Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трэба падвышаць заробкі чыноўнікам?


Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман

Заробак у органах дзяржаўнага кіраваньня не нашмат адрозьніваецца ад сярэдняга па краіне. Чаму многія беларускія чыноўнікі ўцякаюць у бізнэс альбо ў іншыя краіны? Ці дапаможа разьвязаць праблему заплянаванае скарачэньне чынавенскіх кадраў? На гэтыя пытаньні адказвае дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман.

Сярэдні заробак у органах кіраваньня за сьнежань — каля 600 даляраў — не нашмат адрозьніваецца ад сярэдняга па краіне (каля 550 даляраў). Зь іншага боку, у такіх сфэрах, як авіятранспарт, нафтаперапрацоўка, банкаўскі бізнэс, заробкі непараўнальна большыя. Ці можна лічыць, што беларускія чыноўнікі атрымліваюць надта мала?

Прэйгерман: «Па-першае, трэба адзначыць, што ў грамадзкім сэктары ў большасьці краінаў заробак крыху адстае ад топавых пазыцыяў у камэрцыйным сэктары. Але ў Беларусі такое адставаньне назіраецца і ў параўнаньні з суседнімі краінамі. Назіраецца нават тэндэнцыя, што беларускія чыноўнікі едуць працаваць у Расею на абласным узроўні.

Таму гэта сапраўды праблема, і тое, што на яе зьвярнулі ўвагу, — гэта аб’ектыўна. Чыноўнікі проста пачалі сыходзіць са сваіх працоўных месцаў — хто ў бізнэс, хто ў Расею. У некаторых міністэрствах — прынамсі, я ведаю, гэта было ў Міністэрствы гандлю летась — да паловы дэпартамэнтаў засталося без кіраўнікоў».

Цыганкоў: «Аляксандар Лукашэнка заявіў, што колькасьць чыноўнікаў трэба скараціць прыблізна на 30 працэнтаў, і тым, хто застаўся, трэба падвысіць заробак. Ці падтрымліваеце вы гэтую ідэю?»

Прэйгерман: «Заробак чыноўнікаў і ўсіх грамадзянаў залежыць найперш ад стану эканомікі. І калі мы хочам жыць у заможнай краіне, то трэба займацца найперш структурнымі рэформамі.

Што тычыцца скарачэньня чыноўнікаў, то я, вядома, падтрымліваю гэтую ідэю. Але ж гэта не рэформа. Гэта някепска, бо чыноўнікаў трэба скарачаць у любой краіне. Аднак гэта не вырашае праблемы. Галоўнае — гэта функцыі чыноўнікаў. У Беларусі яны проста велізарныя.

Магу назваць афіцыйную лічбу — паводле адпаведнага палажэньня іх 1500. А калі прааналізаваць больш дэталёва, то іх там на самой справе 3800. І трэба скарачаць функцыі. Калі мы проста зараз звольнім 30 працэнтаў чыноўнікаў, то, па-першае, органы дзяржаўнага кіраваньня застануцца неэфэктыўнымі, а па-другое, некаторыя важныя для грамадзянаў функцыі проста ня будуць выконвацца. Так што скарачэньне чыноўнікаў — гэта паўкрок, якім нельга абмяжоўвацца».

P.S. Пасьля зьяўленьня гэтага матэрыялу ў рэдакцыю зьвярнуўся прэсавы сакратар Міністэрства гандлю Генадзь Курбека, які пажадаў удакладніць некаторыя рэчы. Па-першае, ён зьвярнуў увагу на тое, што ў Міністэрстве гандлю існуюць не дэпартамэнты, а аддзелы і ўпраўленьні. "На сёньняшні дзень у нас запоўненыя ўсе вакансіі. Летась, сапраўды, у нас былі пэўныя руцінныя кадравыя пытаньні (адзін начальнік сыходзіў, іншы праз пэўны час замяняў яго), але такога, каб палова кіраўнікоў аддзелаў адсутнічала – такога ніколі не было", -- паведаміў Курбека.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG