Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна — занадта важная справа, каб давяраць яе вайскоўцам


На першы погляд міністар абароны Беларусі Юрый Жадобін не сказаў нічога нечаканага.

Тое, як доўгі час сабатуецца прыняцьце закону аб альтэрнатыўнай службе, яскрава сьведчыць пра стаўленьне палітычнага кіраўніцтва Беларусі да гэтай зьявы. Але дасюль гэты сабатаж быў маўклівы. Афіцыйныя асобы стараліся ніяк не камэнтаваць сытуацыю з альтэрнатыўнай службай, бо разумелі ўсю яе далікатнасьць. Бо публічная адмова гэтай альтэрнатывы зьяўляецца выклікам каштоўнасьцям сучаснай цывілізацыі. І ніхто не хацеў выглядзець нецывілізаваным.

І вось міністар абароны Юрый Жадобін парушыў гэтае негалоснае табу, выступіў на прэсавай канфэрэнцыі 19 лютага з заявай, якую нельга не лічыць скандальнай.

«Я лічу гэта надуманым і непатрэбным. Няма ў мэнталітэце народа гэтага — адвільваць ад войска. Гэта дзеці вярхоў „пятай калёны“ і тыя, якія выхаваны невядома як, у пачуцьці нянавісьці да сваёй Радзімы, ці што. Вось яны лічаць Узброеныя сілы невядома чым. І вы думаеце, яны будуць дзесьці прыносіць карысьць? Я думаю, што гэта проста спосаб адвільваць ад службы... Дзяды гэтых адвільваншчыкаў, прапагандыстаў непатрэбнага і наноснага, служылі, прадзеды служылі... Настаў час — вазьмі аўтамат і стань ў строй, як рабілі твой бацька, дзед, прадзед. Якія там яшчэ альтэрнатыўныя службы?» — сказаў міністар абароны.

Заўвага пра тое, што гэта ягоная асабістая думка, ня можа быць прынятая. Бо публічныя заявы чыноўніка такога рангу абавязкова атаясамляюцца з пазыцыяй таго ведамства, якое ён узначальвае. Гэтае абмежаваньне накладвае статус, пасада. Міністар ня можа дазволіць сабе такой роскашы, як публічнае абнародаваньне асабістая думкі. Ідзі ў адстаўку, і тады можаш казаць, што захочаш.

Скандальнасьці гэтай заявы прыдаюць некалькі акалічнасьцяў. Па-першае, ёсьць палажэньне Канстытуцыі Беларусі, якое прадугледжвае магчымасьць альтэрнатыўнай службы. (Ужо не кажу пра міжнародныя прававыя акты, якіх мусіць прытрымлівацца Беларусь). Таму заяву Жадобіна можна лічыць антыканстытуцыйнай. Калі высокія дзяржаўны чыноўнік выступае супраць аднаго з артыкулаў Канстытуцыі — гэта скандал. Калі чыноўнік зьяўляецца міністрам абароны — гэта скандал у квадраце. Бо канстытуцыйны нігілізм кіраўніка сілавога ведамства — гэта пагроза дзяржаўнаму ладу. У прававой дзяржаве праз некалькі гадзін пасьля такой заявы міністар абароны быў бы вымушаны пайсьці ў адстаўку.

Заява Жадобіна — гэта вялізарны аргумэнт за тое, каб міністрам абароны была цывільная асоба

Па-другое, вядома, што па даручэньню прэзыдэнта законапраект «Аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе» быў распрацаваны, афіцыйна ўнесены ў Палату прадстаўнікоў і знаходзіцца ў пляне заканадаўчай дзейнасьці на 2013 год. І вось высьвятляецца, што Юрый Жадобін супраць. То бок міністар абароны выказвае сваю нязгоду з пазыцыяй прэзыдэнта і адначасова Галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Беларусі. Калі гэта нават не разглядаць як бунт, то ва ўсялякім разе варта службовага расьсьледаваньня.

Па-трэцяе, выказваньне Жадобіна сьведчыць пра таталітарны тып сьвядомасьці. Ён жа ня кажа проста, што ня згодзен з ідэяй альтэрнатыўнай службы. Генэрал адразу ж аб’яўляе усіх, хто думае інакш (і прытрымліваецца нормы Канстытуцыі) ворагамі, «пятай калёнай», абвінавачвае ў «нянавісьці да сваёй Радзімы».

пазыцыя Беларусі супярэчыць эўрапейскаму трэнду

Увогуле ж пазыцыя, выкладзеная Юрыем Жадобіным кажа пра мілітарызацыю сьвядомасьці кіроўнай эліты. Яны ня мысьляць сябе існаваньне Беларусі інакш як крэпасьці ў аблозе, якая акружаная ворагамі.

На гэтым тле краіны-чальцы НАТО адна за другою адмаўляюцца ад усеагульнай воінскага абавязку і пераходзяць на кантрактнае войска. У гэтым сэнсе пазыцыя Беларусі супярэчыць эўрапейскаму трэнду.

Правільна кажуць, што вайна — гэта вельмі важная справа, каб давяраць яе вайскоўцам. Заява Юрыя Жадобіна — гэта вялізарны аргумэнт за тое, каб міністрам абароны была цывільная асоба. Бо пры цяперашнім кіраўніку абароннага ведамства ўся краіна можа ператварыцца ў адно вялікае войска.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG