Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяля паміж жорнаў


Як пасажыру гэтаму пісьменьніку можна толькі пазайздросьціць. Ня кожнаму дзяржава купляе за свой кошт авіябілет у адзін канец, ня самы горшы з канцоў гэтага сьвету. Ды яшчэ сьцеле пад ногі абрус, у поўнай адпаведнасьці зь любімай прымаўкай расейскіх пакаёвак. А таксама, у якасьці бонусу, пазбаўляе свайго абрыдлага грамадзянства, зь якім бязь візы нікуды ня пусьцяць, і загадвае ніколі больш не вяртацца на свае бяскрайнія абшары. Выгнаньне першае клясы.

Што ж, тым горш для абшараў.

13 лютага 1974 году рэйсам Масква-Франкфурт у Нямеччыну прыляцеў самалёт, катастрофа якога прымусіла б сусьветную літаратуру выглядаць сёньня крыху інакш, чым мы да таго звыклі. Колькасьць прасякнутых, захопленых, пакрыўджаных, зайздросьлівых і «благоговейно внемлюшчіх» чытачоў і пісьменьнікаў на квадратны кілямэтар была б значна меншая. Але авіякатастрофы не адбылося, і з самалёта выйшаў расейскі пісьменьнік і ўжо некалькі гадзін як ганаровы выгнаньнік Аляксандр Салжаніцын. Яго чакалі, і яшчэ празь некалькі гадзін у Кёльне Салжаніцына сустракаў Гайнрых Бёль.

Яны парукаліся і лёгенька стукнуліся адзін аб аднаго — абняліся. Жывы праваслаўны пакутнік — і католік, вядомы сваёй крытыкай каталіцтва. Абодва былыя салдаты, разьдзеленыя лініяй фронту. Абодва з маленькіх людзей: Бёль з рамесьнікаў, Салжаніцын зь сялянаў. Абодва ахвяры самых жудасных палітычных рэжымаў, якія можна сабе ўявіць. Абодва нядаўнія Нобэлеўскія ляўрэаты — дзяліць ім няма чаго. Амаль аднагодкі: Бёль старэйшы ўсяго на год. Бёль больш знакаміты, Салжаніцын маднейшы і вастрэйшы. Бёль лірычнейшы, Салжаніцын дакумэнтальнейшы. На абодвух пакамечаныя зімовыя плашчы. У 80-х Бёль памрэ, а вось Салжаніцын... Ягонае вяртаньне ў Расею будзе нагадваць другое прышэсьце Хрыста, а сыход у вечнасьць заўважаць далёка ня ўсе. Але пакуль што ён проста выгнаньнік, хай сабе і з прэміяй.

Салжаніцын уваходзіць у дом Бёля і адразу ж просіць набраць нумар яго маскоўскай кватэры. Яго зьдзіўляе, што злучэньне адбываецца без праблем. Пагаварыўшы, ён падае на ложак у адведзеным яму пакоі і засынае. Сярод ночы падымаецца: на вуліцы, якая цяпер называецца Heinrich-Böll-Straße, натоўп журналістаў, усе чакаюць, калі ён прачнецца. Неўзабаве Салжаніцын зьехаў у ленінскія мясьціны — Цурых. Больш яны зь Бёлем толкам і ня бачыліся.

Некалькі гадоў таму давялося і мне пабываць і папрацаваць у Бёлевым доме, між ценяў вялікіх людзей. У невялікай бібліятэцы, куды трапляеш з вэранды, вісіць знакаміты здымак, зроблены ў тыя лютаўскія дні 1974-га. Бёль і Салжаніцын нясьпешна ідуць па лузе, размаўляючы пра нешта. Можа, пра Талстога і Дос Пасаса, а можа, пра кошты на паліто, футбол і ўраджай. Сумняваюся, што яны разумелі адзін аднаго на вэрбальным узроўні, мусіла існаваць нейкая іншая сувязь. Але якая розьніца? Калі ўвечары доўга глядзець на той луг, можна пабачыць іхныя здані. Яны не абарочваюцца. Ім ёсьць пра што пагаварыць і заўжды будзе.

Бёля я люблю, а больш за ўсё люблю ягоны раман «Ansichten eines Clowns». Ягонага госьця... Ну так, паважаю — за трываласьць і мужнасьць. Ніводны зь вялікіх твораў Салжаніцына я так і ня здолеў дачытаць да канца. Для мяне ён занадта расейскі, занадта праваслаўны, занадта барадаты, шырокі і глыбокі і заўжды ўпадае ў Касьпійскае мора. І крыж у яго на грудзёх блішчыць надта ўжо зырка. У той самай бібліятэцы, дзе сярод поўнага збору твораў Бёля ёсьць і калекцыя грувасткіх і страшных салжаніцынскіх эпапеяў, я наткнуўся на антысэміцкую кніжку расейскага філёзафа Розанава 2003 года выданьня, у арыгінале. Між старонак быў доўгі, бялявы арыйскі волас. Нехта прыляцеў сюды з бяскрайніх салжаніцынскіх абшараў і прывёз з сабой неўміручых расейскіх дэманаў. Цялятка памерла, а жорны ўсё круцяцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG