Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаўнакі» – людзі трэцяга гатунку


Акцыя пратэсту на памежыным пераходзе Брузгі, 12 чэрвеня 2011
Акцыя пратэсту на памежыным пераходзе Брузгі, 12 чэрвеня 2011

Навіна пра ініцыятыву гарадзенскай пракуратуры адмяніць бясплатную мэдыцыну і ўзьняць аплату за дзіцячыя садкі для «чаўнакоў» — людзей, якія езьдзяць, каб зарабіць, у Польшчу і Літву — хутка распаўсюдзілася на Гарадзеншчыне.

З гандлярамі, якія жывуць з памежнага гандлю, сустракаўся і размаўляў карэспандэнт Свабоды

Паводле дадзеных Гарадзенскай пракуратуры, на тэрыторыі вобласьці выяўлена ня меней за 18 тысяч жыхароў, якія знаходзяцца ў працаздольным узросьце, нідзе афіцыйна не працуюць, ня плацяць падаткаў, але пры гэтым езьдзяць на дарагіх машынах, маюць дарагія катэджы або па некалькі кватэр.

Гарадзенец Віталь кажа, што даўно займаецца чаўночным бізнэсам, а ягоная жонка працуе на дзяржаўнай працы. Ён дадае, што падобная ініцыятыва гарадзенскіх пракурораў — у стылі ўлады, якая ня думае пра тое, як стварыць для людзей працоўныя месцы, дзе б яны маглі зарабляць добрыя грошы, а толькі шукае спосабы, каб адабраць у людзей тое, што яны зарабілі ўласнай працай.

Спадар: «Няхай яны спачатку забясьпечаць людзей нармальнай працай і нармальнымі заробкамі ў Беларусі, а потым пачынаюць выдаваць такія ўказы. Бо працы тут нармальнай няма, працаваць за капейкі ня мае сэнсу, зарабляем на хлеб і ваду. Мая жонка працуе на станцыі хуткай дапамогі і зарабляе тры мільёны зь лішкам. Гэта на хлеб і ваду і на камунальныя паслугі, больш ні на што».

У спадара Казіміра я наўпрост запытаўся — чаму ён займаецца чаўночным бізнэсам, а не працуе на якім-небудзь з прадпрыемстваў у Горадні?

Спадар: «Дык а вы лічыце, што 3 мільёны — гэта дастаткова, калі чалавек зарабляе і калі ў яго пры гэтым двое дзяцей і трэба купіць ім паліто, боты? Гэтага хіба хопіць? Дый наагул тут няма ніякіх умоў для працы».

Спадар Казімір кажа, што лёгка лічыць грошы ў чужой кішэні, але пасьля падаражэньня паліва адзін поўны бак саляркі цяпер у лепшым выпадку дае магчымасьць зарабіць ня болей за 25 даляраў. І ніхто, паводле яго, ня кажа, як гэтыя грошы зарабляюцца.

Спадар: «Вы ж самі бачыце, які мароз цяпер. Вось паспрабуй, пастой на граніцы ў гэтых чэргах. Усю ноч прастаіш, потым заедзеш туды да гэтага фэрмэра, зьліеш тую салярку, а і там мароз, холад... ой, ды што казаць. А яны тут круцяць ужо невядома што, жах нейкі...»

Спадара Васіля, які доўгі час утрымлівае сям’ю з таго, што зарабляе на памежным гандлі, наагул абурыла ініцыятыва гарадзенскіх пракурораў. Паводле яго, пракуроры і падаткоўцы імкнуцца шукаць грошы ў людзей, якія працуюць, а ня ў тых, хто крадзе велізарныя грошы, дае і атрымлівае так званыя «адкаты». Такім, маўляў, надалей пракурорскія законы не пісаныя.

Спадар: «Гэта абсалютны маразм. У нас жа ёсьць Канстытуцыя. Дык давайце тады мяняць Канстытуцыю, бо як можа быць паводле нашай Канстытуцыі, што для адных ахова здароўя бясплатная, а для іншых — за грошы? У нас што, людзей ужо дзеляць па гатунках? Што, ёсьць ужо людзі першага, другога ці трэцяга гатунку? На якой падставе гэта робіцца?»

Гарадзенскі праваабаронца Раман Юргель, камэнтуючы ініцыятыву пракурора Гарадзенскай вобласьці, перш за ўсё зьвяртае ўвагу на тое, што падобныя ініцыятывы — прамое парушэньне Канстытуцыі і законаў Беларусі. І ў гэтым перш за ўсё ён бачыць карысьлівыя мэты канкрэтных людзей.

Раман Юргель
Раман Юргель
Юргель: «Пракурор вобласьці ня можа не разумець, што ён прапануе парушэньні Канстытуцыі, бо ён добра ведае закон. На маю думку, падобныя ініцыятывы робяцца з мэтай таго, што пракурору Марозаву карціць рабіць свой кар’ерны рост, пераяжджаць у Менск і займаць пасаду ўжо намесьніка генэральнага пракурора...»

Падобная прапанова гарадзенскай пракуратуры — ужо ня першая прыкрасьць для людзей, якія жывуць з памежнага гандлю. Напрыканцы 2011 году ўрад пастанавіў, што перасякаць мяжу на машыне можна толькі адзін раз на восем дзён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG