У Менску затрыманы былы лідэр расейскага экстрэмісцкага аб’яднаньня «Фармат-18», скінхэд Максім Марцынкевіч (Цясак).
Гэтую інфармацыю карэспандэнту Свабоды пацьвердзілі ў Сьледчым камітэце Беларусі.
Ён быў дастаўлены ў міліцыю Партызанскага раёну і цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары.
Партызанскі раённы аддзел Сьледчага камітэту пачаў крымінальную справу паводле часткі 3 артыкула 339 (асабліва злоснае хуліганства) Крымінальнага кодэксу. Падазраванымі прызнаныя тры чалавекі, сярод якіх Максім Марцынкевіч.
"Выкарыстоўваючы нязначную нагоду трое падазраваных нанесьлі цялесныя пашкоджаньні грамадзяніну Беларусі, у тым ліку рэзаныя раны і мноства гузакоў. Цялесныя пашкоджаньні яны нанесьлі з дапамогай нажа і іншых прадметаў", патлумачылі "Свабодзе" ў Сьледчым камітэце.
Падазраваных затрымалі, цяпер яны ў ізалятары.Пытаньне аб меры стрыманьня вызначаецца, пакуль яны прызнаныя падазраванымі. Цягам дзесяці сутак будзе вырашана пытаньне аб прад'яўленьні абвінавачаньня.
У Сьледчым камітэце пакуль не пацьвердзілі інфармацыю, якая зьявілася ў інтэрнэце, што падчас інцыдэнту адбылася перастрэлка.
Паранены беларус 1983-га года нараджэньня спачатку быў зьмешчаны ў лякарню, а цяпер адпушчаны.
Паводле СМІ, Марцынкевіча затрымалі пасьля бойкі зь беларускімі антыфашыстамі. Ён мае беларускія карані і рэгулярна прыяжджае ў Беларусь.
Раней у Расеі Марцынкевіч атрымаў 3,5 гады зьняволеньня ў справе аб інсцэніроўцы пакараньня грамадзяніна Таджыкістана. У 2006 годзе 20 чалавек, апранутыя ў белыя балахоны Ку-клукс-кляну, інсцэніравалі пакараньне таджыцкага наркагандляра. Зьнялі на відэа і выклалі ў Інтэрнэт. Сярод арганізатараў быў і Марцынкевіч.Таксама яго пакаралі за экстрэмісцкія выказваньні падчас палітычных дэбатаў у адным з маскоўскіх клюбаў.
Перастрэлка з удзелам Цесака ў Менску, 14 лютага 2013. Зьнята камэрай назіраньня