Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьведка: «У справе Васільева — несастыкоўкі»


Belarus - Minsk Oblast Court, 20Dec2012
Belarus - Minsk Oblast Court, 20Dec2012

На працэсе над былым першым намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму Ігарам Васільевым за зачыненымі дзьвярыма прайшлі судовыя спрэчкі. Неўзабаве — прысуд.

Пасьля 8 лютага будзе пастаўленая кропка ў працэсе над былым першым намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму Ігарам Васільевым. Паводле прэсавага сакратара Менскага абласнога суду Тацяны Цяцяратнік, ужо адбыліся судовыя спрэчкі і на 8 лютага прызначана апошняе слова абвінавачанага. Прысуду можна чакаць 9 лютага ці ў пазьнейшыя дні. Ігар Васільеў сваёй віны ў атрыманьні хабару ў 500 тысяч даляраў на пачатку працэсу не прызнаваў, а што ён кажа цяпер, невядома. З 4 студзеня працэс закрылі ад грамадзкасьці, спаслаўшыся на тое, што ў справе мусяць вывучаць апэратыўныя дакумэнты з грыфам «сакрэтна».

Сьведка, прадпрымальнік Ігар Сьмятанін, які ў судзе абверг вэрсію сьледзтва пра хабар, гэтак мяркуе пра тое, чаму закрылі працэс: «Як чаму закрылі? Пасьля таго, як я выступіў, у іх пайшлі несастыкоўкі. Спачатку казалі, што нібыта пасьля прэзэнтацыі дамаўляліся несьці хабар Васільеву. А потым аказалася, што гэта было нібыта ў лютым. Там шмат пытаньняў адносна сьледзтва».

У спрэчках ужо выступіў з патрабаваньнем пэўнага пакараньня Ігару Васільеву прадстаўнік пракуратуры Андрэй Лыцін. Ці вядома, якой кары патрабуе пракурор Васільеву? Нават у Генэральнай пракуратуры пра гэта ня кажуць. Прэсавы сакратар Пётар Кісялёў:

«Якое просіць пакараньне? Адкуль я ведаю? Гэта закрыты працэс, ніхто ня скажа, не прынята».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG