Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альтэрнатыўная служба: Канстытуцыя гарантуе — улада не выконвае


Актывісты кампаніі за альтэрнатыўную службу. Яўген Асіеўскі, Андрэй Чарнавусаў, Алег Яўзрэзаў, Кірыл Канстанцінаў.
Актывісты кампаніі за альтэрнатыўную службу. Яўген Асіеўскі, Андрэй Чарнавусаў, Алег Яўзрэзаў, Кірыл Канстанцінаў.

Праект Закону аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе пачалі распрацоўваць яшчэ на пачатку 1990-х дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. У 2000-м годзе Канстытуцыйны суд даў даручэньне распрацаваць закон. У 2010-м годзе пасьля рэзанансных спраў Смыка, Міхайлава і Якавенкі, якіх асудзілі за ўхіленьне ад вайсковай службы, Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў, што трэба распрацаваць закон. Але яго дагэтуль няма.

Хто тармозіць прыняцьце закону і зь якімі канкрэтнымі сытуацыямі сутыкаюцца прызыўнікі, якія ня хочуць браць у рукі зброю?

Альтэрнатыўная служба гарантуецца 57-м артыкулам Канстытуцыі і ўзгадваецца ў шасьці артыкулах Закону аб усеагульным вайсковым абавязку і воінскай службе. Але дамагчыся прайсьці яе замест службы ў войску амаль немагчыма. Актывісты кампаніі «За альтэрнатыўную службу ў Беларусі» кажуць, што многія маладыя хлопцы гатовыя аддаць доўг Радзіме, але толькі мірным спосабам і на тых месцах, дзе сапраўды бракуе працаўнікоў: у дамах састарэлых, дзіцячых дамах, хосьпісах, нават на будоўлях.

Яўген Асіеўскі
Яўген Асіеўскі
Усе альтэрнатыўнікі — людзі не зусім звычайныя, кажа каардынатар кампаніі Яўген Асіеўскі:

«Гэта людзі, якія з рэлігійных перакананьняў маюць прычыну прайсьці альтэрнатыўную службу, гэта перакананыя пацыфісты, у якіх не было прыводаў у міліцыю, якія ні з кім ніколі ня біліся і якія не разумеюць, навошта насіць зброю ў руках. Таксама гэта сэксуальныя меншасьці, якім у войску небясьпечна знаходзіцца».

Актывісты кампаніі падкрэсьліваюць, што маладых людзей, якія хочуць праходзіць альтэрнатыўную службу, нельга называць ухілістамі.

«Мы настойваем на тым, што гэта не ўхілісты, гэта сьвядомыя адмаўленцы, якія з-за сваіх перакананьняў не гатовыя несьці тэрміновую службу ў вайсковай форме, са зброяй у руках. І вось яшчэ чаму: альтэрнатыўнікі ўсе без выключэньня гатовыя на даўжэйшы тэрмін службы. Бо ў іншых краінах, дзе ёсьць закон аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе, тэрмін гэтай службы большы».

Андрэй Чарнавусаў
Андрэй Чарнавусаў
Андрэй Чарнавусаў зь Ліды ў сярэдзіне сакавіка атрымаў позву ў ваенкамат. Калі запатрабаваў альтэрнатыўнай службы, яго накіравалі ў псыхіятрычны шпіталь на 5 дзён на абсьледаваньне. Лекары прызналі яго прыдатным да службы:

«Ваянкам мне патлумачыў, што праходжаньне альтэрнатыўнай грамадзянскай службы ў нашай краіне немагчымае, бо няма закону. Але я пацыфіст, мяне бацькі так выхавалі, што зброю браць у рукі я катэгарычна не магу. Таксама і насіць форму вайсковую».

Алег Яўзрэзаў
Алег Яўзрэзаў
У Алега Яўзрэзава з Бабруйску была адтэрміноўка, зьвязаная з хваробай сэрца, потым яшчэ адна. Але потым ваенкамат прызнаў яго прыдатным. 12 красавіка ён напісаў заяву з патрабаваньнем накіраваць яго на альтэрнатыўную службу:

«Яны мне адмовілі з той прычыны, што закону такога няма і няма чаго патрабаваць. Я, канечне, ня згодны з такім рашэньнем, бо не магу браць зброю ў рукі. І наагул не прымаю гвалт, ніякія яго формы: зброю, форму. І цяпер мы накіравалі ў суд скаргу».

Кірыл Канстанцінаў
Кірыл Канстанцінаў
Каардынатар кампаніі Кірыл Канстанцінаў заўважае:

«Ва ўсіх нарматыўных дакумэнтах пазначана магчымасьць праходзіць альтэрнатыўную службу, але мэханізм нідзе не прапісаны».

Штомесяц на гарачую лінію тэлефануе да дзьвюх сотняў прызыўнікоў, часьцяком з самымі прымітыўнымі пытаньнямі, кажа Яўген Асіеўскі:

«У іх вельмі нізкія прававыя веды, яны практычна нічога ня ведаюць пра свае правы, і ваенкаматы гэтым карыстаюцца. Вось прыклад. Пагражалі маці звольніць з працы за тое, што яны ня могуць знайсьці сына. Сын пражывае не па месцы рэгістрацыі, і ваенкамат вырашыў не шукаць яго сам ці з дапамогай міліцыі, а проста выклікалі маці, якая працуе дырэктарам школы ў Слуцкім раёне, і прыгразілі, што звольняць. Складаецца ўражаньне, што па ўсёй краіне ваенкаматы лютуюць».

Пакуль атрымліваецца замкнёнае кола. Тэарэтычна магчымасьць прайсьці альтэрнатыўную службу быццам бы і ёсьць, але на практыцы дамагчыся гэтага амаль немагчыма, кажа Яўген Асіўскі:

«Лісты і звароты напісалі ўсюды, куды можна: і ў Міністэрства працы, і ў Міністэрства абароны. Мы пісалі кожнаму чальцу працоўнай групы па стварэньні гэтага закону. Ва ўсіх адказах — адно і тое ж: закон распрацоўваецца, і нічога канкрэтнага».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG