Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У людзей грошай усё больш, а ў дзяржавы ўсё менш


Па выніках 2012 году амаль палова гаспадарчых суб’ектаў былі нерэнтабэльнымі ці нізкарэнтабэльнымі. У чым прычыны гэтай зьявы? Чаму павялічылася інфляцыя на пачатку году? Чаму ў студзені патрачана звыш 500 млн даляраў золатавалютных рэзэрваў?

Удзельнікі: эканамісты Леанід Злотнікаў і Сяргей Чалы.

Чаму павялічылася інфляцыя на пачатку году?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: «Інфармацыя пра сытуацыю ў эканоміцы сьведчыць пра тое, што там нарастаюць трывожныя сымптомы. У нашых перадачах мы ўжо гаварылі пра рост камунальных тарыфаў і падвышэньне кошту праезду ў грамадзкім транспарце. Сёньня пагаворым пра макраэканамічныя трэнды.

Вось інфляцыя ў студзені аказалася даволі высокай — каля 3%. У выніку Нацбанк быў вымушаны прыняць рашэньне не зьніжаць cтаўку рэфінансаваньня, якая даволі высокая — 30%. Гэта значыць, што банкаўскія крэдыты будуць па-ранейшаму дарагія. Як вы гэта пракамэнтуеце?»

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў: «Па-першае, за мінулы год грашовыя даходы насельніцтва павялічыліся на 20%, а прадукцыйнасьць працы — толькі на 2%. То бок грошай на руках у людзей стала больш, а тавараў на рынку не паболела ў той жа прапорцыі.

Па-другое, гэтым годам Беларусь павінна шмат грошай заплаціць па зьнешніх даўгах. Бо шмат гадоў насельніцтва Беларусі спажывала больш, чым дазваляў стан эканомікі. Пра гэта сьведчыць адмоўнае сальда гандлёвага балянсу. Інфляцыя „зьядае“ гэтае лішняе спажываньне, якое перасягае магчымасьці эканомікі».

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы
Сяргей Чалы: «Ёсьць некалькі крыніц інфляцыі. Па-першае, гэта рост заробкаў мінулым годам. Па-другое, на пачатку гэтага году рэзка павялічыліся цэны, якія рэгулюе дзяржава. Павысіліся акцызы на паліва, алькаголь, тытунь, падаражэлі камунальныя паслугі. Гэта мэтанакіраваная палітыка ўладаў. Адной рукой павышаюць заробкі, а другой — павышаюць цэны, каб грошай на руках у людзей стала менш. Наяўнасьць інфляцыйных і дэвальвацыйных чаканьняў не дазваляе ісьці па шляху плаўнага зьніжэньня стаўкі рэфінансаваньня».


Страта золатавалютных рэзэрваў

Карбалевіч: «Яшчэ адзін знамянальны факт. У студзені было патрачана звыш 500 млн даляраў золатавалютных рэзэрваў. То бок сытуацыя вяртаецца ў перадкрызісныя часы, у 2010, пачатак 2011 году, калі таксама кожны месяц трацілі такія аб’ёмы золатавалютных рэзэрваў. Калі гэтую тэндэнцыю экстрапаляваць на ўвесь год, то што застанецца ад золатавалютных рэзэрваў пад канец году?»

Злотнікаў: «Два чыньнікі зьмяншэньня рэзэрваў. Па-першае, каля 340 млн даляраў Нацыянальны банк патраціў на задавальненьне высокага попыту на валюту на валютна-фондавай біржы.

Таму не інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чаканьні насельніцтва сталі галоўнай прычынай дэфіцыту валюты. Насельніцтва купіла валюты на 80 млн больш, чым прадало. Гэта ня вельмі вялікая лічба, каб уплываць на фінансавае становішча краіны.

Больш важна тое, што попыт прадпрыемстваў на біржы перавысіў прапанову. А гэта здарылася з-за адмоўнага сальда гандлёвага балянсу. У выніку прадпрыемствы ў краіну прыносяць менш валюты, а патрэбы іхнія ня зьменшыліся. Бо ім трэба працягваць вытворчы працэс, купляць камплектуючыя, сыравіну, энэргарэсурсы».

Карбалевіч: «Нацыянальны банк прадаваў валюту на біржы, каб не абваліўся абменны курс беларускага рубля?»

Злотнікаў: «Ня толькі таму. Прадпрыемствы ж павінны аднекуль браць валюту, каб не спыняць вытворчы цыкль».

Карбалевіч: «Няхай бы тады Нацбанк адпусьціў абменны курс рубля, ня ўмешваўся ў свабодную гульню попыту і прапановы».

Злотнікаў: «Гэта прывяло б на дэвальвацыі, росту інфляцыі (не 3% у месяц, а, магчыма, 13%).

Другі чыньнік зьмяншэньня рэзэрваў — вяртаньне замежных даўгоў»

Чалы: «Так, чыньнік вяртаньня замежных даўгоў — важны. Другі чыньнік: і насельніцтва, і кампаніі больш купляюць валюты, чым прадаюць. Нацбанк у студзені ахоўваў беларускі рубель ад аслабленьня. Калі б рубель стаў слабейшы, то гэта дазволіла б пазьбегнуць траты золатавалютных рэзэрваў. Але ва ўмовах вялікіх інфляцыйных і дэвальвацыйных чаканьняў насельніцтва аслабленьне рубля выклікала б нэгатыўную рэакцыю.

Думаю, разьлікі Нацбанку такія. Там лічаць, што гэтыя траты золатавалютных рэзэрваў часовыя. Бо канец мінулага году і пачатак 2013-га — гэта такая каньюнктурная яма, выкліканая неспрыяльнымі ўмовамі на замежных рынках (напрыклад, скарачэньне продажу калійных угнаеньняў). І цягам некалькіх месяцаў Нацбанк можа дазволіць сабе траціць золатавалютныя рэзэрвы. Пазьней сытуацыя нармалізуецца, і рэзэрвы ўдасца захаваць. То бок Нацбанк лічыць, што цяперашні дэфіцыт валюты — гэта праблема не структурная, а каньюнктурная. Ці мае ён рацыю, мы пабачым цягам некалькіх месяцаў».

Карбалевіч: «Здаецца, ёсьць яшчэ адзін важны чыньнік. Дэвальвацыя абваліла б сярэдні заробак у далярах, ён стаў бы зноў меншы за 500 даляраў. А Лукашэнка назваў гэты ўзровень «сьвятой лічбай».

Страта рэнтабэльнасьці

Карбалевіч: «Вось, нарэшце, пра сытуацыю на прадпрыемствах. Па выніках 2012 году амаль палова гаспадарчых суб’ектаў былі нерэнтабэльнымі ці нізкарэнтабэльнымі, то бок мелі рэнтабэльнасьць да 5%. Пра што гэта сьведчыць?»

Злотнікаў: «Лічу палітыку Нацбанку па зьніжэньні золатавалютных рэзэрваў небясьпечнай. Бо гэтым годам Беларусь павінна вярнуць на 7–8 млрд даляраў больш, чым мінулым годам».

Чалы: «Але вы кажаце пра сукупны доўг. Гэта ня толькі запазычанасьці дзяржавы, але і даўгі прадпрыемстваў, банкаў. Але карпаратыўны доўг будзе вяртацца не з золатавалютных рэзэрваў».

Злотнікаў: «Так. Але калі прадпрыемства ці камэрцыйны банк ня мае сваіх грошай для вяртаньня доўгу, то яны ідуць на біржу, каб купіць валюту. То бок яны павялічваюць попыт. І каб задаволіць яго, Нацбанк вымушаны траціць золатавалютныя рэзэрвы.

Цяпер што тычыцца нерэнтабэльных прадпрыемстваў. Калі мы возьмем прадпрыемства, дзе абарот капіталу — чатыры месяцы пры гадавой інфляцыі ў 20%, то 5% рэнтабэльнасьць насамрэч азначае мінус 2%. Таму ня менш як 50% прадпрыемстваў у нас стратныя. І на іх падтрымку ўлада траціць штогод каля 5–7 млрд даляраў. Без такой падтрымкі яны б сталі банкрутамі.

Насамрэч сярэдняя лічба рэнтабэльнасьці за мінулы год нават прыхарошвае сытуацыю за кошт таго, што ў першай палове году актыўна разьвіваўся так званы „разбаўляльны бізнэс“. Бяз гэтага чыньніка сытуацыя выглядала б яшчэ горш.

Яшчэ адзін чыньнік, які дрэнна паўплываў на рэнтабэльнасьць беларускіх прадпрыемстваў. Пры росьце цэнаў у беларускіх рублях на 20% курс даляра амаль не зьмяніўся. Гэта значыць, што адбылося паніжэньне пакупной здольнасьці даляра».

Чалы: «Так, сапраўды, рэнтабэльнасьць упала таму, што рэальна адбылося павышэньне абменнага курсу беларускага рубля. Бо інфляцыя была большая, чым аслабленьне курсу рубля. Але я лічу, што курс даляра яшчэ ў 2011 годзе быў перадэвальваваны. Факт, што ўнутраныя цэны расьлі хутчэй, чым экспартныя цэны прадукцыі нашых прадпрыемстваў. Такім чынам, канкурэнтаздольнасьць нашых прадпрыемстваў пагоршылася. Плюс рост выдаткаў на павышэньне заробкаў мінулым годам пагоршыў рэнтабэльнасьць прадпрыемстваў.

Яшчэ рэпліка наконт карпаратыўных даўгоў. Шмат што з гэтых даўгоў — гэта таварныя крэдыты галаўных кампаній і гандлёвых партнэраў за мяжой. Яны лёгка рэфінансуюцца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG