Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Посуд багоў


Ня ведаю, праўда гэта ці не, але ў старажытным Рыме не было прадугледжана пакараньня за рэлігійнае блюзьнерства. Ёсьць такая апэратыўная інфармацыя. Злачынствам было ўявіць сабе кагосьці з багоў гэткай нікчэмнасьцю, што яго можа абразіць нейкі там просты сьмяротны. Бог не цяля, бачыць круцяля — а калі бачыць і не спыняе, значыць, мае на гэта прычыны, якія сьмяротнаму ніколі не спасьцігнуць, нават калі ён скончыў юрфак з чырвоным дыплёмам. Як жа высока трэба сябе ставіць, каб лезьці ў божы правід?

Бога цяжка абразіць. Значна прасьцей абразіць тых, хто ў яго верыць. Гэта заўжды было прасьцей няма куды — закрануць нечыя рэлігійныя пачуцьці. Крок улева, крок управа, і вось ужо пакрыўдзіў якога-небудзь верніка. Толькі высунь нос — і ў нешта ўляпаешся: у ялей ці ў міру. Ці то нос такі доўгі, ці то ў кагосьці прастора веры занадта, так бы мовіць, прасторная. Вернікі. Чалавеку ня зь іхнай кампаніі ўсё часьцей даводзіцца пачувацца, як слану ў аддзеле ГУМу, дзе прадаецца посуд — скажаш нешта занадта гучна, ці намалюеш, ці засьпяваеш, і ўсё, гамон: ваза лопнула.

А калі гэтыя вернікі яшчэ і самі лічаць сябе багамі...

Год таму, 21 лютага 2012, у маскоўскі праваслаўны храм Хрыста Збаўцы прыйшлі тры маладыя кабеты, каб памаліцца Багародзіцы. За гэта ўсе тры верніцы атрымалі па два гады калёніі агульнага рэжыму, пакараньне, якое пазьней для адной з удзельніц гэтай калектыўнай малітвы было замененае на ўмоўнае.

Так, малітва была ня надта артадаксальная. Але кожны моліцца, як умее. Так, прыпеўка была ня ў стылі «расейскага шансону», любімага жанру праваслаўнай царквы. Але за несупадзеньне густаў не саджаюць. Магчыма, калі б вернікі і служкі любілі панк-рок, дык затанчылі б пога проста ў храме. Малітва як-ніяк. Так, царква — ня тое месца, дзе трэба быць гучным і выбухаць энэргіяй. Але, зь іншага боку, калі табе па-сапраўднаму баліць — няўжо камусьці забаронена прыходзіць са сваім болем у храм? Здаецца, храм існуе ў тым ліку і для гэтага.

А ім балела. Болю ня трэба санкцыі пракурора і дазволу выканкаму, боль ня можа быць правільным ці няправільным, боль — мучыць і катуе. Асабіста мяне творчасьць (ці тое, што яны самі называюць творчасьцю) Pussy Riot пакідае настолькі абыякавым, што нават Аляксандар Саладуха выклікае ў душы больш эмоцый. Але нават спроба творчасьці заслугоўвае таго, каб яе выслухаць. І ўжо ні ў якім разе не заслугоўвае таго, каб за яе судзіць і саджаць. Мастацтва датуль застанецца мастацтвам, пакуль будзе балець само і біць іншых у балючыя кропкі. А ў храме гэта будзе адбывацца ці на кухні, у палацах ці гаражах, ці проста ў нечай чарапной каробцы, абсалютна неістотна.

Так, гэта была сьвядомая правакацыя, і ўдзельніцы «панк-малебну» ведалі, на што ідуць і каго раззлуюць. Вось менавіта таму я на іхным баку. На гэтым баку ня сьпіцца тады, калі ўсе сьпяць, і сьняцца жахлівыя сны, калі іншым здаецца, што такая і мусіць быць ява. І гэта добрая прычына падняцца, адкашляцца, выпіць кавы і пацягаць за мараль тых, у каго яна адрасла да самага пупа. Замест ранішняй гімнастыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG