Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няродная воля


Адны падданыя называлі яго Вызваліцель, а іншыя Вешальнік. 1 сакавіка 1881 году грамадзянін Аляксандар ІІ, паводле прафэсіі Імпэратар і Самадзержац Усяе Расеі, Цар Польскі, Вялікі Князь Фінляндзкі, Цар Астраханскі, Цар Сібірскі, Князь Эстляндзкі, Курляндзкі, Ліфляндзкі і Сямігальскі і проч. і проч. і проч., меўся паехаць у Манэж палюбавацца конным разводам.

Перахапіўшы зранку сяго-таго і напудрыўшы вусы, ён нарэшце загадаў везьці яго да любімых кавалерыстаў. Але чамусьці ня той дарогай, пра якую ўсе ведалі, што па ёй звычайна едзе цар. Рэформы, якія ён правёў, дапамаглі ягонай імпэрыі, якая ўжо даўно задыхалася пад уласнай непамернай вагон, пратрымацца яшчэ некалькі дзесяцігодзьдзяў — а сёньняшні капрыз даў магчымасьць і самому цару пражыць яшчэ некалькі каштоўных гадзін. Бо на шляху ў Манэж цара ўжо чакаў удзячны народ у выглядзе чатырох чальцоў арганізацыі «Народная воля»: Каспара, Бальтазара, Мэльхіёра і беларуса Ігната Грынявіцкага. Як водзіцца, з дарамі — самаробнымі бомбамі.

У нейкім сэнсе яны былі нават калегамі: Вызваліцель і нарадавольцы. Прафэсійная канкурэнцыя: хто больш народу панавызваляе. Народ паставіў на цара. Апошні раз. А паколькі нарадавольцы паставілі на народ, то ніякіх шанцаў у іх не было. Была толькі сьляпая нянавісьць і зграйка не прыручаных як сьлед бесаў у адчыненай клетцы.

Зразумеўшы, што цар на абранай для апэрацыі вуліцы сёньня так і ня зьявіцца, кіраўніца нарадавольцаў Соф’я Пяроўская хуценька паслала сваіх хлопцаў на Кацярынінскі канал, абмінуць які цар па дарозе назад ніяк ня мог. Празь нейкі час пачуўся грукат капытоў — цар вяртаўся. Ля каналу яго вітае аглушальны выбух. Гэта нарадаволец Рысакоў, які апынуўся бліжэй за ўсіх да царскага экіпажа, кінуў сваю бомбу ў Вызваліцеля. Паводле традыцыі ўсіх тэрарыстаў тых часоў, бомба абмінае сваю ахвяру і забівае аднаго з казакоў. Рысакова хапаюць. Цар загадвае пад’ехаць бліжэй і з усьмешкай назірае, як ахова ломіць рэбры паваленаму на брук бамбісту.

Відовішча цару спадабалася, ён нават пашкадаваў, што на той час яшчэ не прыдумалі відэакамэры. У самы пікантны момант (боты казакоў акурат пачалі апрацоўваць твар Рысакова) Аляксандар заўважыў краем вока, як да яго амаль усутыч падышоў нейкі анёльскага выгляду малады чалавек. Гэта і быў Ігнат Грынявіцкі, якога ў гімназіі называлі Коцікам за добры, мяккі нораў — і які кінуў пад ногі імпэратару яшчэ адну бомбу.

Наогул, бомбаю гэтага цара зьдзівіць было цяжка. Аляксандру ўжо некалькі разоў падкладвалі міну — то ў цягнік, то ў сталовую. А стралялі ў яго так часта, што ён ужо і зь ліку зьбіўся — і ўсё міма. Нездарма ён правёў вайсковую рэформу... Чалавек дваццаць прыслугі і аховы было забіта ў выніку гэтых замахаў і столькі ж паранена, паў сьмерцю храбрых імпэратарскі конь, а цару ні ў вуху вада. Толькі гэтым разам усё было іначай. Прасьцей, хутчэй і вельмі балюча.

Аляксандар сканаў праз гадзіну, так і не пабачыўшы праект канстытуцыі, якую вёз яму ў гэты дзень адзін зь міністраў, а Грынявіцкі — а палове на адзінаццатую вечара, так і не сказаўшы, як яго завуць. Ці доўга мучыліся тыя некалькі мінакоў, якія таксама стаялі ў той дзень паблізу ад цара, невядома. «Народная воля» даказала ім, што яна ўмее вызваляць ня горш за цара. Душы ад цела, а народ ад дурных ідэй.

У апошнія дні перад апэрацыяй Грынявіцкі напісаў нешта кшталту тэстамэнту. «Лёсам мне наканавана загінуць рана, і я не пабачу перамогі, ня буду жыць ніводнага дня, ніводнай гадзіны ў сьветлы час нашага трыюмфу, але лічу, што сваёй сьмерцю зраблю ўсё, што магу зрабіць, і большага ад мяне ніхто патрабаваць ня можа». Наіўны, хворы тэкст, у якім самае цікавае ў апошніх словах. Здаецца, незадоўга да апэрацыі ў ім, у Коціку, моцна сумняваліся. Ня былі пэўныя, што здолее. Баяліся, што ўцячэ ў самы адказны момант. Можа, Пяроўская, галоўны анёл сьмерці, нават сказала яму пры ўсіх штосьці ня тое. Хто ведае.

І толькі яна, бомба, заўжды ў яго верыла. Маўчала, верыла і чакала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG