Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лінія Жадобіна» супраць альтэрнатыўнай службы


Міністар абароны Беларусі генэрал-лейтэнант Юры Жадобін выступіў катэгарычна супраць альтэрнатыўнай службы ў войску. «Я лічу гэта надуманым і шкодным. У нашым мэнталітэце такога няма. Гэта спосаб адвільваць ад службы», — заявіў Жадобін на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, адзначыўшы, што гэта ягонае асабістае меркаваньне. У якой стадыі знаходзіцца падрыхтоўка закону аб альтэрнатыўнай службе? Як «прыватнае» меркаваньне міністра можа паўплываць на прыняцьцё гэтага закону? На гэтыя пытаньні адказвае каардынатар кампаніі «За альтэрнатыўную грамадзянскую службу» Міхаіл Пашкевіч.

— Які цяпер стан з падрыхтоўкай закону аб альтэрнатыўнай службе, калі ён можа быць прыняты?

— Ад 1994 году, году прыняцьця Канстытуцыі, у ёй дзейнічае артыкул аб альтэрнатыўнай вайсковай службе, але закону па-ранейшаму няма. Тры гады таму была створана працоўная група з прадстаўнікоў ведамстваў, але толькі цяпер, калі прэзыдэнт унёс законапраект «Аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе» ў плян заканадаўчай дзейнасьці на 2013 год, можна меркаваць, што законапраект стане рэальнасьцю.

— Што можна сказаць пра гэты законапраект — ці выглядае ён нармальным і прагрэсіўным?

— Праблема ў тым, што на ім па-ранейшаму стаіць штамп «для службовага карыстаньня» і ён не прызначаны для публікацыі. Пачытаць яго можна будзе толькі тады, калі ён зьявіцца для абмеркаваньня ў Палаце прадстаўнікоў.

Але з таго, што нам вядома, можна сказаць, што гэта калька з адпаведнага расейскага закону, калі ў таго, хто служыць альтэрнатыўна, вельмі шмат абмежаваньняў у цывільных правах, у тым ліку нават забарона на завочнае навучаньне. Можна сказаць, што гэты законапраект хутчэй накіраваны на тое, каб адбіць ахвоту служыць альтэрнатыўна.
Я лічу, што вайскоўцаў увогуле трэба адхіліць ад любога прыняцьця рашэньняў па гэтым законапраекце

— Выказваючы сваё нэгатыўнае стаўленьне, Юры Жадобін адзначыў, што гэта — ягонае асабістае меркаваньне як чалавека, а не службовай асобы. Аднак ці можа такая «прыватная думка» міністра паўплываць на канкрэтныя дзеяньні прадстаўнікоў ваеннага ведамства?

— Безумоўна, бо прызыўныя камісіі на сёньня ў аснове сваёй функцыянуюць на базе ваенкаматаў. Гэта азначае, што можа паўтарыцца расейская сытуацыя, калі любы чалавек, які хоча служыць альтэрнатыўна, мусіць давесьці гэтае сваё права тым жа прадстаўнікам ваенкаматаў, якія проста названыя прызыўнымі камісіямі.

Міністэрства абароны ўсе гэтыя гады якраз і тармазіла прыняцьцё гэтага закону. Калі казаць пра цяперашнюю сытуацыю, то прадстаўнікі міністэрства ўваходзяць у склад працоўнай групы, і менавіта яны і прадстаўнікі Рады Бясьпекі замарудзілі распрацоўку законапраекту і прапхнулі найбольш непрыемныя і нязручныя моманты для будучых «альтэрнатыўшчыкаў».

У Палаце прадстаўнікоў гэты праект будзе праходзіць праз камісію па нацыянальнай бясьпецы, у якую ўваходзяць пераважна былыя вайскоўцы, якія будуць максымальна прытрымлівацца «лініі Жадобіна». І гэта будзе сур’ёзнай праблемай. Я лічу, што вайскоўцаў увогуле трэба адхіліць ад любога прыняцьця рашэньняў па гэтым законапраекце, іначай мы атрымаем кастрыраваны закон.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG