Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пералом у судзе над Юрыем Дорнам


Кіраўнік Юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі Юры Дорн, архіўнае фота
Кіраўнік Юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі Юры Дорн, архіўнае фота

Зь Юрыя Дорна зьнялі большасьць абвінавачаньняў.

Пра гэта Радыё Свабода паведаміў адвакат Юрыя Дорна Аляксей Ярмошын:

«Як яму пагражала пазбаўленьне волі, так і пагражае. Але самае цяжкае абвінавачаньне было перакваліфікаванае на менш цяжкае».

Гэтае абвінавачаньне тычылася атрыманьня Дорнам хабару ў 13 тысяч даляраў. Паводле папярэдняга артыкулу, яму пагражала да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

«Абарона з самага пачатку казала, што ні пра які хабар там ня можа быць гаворкі. Тое, што сёньня адбылося, гэта толькі пацьвярджае нашую пазыцыю», — кажа Ярмошын.

Працэс над кіраўніком Юдэйскага рэлігійнага аб’яданьня Юрыем Дорнам выклікаў скандал спасярод габрэйскай грамадзкасьці. Яго затрымалі летась 13 сакавіка. Сьледчы камітэт паведамляў, што Юрыя Дорна вінавацяць паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу: апроч атрыманьня хабару, гэта яшчэ перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў, ухіленьне ад выплаты падаткаў, выкраданьне альбо пашкоджаньне дакумэнтаў, штампаў, пячатак і службовы падлог, а таксама іншыя махінацыі са здачай маёмасьці ў арэнду.

Перакваліфікацыя абвінавачаньня — заслуга працы адвакатаў, ананімна кажуць Радыё Свабода ўдзельнікі і назіральнікі за працэсам.
Юрыя Дорна цяпер вінавацяць толькі ў перавышэньні ўлады і службовых паўнамоцтваў

Паздымалі з Дорна й іншыя абвінавачаньні. Ярмошын тлумачыць гэта тым, што «абвінавачаньне пачысьціла відавочныя юрыдычныя памылкі». Такім чынам, Юрыя Дорна цяпер вінавацяць толькі ў перавышэньні ўлады і службовых паўнамоцтваў — пракурор сьцьвярджае, што Дорн незаконна здаваў у арэнду памяшканьні, якія належаць Юдэйскаму рэлігійнаму аб’яднаньню. Такіх выпадкаў за апошнія тры гады набралася колькі дзясяткаў.

Што да вынікаў працэсу, то адвакат камэнтаваць іх не бярэцца: «Мая задача — абараніць невінаватага чалавека. Калі ўсё ж суд прызнае яго вінаватым, то абарона будзе змагацца за мінімальнае пакараньне. Гадаць на каве я ня буду: штраф там ці да трох гадоў. Не хачу і не раблю такога ніколі».

Цікавасьць да працэсу выклікае і той факт, што адвакат Дорна Аляксей Ярмошын — сын старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай.
Адвакат Дорна Аляксей Ярмошын — сын старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай

Самым яскравым момантам абвінавачаньня Дорна стала гісторыя з глыбокімі каранямі. Паводле матэрыялаў сьледзтва, у 2001–2002 гадах Юрый Дорн незаконным чынам завалодаў домам у Радуні, у якім нарадзіўся Ісраэль Мэір Пупко, вядомы як Хафец Хаім. Гэты драўляны будынак разабралі з дапамогай мясцовых жыхароў, вывезьлі праз памежны пункт Беняконі, даставілі ў порт Клайпеды, а далей вывезьлі ў ЗША. Паводле сайту ешывы Хафеца Хаіма ў Нью-Ёрку, дом цяпер у іх. Камэнтароў ад ешывы атрымаць пакуль не ўдалося. Аднак на сваёй вэб-старонцы ешыва называе перанос дому Хафеца Хаіма у ЗША адным з галоўных сваіх праектаў.

Радыё Свабода высьветліла, што цяпер будынак радунскай ешывы, гэтаксама, як і дом, належаць Рабіну Заксу з ЗША.

Хафец Хаім — адзін з самых аўтарытэтных асьветнікаў габрэяў у XX стагодзьдзі. Адна зь ягоных кніг, Мішна Брура, стала асноўным кодэксам жыцьця і паводзінаў рэлігійных габрэяў усяго сьвету. Хафец Хаім нарадзіўся ў Дзятлаве ў 1838 годзе. У Радуні ён стварыў ешыву, будынак якой захаваўся і дагэтуль. Цяпер там клюб. У Радуні таксама і магіла Хафеца Хаіма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG