Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антыфашыст: Нэанацызм ператварае беларусаў у расейцаў


Беларускія антыфашысты на ўмовах ананімнасьці адказалі на пытаньні «Свабоды».

Нагодай для інтэрвію стала затрыманьне ў Менску лідэра расейскага экстрэмісцкага аб’яднаньня «Фармат-18» Максіма Марцынкевіча (мянушка — Цясак).

Гэта здарылася 14 лютага пасьля бойкі Марцынкевіча і двух ягоных паплечнікаў з чатырма беларускімі антыфашыстамі. Паплечнікі Марцынкевіча паранілі аднаго з антыфашыстаў нажом.

Сьледчы камітэт расьсьледуе крымінальную справу паводле часткі 3 артыкула 339 (асабліва злоснае хуліганства) Крымінальнага кодэксу. Падазраванымі прызнаныя тры чалавекі, сярод якіх Марцынкевіч.

_________________________________________


— Ці сапраўды паранены нажом антыфашыст атрымаў цяжкія траўмы і знаходзіцца ў рэанімацыі?

— Ужо ўсё нармальна, слава Богу. Першыя дні быў у рэанімацыі.

— Як удалося адсачыць «Цесака» і ці бываюць у Беларусі іншыя падобныя візытэры?

— Няцяжка было зразумець, што ён будзе ў Менску, тым больш што ён увесь час пісаў пра гэта на сваёй старонцы, нават рэкляму рабіў пра сэмінар у Менску. Магчыма, што прыяжджаюць і яшчэ такія, як «Цясак», але, прынамсі, ня гэтак «борза» сябе паводзяць.

— Што вядома пра «сэмінары Цесака» — як зьбіраў людзей, дзе праводзіў, пра што там гаварылася і ці маглі ведаць пра гэта спэцслужбы і ўлады?

Месцы правядзеньня «сэмінараў» трымаліся ў сакрэце. Каб пра іх даведацца, трэба было ўступіць у пэўную групу, дзе пазьней паведамлялася пра месца. Найхутчэй, што на гэтых сэмінарах, пад выглядам змаганьня з пэдафіліяй, ён прасоўвае ідэю нацызму ў сьвядомасьць маладых, бо гэта зручна. Слухач ужо распалены змаганьнем з пэдафіліяй, і тут яму падаюць яшчэ «дэсэрт» з розных ідэяў.

— Ці сапраўды можна казаць, што ў Беларусі ёсьць нэафашысцкі рух (групоўкі)? Наколькі яны распаўсюджаныя і моцныя, чым займаюцца? Чым яны небясьпечныя для беларускага грамадзтва?

Так, такія групы ёсьць. Збольшага ўсё будуецца на 2–3 ідэалягічна «падкаваных», а астатнія проста пад прапагандай і ў галаве ў іх поўная «каша»: сёньня яны майкі «Я русский» носяць, а заўтра ўжо шапкі з «Пагоняй». На гэты момант яны не ўяўляюць сабой нічога дзіка небясьпечнага. Проста ад іх многа шкоды ў тым, што плодзяць не патрыётаў, а антыпатрыётаў-беларусаў, якія прызнаюць сябе рускімі. У чым небясьпека, на мой погляд, відавочна.

— Беларускія антыфашысты — група сяброў, аднадумцаў, ці гэта нейкая структураваная арганізацыя?

Антыфашысты і антырасісты ў Беларусі — гэта сябры, ніякай структуры няма.

— Што азначае — змаганьне з нэафашыстамі? Як гэта адбываецца?

— Перадусім — гэта змаганьне з расізмам. Змаганьне з фашызмам ужо адышло збольшага. Магчыма, і ёсьць старыя закаранелыя фашысты, але яны ўжо нічога ня робяць. Па сутнасьці, у многіх правых фашызм прыроўніваецца да расізму. Для іх гэта проста «біць чорных», і ўсё. А свастыка — як паказьнік іх праўды.

— Ці ведаюць спэцслужбы і ўлады пра нэанацызм у Беларусі? Ці спрабавалі давесьці ім гэтую інфармацыю?

— А ім гэта нецікава было, а магчыма, і выгадна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG