі за лекаваньне на саміх пацярпелых, якім спатрэбілася дапамога з прычыны наступстваў алькагольнага ап’яненьня, выступіў Аляксандар Лукашэнка, падчас наведваньня Рэспубліканскага цэнтру нэўралёгіі 21 студзеня гэтага году. Ужо 14 сакавіка адпаведны законапраект Савет міністраў перадаў у Палату прадстаўнікоў. Меркаваньні мінакоў на вуліцах Менску пра новую ініцыятыву ўладаў падзяліліся:

Спадарыня: «Толькі самі мусяць плаціць — тут нармальным людзям няма магчымасьці нармальна лячыцца, а яны самі вінаватыя. Таму няхай самі і плацяць».

Спадар: «Згодны. Няхай самі плацяць за лячэньне, альбо няхай не зьвяртаюцца. Я вось не зьвяртаўся — бачыце, што пад акулярамі? Гэта мяне пару дзён таму „пабаксіравалі“ крыху. Сёньня штраф заплачу, што быў у нецьвярозым стане ў грамадзкім месцы — усё правільна. Трэба дома заставацца ў такім стане».

Спадарыня: «О-о-о — вельмі вялікая праблема, я не магу сказаць адназначна. Ведаеце, у нецьвярозым стане можна быць зь любых прычынаў, і траўму атрымаць у цьвярозым стане. Гэта трэба ведаць чалавека: калі ён сапраўды трымаецца асацыяльнага ладу жыцьця, то, магчыма, можна яго гэтак караць. Але зь якіх сродкаў ён будзе гэта аплачваць? У яго і сродкаў такіх няма, каб заплаціць. А чалавек ёсьць чалавек — усё ў яго можа здарыцца. Таму мне цяжка нешта сказаць. Пэўна, я ўсё ж супраць».

Які будзе парадак прызнаньня нецьвярозага стану чалавека, выяўленьня ягонай платаздольнасьці, ці будзе аказвацца неадкладная мэдычная дапамога, які мае быць памер аплаты — распрацоўшчыкі законапраекту не камэнтуюць, але пагаджаюцца, што новы законапраект выкліча багата пытаньняў. Гаворыць начальнік Упраўленьня аховы здароўя Савету міністраў Міхаіл Друзік:

«Вядома, тэма няпростая і дыскусійная — вы ж самі гэта адчуваеце, цяпер яе абмяркоўваюць. Пакуль што рана нешта казаць, бо, вядома, гэтае рашэньне будзе прымацца камісійна і з улікам аб’ектыўнасьці ўсіх фактараў. Тады ўжо будзе больш яснасьці ў гэтым пытаньні».

Увядзеньне аплаты за мэдычныя паслугі парушае правы грамадзян і скіраванае на ашчаджаньне бюджэтных сродкаў любымі мэтадамі — гэтак пракамэнтаваў ініцыятыву ўладаў юрыст Уладзімер Лабковіч:

Уладзімер Лабковіч
Уладзімер Лабковіч
«Распрацоўваючы такі законапраект, улады пайшлі паводле аналёгіі з крымінальным правам, дзе стан алькагольнага ап’яненьня чалавека зьяўляецца фактарам, які абцяжарвае ягоную віну. Калі ж мы кажам пра грамадзка-прававое здарэньне, асабліва калі чалавек сам прычыніў сабе шкоду ў стане алькагольнага ап’яненьня, то, безумоўна, дзяржава ня можа абмяжоўваць чалавека ў атрыманьні неадкладнай дапамогі ці пасьля браць за гэта грошы. Гэта абавязак дзяржавы — аплачваць лячэньне падаткаплатніка, што гарантавана Канстытуцыяй і рэгулюецца заканадаўствам аб мэдычным забесьпячэньні. Дзяржава ўсімі сродкамі ў год беражлівасьці імкнецца эканоміць, толькі, як заўжды, робіць гэта коштам грамадзян, а ня коштам зьмяншэньня карупцыі ці выдаткаў — абсалютна бязглуздых і непатрэбных».

Новы законапраект мае быць разгледжаны ў першым чытаньні ўжо падчас бліжэйшых паседжаньняў Палаты прадстаўнікоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG