Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малюта, паплечнік Цесака, мог удзельнічаць у нападзе на Саньнікава


Сяргей Кароткіх (Малюта). Фота: lifenews.ru
Сяргей Кароткіх (Малюта). Фота: lifenews.ru

Малюта быў сябрам Валера Ігнатовіча, які пажыцьцёва асуджаны за забойства Дзьмітрыя Завадзкага. А пры канцы 90-х мог удзельнічаць у акцыях РНЕ супраць дэмакратычных актывістаў. Яго «крышуе» беларускае КДБ, таму ад усіх абвінавачаньняў ён сыходзіць беспакарана. Гэты чалавек больш небясьпечны за Цесака – упэўнены былы супрацоўнік беларускай пракуратуры Дзьмітры Петрушкевіч.

«Чуткі пра тое, што ён са сваімі людзьмі зьбіў нейкіх апазыцыянэраў у 1999 годзе я памятаю добра, — кажа карэспандэнту Радыё Свабода былы супрацоўнік пракуратуры Дзьмітры Петрушкевіч. — Цяпер атрымліваецца, што гэта былі Саньнікаў, Бандарэнка і Бябенін. А калі супаставіць факты ягонай біяграфіі і дадаць чарговае вызваленьне, то асабіста ў мяне не застаецца аніякіх сумненьняў у тым, што ён супрацоўнічае менавіта зь беларускімі спэцслужбамі».

«Саньнікаў ляжаў у лужы крыві і некалькі чалавек яго зьбівалі нагамі. Яго фактычна забівалі, — распавядае Радыё Свабода Дзьмітры Бандарэнка. — У мяне пэўныя навыкі службы ў спэцназе, заняткі ўсходнімі адзінаборствамі, але і гэта ня выратавала. Я проста выбег на праезную частку».

«А Лукашэнка тады сказаў: «Фашысты зьбілі фашыстаў», — кажа Бандарэнка. Зачыстка апазыцыйных палітыкаў пачалася менавіта з нападу на Саньнікава — упэўнены ён.

Актывісты РНЕ напалі на палітыкаў у лютым 1999 году. Бандарэнка кажа, што кіраваў нападам сам лідар РНЕ Глеб Самойлаў. «Нас было трое, іх было 20 чалавек, — тлумачыць ён. — Тады Бябенін трапіў у шпіталь, у яго былі ныркі пашкоджаныя. У Саньнікава дзьве рабрыны паламаныя, нос зламаны і сатрасеньне мозгу».

Петрушкевіч — былы супрацоўнік беларускай пракуратуры. Удзельнічаў у расьсьледаваньні справаў зьніклых палітыкаў. Цяпер жыве ў ЗША. Вызваленьне з-пад варты Сяргея Кароткіх (Малюты) яго абурыла. «Можна па-рознаму ставіцца да вызваленьня Марцынкевіча, які нібыта пагадзіўся супрацоўнічаць са сьледзтвам... але той факт, што на наступную раніцу быў адпушчаны Малюта, не ўкладаецца ўжо ні ў якія рамкі», — піша Петрушкевіч у сваім блогу на Беларускім партызане. Петрушкевіч упэўнены: беларускія спэцслужбы «крышуюць» Малюту яшчэ з канца 90-х.

“Малюту ў РНЕ прывёў Ігнатовіч”

Сяргей Кароткіх нарадзіўся ў 1969 годзе. У Расеі вядомы як адзін з кіраўнікоў экстрэмісцкай арганізацыі Нацыянальна-сацыялістычная супольнасьць. Праўда, адтуль яго «выгналі» за шкоду арганізацыі.

Чуткі пра тое, што Малюта — агент ФСБ, ходзяць і ў Расеі. Больш за тое, Малюта лічыцца арганізатарам выбуху на Манежнай плошчы ў 2007 годзе.
Зь сярэдзіны 2000-х ягонае прозьвішча найчасьцей сустракаецца побач зь імем Максіма Марцынкевіча (Цесака). Сам Малюта — грамадзянін Беларусі. Настальгію па беларускіх каранях мае і Цясак.

Да таго як стаць вядомым праз сваю нацыяналістычную дзейнасьць у Расеі, Малюта пасьпеў праявіць сябе і ў Беларусі. Тут ён уваходзіў у Расейскае Нацыянальнае адзінства. І прывёў яго туды ніхто іншы, як Валер Ігнатовіч, пазьней асуджаны за выкраданьне і забойства Дзьмітрыя Завадзкага.

«Там стаяў чалавек у камуфляжнай форме, — працягвае апісваць напад РНЕшнікаў Бандарэнка. — Мы думалі, што гэта проста нейкі афіцэр стаіць. Але потым у міліцыі нам сказалі, што гэта быў Ігнатовіч. Фактычна Ігнатовіч тады кіраваў нападам на Саньнікава».

«Ігнатовіч і прывёў Малюту ў РНЕ, — сьцьвярджае Петрушкевіч. — Яны былі досыць блізкія. Але нягледзячы на гэта Кароткіх заняў больш высокі статус у арганізацыі».

Чаму? Паводле вэрсіі Петрушкевіча, Малюта мог забясьпечыць фінансаваньне. А вось адкуль гэтае фінансаваньне — такое пытаньне тады нават высьвятляць было небясьпечна.

«Пра сувязь Кароткіх са спэцслужбамі ўсім было вядома яшчэ ў 90-я (рознагалосьсі тычыліся толькі ступені іх блізкасьці), шмат якія факты сапраўды мелі месца, — піша Петрушкевіч у блогу.

«Кароткіх быў намесьнікам Самойлава, фактычна другім чалавекам у РНЕ, — кажа Дзьмітры Петрушкевіч у размове з Радыё Свабода. (Паводле інфармацыі Радыё Свабода, Малюта ўзначальваў адно з падразьдзеленьняў РНЕ «Варяг») — А Ігнатовіч займаўся пытаньнямі апэратыўнага забесьпячэньня. У іх была даволі сур’ёзная арганізацыя ў пляне фізпадрыхтоўкі. Яны тады даволі шматлікія маршы праводзілі зь лёзунгамі «Расея, Сэрбія, Беларусь».

Міліцэйскія рэйды ў 90-я праходзілі разам з актывістамі РНЕ

Бандарэнка ўпэўнены: такія арганізацыі заўжды кіруюцца спэцслужбамі. А ў Беларусі гэтыя сувязі самыя канкрэтныя. «Быў куратар у асобе Ігнатовіча, былога афіцэра «Алмазу», — кажа Бандарэнка.

Гэтую вэрсію пацьвярджае і Петрушкевіч: «Пагаворвалі тады пра сувязі Самойлава (лідара беларускага РНЕ) з ФСБ, а ў тыя часы гэта было страшней за любы КДБ ці СОБР».

"Увогуле, гэта быў страшны час, які стараесься забыць, а ня згадваць у дэталях, — прызнаецца Петрушкевіч.

«У 1999 годзе газэта «Народная воля» разам з Хартыяй 97 праводзіла конкурс «Выберы свой урад, — распавядае РС Дзьмітры Бандарэнка. — І кіраўніком ураду чытачы назвалі Генадзя Карпенку, міністрам юстыцыі — Ганчара, міністрам эканомікі — Чыгіра, міністрам замежных справаў — Саньнікава, міністрам унутраных справаў — Захаранку і т.д.

І потым Карпенка памірае, Чыгір арыштаваны, Захаранка, Ганчар і Красоўскі зьнікаюць. А на Саньнікава першым напалі — чалавек цудам застаўся жывы».

Крымінальную справу пра напад на дэмакратычных актывістаў скасавалі. Бандарэнку пагражала некалькі гадоў турмы, бо калі ён бараніўся, з боку фашыстаў былі пацярпелыя.

«А міліцыя Першамайскага раёну ў тыя часы праводзіла рэйды сумесна з актывістамі РНЕ, якія былі апранутыя ў камуфляж са свастыкамі. Былі пагрозы на адрас маёй сям’і. У паштовую скрыню закідвалі газэту „Русский порядок“ са свастыкай, — тлумачыць Бандарэнка. — Ігнатовіч тады спакойна прыходзіў у міліцыю. Я пытаўся тады ў міліцыянтаў: А як тут фашысты ходзяць са свастыкай. Яны мне адказвалі: Ну ён жа былы наш, ён жа быў у нашай сыстэме МУС».

Малюту крышуюць спэцслужбы. Гэта вынікае зь ягонай біяграфіі

У Ігнатовіча і Самойлава былі сур’ёзныя разыходжаньні. Самойлава болей цікавіла ідэалёгія, а Ігнатовіч і Кароткіх выступалі за больш экстрэмальныя мэтады, — кажа Петрушкевіч.

Праз пэўны час лідар беларускага РНЕ Глеб Самойлаў быў забіты ў пад’езьдзе свайго дома. Гэта адбылося 5 жніўня 2000 году.

«Расьсьледаваньне пра забойства Самойлава праводзілася сумесна з крымінальнымі справамі па фактах зьнікненьня беларускіх палітыкаў, — кажа Петрушкевіч. — І Кароткіх (Малюта) праходзіў па ім сьведкам».

На пэўным этапе справа трапілася самому Петрушкевічу.

«Кароткіх праходзіў па справе Самойлава як другасны сьведка, — распавядае Дзьмітры. — Я яго тады не дапытваў. Да мяне гэтая справа трапіла ўжо праз чатыры месяцы пасьля забойства і лічылася „глухарём“. Па ёй амаль ніхто не працаваў, а ў пратаколах допытаў былі толькі агульныя фразы».

Петрушэнка дапытваў іншых удзельнікаў РНЕ, але ўсе яны паводзілі сябе замкнёна. Дзмітры кажа, што супрацоўніцтва з «органамі» супраць правілаў такіх нефармальных аб’яднаньняў. Маўляў, таму і цяпер супраць Марцынкевіча і ягоных таварышаў нават не напісалі заявы. «А тое, што Марцынкевіч піша «Укантакце», што супраць яго «заявы катаюць», — гэта няпраўда, — сьцвярджае Петрушкевіч.

«У мяне няма падставаў меркаваць, што забойства Самойлава зьдзейсьніў Кароткіх, — кажа ён. — Але было дзіўна тое, што яго ніхто не правяраў на датычнасьць да забойства. Каго заўгодна правяралі, толькі не яго».

Петрушкевіч кажа, што ўжо тады ім тлумачылі: «у гэтую справу лепш ня лезьці». «У нас тады і так два чалавекі, што мелі дачыненьне да гэтай справы, памерлі. Я не сьцьвярджаю, што іх забілі, але сам факт гэты жаданьня працаваць не дадаваў».

«Тое, што Кароткіх „крышуюць“ беларускія спэцслужбы, відавочна зь ягонай біяграфіі. Ён жа ў Беларусі ніколі не прыцягваўся да адказнасьці, а ў Расеі яго расшуквалі за выбух, — заключае Петрушкевіч у гутарцы з Радыё Свабода. — Дый зараз яго ізноў адпусьцілі. І мне дзіўна, што беларускую апазыцыю справа Кароткіх зусім не хвалюе. Яго нават амаль ніхто ня згадвае».

Апошні раз назва РНЕ голасна прагучала ў сувязі з выкраданьнем у Беларусі актывістак FEMEN. Тады дзяўчаты паведамлялі, што людзі, якія зьдзекваліся зь іх, называлі сябе сябрамі менавіта гэтай арганізацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG