Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па сьлядах няўлоўнай мышы


У доўгім шэрагу сапраўдных герояў халоднай вайны, якія заўжды былі на перадавой і імёнаў якіх мы ўжо ніколі не забудзем (нават калі б захацелі), сярод усіх гэтых Рэмба, Бэмбі, Бондаў, Скруджаў, Рокі і іншых супэрмэнаў ёсьць двое самых заўзятых, самых шалёных антысаветчыкаў. Фільмы зь іхным удзелам паўстагодзьдзя былі ў Савецкім Саюзе пад неабвешчанай забаронай, хаця нічога антысавецкага там нібыта не адбывалася. Але гэта яшчэ зь якога боку зірнуць... Такая канцэнтрацыя гвалту, цынізму і жорсткасьці на адзін кадр ня сьнілася нават самаму крываваму баевіку.

20 лютага 1940 году амэрыканскі аматар мульцікаў пазнаёміўся зь імі — непараўнальнымі Томам і Джэры. Бясконцая, як і належыць сэрыялу, пагоня ката за мышанём неўзабаве ператварылася ў эпапэю, патлумачыць сэнс якой рабілася ўсё цяжэй. Сапраўднае мастацтва самадастатковае — і калі так, то «Том і Джэры» ёсьць мастацтвам у квадраце. Як Інь і Ян, Том і Джэры асуджаныя вечна дапаўняць адно аднаго, спараджаць новыя існасьці кшталту Спайка і Буча, і ніяк ня могуць разарваць заганнае кола, у якое самі сябе загналі. Як гэта часта адбываецца з заклятымі ворагамі, а таксама з тэрарыстамі і тымі, каго яны бяруць у закладнікі, з часам паміж імі ўтвараецца нават нешта кшталту прыязнасьці. Якую нават можна прыняць за сяброўства — калі паверыць, што ЦРУ — а менавіта яно, калі верыць майму школьнаму настаўніку працы, стаяла за ўсёй гэтай мультдывэрсіяй — было здольнае падтрымліваць падобныя праявы пачуцьцяў.

Па чутках, некалькі цэнзураваных сэрыяў Тома і Джэры ў Савецкім Саюзе ўсё ж паказалі — у сямідзясятых, у межах папулярнай перадачы «Кінапанарама» (ня дзецям жа было іх паказваць). Каб глядач мог атрымаць уяўленьне, на якую прымітыўную вуду ловіцца пралетарскі аматар мульцікаў на Захадзе. Савецкаму чалавеку Том і Джэры былі без патрэбы, гэтаксама як кола і сьнікерсы. Колу пасьпяхова замяняў напой «Байкал», сьнікерсы — «Грыльяж», а замест амэрыканскай парачкі яны мелі Зайца і Ваўка — наш адказ Кату і Мышаняці, але са значна глыбейшым ідэалягічным складнікам і няхілай порцыяй сацыяльнай сатыры.

Тацяна Талстая піша ў адным эсэ, як яна, выкладаючы ў амэрыканскім унівэрсытэце, дазволіла сабе проста на лекцыі крытычна паставіцца да постаці Мікі Маўса. Сярод талерантных, як беларусы ў кніжках, і самых дабрадушных у сьвеце студэнтаў пачуўся магутны гул пратэсту. «Не чапайце Мыш!» — пагрозьліва сказаў чужаземнай выкладчыцы, якую ў сілу гістарычных абставінаў выхоўвалі Воўк і Заяц, адзін са студэнтаў. — «Гэта наша дзяцінства і ня лезьце ў яго сваімі заечымі лапамі!» І я яго разумею.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG