Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юлі Абрамовіч: Дорн ня браў хабару


Завершана расьсьледаваньне крымінальнай справы адносна кіраўніка Юдэйскага рэлігійнага аб'яднаньня ў Беларусі Юрыя Дорна. Яму прад'яўлена абвінавачаньне па 7 артыкулах Крымінальнага кодэксу Беларусі. У Юдэйскім рэлігійным аб'яднаньні заяўляюць, што Юры Дорн ня браў хабару.

Юрыя Дорна затрымалі ў сакавіку, супраць яго распачалі справу паводле артыкула «атрыманьне хабару». Як патлумачылі карэспандэнту Свабоды ў Сьледчым камітэце, Юры Дорн як службовая асоба, адказная за выкананьне арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых функцыяў аб'яднаньня, атрымаў больш за 13 тысяч даляраў хабару за спрыяньне ў заключэньні дамовы арэнды нежылых памяшканьняў, якія належаць рэлігійнаму аб'яднаньню.

Паводле сайта IzRus, Юрыя Дорна выдаў міліцыі нейкі ізраільскі бізнэсмэн, які меў від на жыхарства ў Беларусі. Нібыта ізраільцянін даў сьледчым пазначыць грашовыя купюры, якімі зьбіраўся аплаціць арэнду памяшканьня на год наперад. Потым перадаў гэтыя купюры Дорну, і іх, нібыта, знайшлі падчас ператрусу.

Выканаўчы дырэктар Юдэйскага рэлігійнага аб'яднаньня Юлі Абрамовіч лічыць, што гэты бізнэсовец сам меркаваў заняць пасаду кіраўніка аб'яднаньня. Юлі Абрамовіч ня стаў камэнтаваць дзеяньні Сьледчага камітэту, бо суд яшчэ не адбыўся. Але ён заявіў карэспандэнту Свабоды, што ня верыць, каб Дорн браў хабар.

«Ня наша справа абараняць Дорна. Абарону яго трэба даручыць адвакатам. Юры Міхайлавіч па-ранейшаму застаецца старшынёй Юдэйскага рэлігійнага аб'яднаньня ў РБ, з пасады яго ніхто не здымаў. Ён абмежаваны ў правах толькі тым, што сядзіць у СІЗА. Будзем чакаць рашэньня суду. Асабіста я лічу, што Дорн не вінаваты ні ў якім хабары. Браць хабар за арэнду памяшканьняў – гэта наагул сьмешна. Калі ў яго, магчыма, і былі нейкія падатковыя парушэньні, то гэтую віну можа вызначыць суд. Так што будзем чакаць суду».

У Сьледчым камітэце тлумачаць, што выявіліся новыя эпізоды і цяпер Юрыя Дорна вінавацяць паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу: апроч атрыманьня хабару, гэта яшчэ перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў, ухіленьне ад выплаты падаткаў, выкраданьне альбо пашкоджаньне дакумэнтаў, штампаў, пячатак і службовы падлог.

Кіраўнік Саюзу габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў Беларусі, заслужаны архітэктар Рэспублікі Беларусь Леанід Левін кажа, што пакуль ня ведае падрабязнасьцяў справы, якую распачалі супраць Юрыя Дорна:

«Ну што мы можам казаць? Калі рабіў шкоду, то трэба адказваць за гэтую шкоду. Я так разумею, што гэта ня ёсьць нашым нацыянальным пытаньнем. Але я зусім ня ведаю, што ён там нарабіў. Я зьбіраюся склікаць прадстаўнікоў нашага рэлігійнага аб'яднаньня і абмеркаваць гэтае пытаньне. Мы толькі сёньня чулі, што там шмат усялякіх пытаньняў. Няхай глядзяць прафэсіяналы, кажуць, што і як. Але каб абараняцца ці нападаць, трэба ведаць пытаньне. Цяпер я, на жаль, не валодаю пытаньнем, якое тычыцца Дорна».

Дата суду яшчэ не прызначаная. Абвінавачаны і яго адвакат цяпер знаёмяцца з матэрыяламі справы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG