Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брыльянтавая нага


Іх ногі кормяць... Гэтак кажуць пра футбалістаў, канібалаў і рэпарцёраў. Ну і яшчэ, напэўна, пра манэкеншчыц, хаця і ў іхнай дзейнасьці ногі — яшчэ далёка ня ўсё, няхай апрача ног там зазвычай мала што застаецца. Але і тут ёсьць свае нюансы. Вось, напрыклад, адна салідная фірма некалі вырашыла выставіць на ўсеагульны агляд адну вельмі знакамітую нагу, замочаную ў фармальдэгідзе. За памяркоўную плату кожны ахвотны мог палюбавацца на адпілаваную канцавіну — і высьветлілася, што замарынаваная нага за кароткі час зарабіла больш за яе ўладальніцу. А належала гэтая залатая нага Боскай Сары — вялікай акторцы Сары Бэрнар.

Ампутацыя нагі на той час ужо пажылой зорцы сусьветнага тэатру была праведзеная 23 лютага 1915. У тым годзе Боская Сара была на гастролях у Бразыліі. Існуюць дзьве вэрсіі, чаму зь ёй здарылася непапраўнае: прыгожая і праўдзівая. Прыгожая: яна раздрабіла калена на сцэне, а праўдзівая цынічна кажа, што пасьля тромбафлебіту ў Сары пачалася гангрэна. Дактары запэўнівалі, што ампутацыя зусім не абавязковая і нагу можна вылечыць, але Сара паабяцала, што прастрэліць сабе калена, калі канцавіну не адрэжуць. Ёй адразу паверылі. Цяжка было не паверыць: Сара спала ў ружовай труне, якая заўжды была пры ёй, там жа займалася каханьнем і прымала наведнікаў, цудоўна фэхтавала і брала ўрокі стральбы, у пэрыяды жабрацтва траціла апошнія грошы на хлеб для парыскіх вераб’ёў і кідалася ў неўпадабаных ёй людзей мармуровымі попельніцамі.

Яна грала Андрамаху, Фэдру, Іфігенію, Самарыцянку, Лэдзі Макбэт і Жану д’Арк. А перадусім яна грала сябе — Сару, выдуманую ўласнай фантазіяй. Яе кахалі Гюго, Заля, Оскар Ўайлд і ўвесь Саюз пісьменьнікаў Аўстра-Вугоршчыны. І толькі Чэхаў, паглядзеўшы на спэктакль зь яе ўдзелам, пачаў нудна расьпісваць, якая яна ўся штучная і як змушана ломіць рукі на сцэне, «нібы адказвае вывучаны ўрок». Ведаў, напэўна, што ў ружовую труну яго нізавошта ня возьмуць...

Пратэз яна спаліла ў каміне адразу ж, як толькі ачуняла. І працягвала выступаць — толькі цяпер грала выключна сядзячыя ролі. Калі хтосьці згодна са сцэнаром меўся сказаць: «Хадзі да мяне, о дарагая!» — Сара змрочна глядзела на яго і задуменна адказвала: «Не цяпер, мілы, не цяпер...» У яе і пасьля ампутацыі былі каханкі самых розных родаў і падвідаў. Пазбаўленая ад нагі, яна пражыла яшчэ восем гадоў, выступала перад салдатамі падчас першай сусьветнай і ўвайшла ў гісторыю як чалавек, які прыдумаў сябе з галавы да ног — і не памыліўся. Хай сабе з нагой і давялося разьвітацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG