Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія актывісты наведалі маці зьніклага генэрала Захаранкі


Ульяна Захаранка
Ульяна Захаранка

21 студзеня грамадзкія актывісты Гомеля наведалі ў мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёну Ўльяну Захаранку, маці зьніклага генэрала Юрыя Захаранкі. Яны прывезьлі Ўльяне Рыгораўне калядныя пачастункі, даведаліся пра здароўе й побыт.

На пачатку лютага Ульяне Захаранцы споўніцца 89 гадоў, зь іх амаль чатырнаццаць яна нічога ня ведае пра сына. У траўні 1999 году ў Менску Юрыя Захаранку схапілі невядомыя асобы, калі ён увечары вяртаўся дадому. З таго часу ні маці, ні сям’я былога міністра ўнутраных спраў, ні грамадзкасьць нічога дакладна ня ведаюць пра зьнікненьне генэрала. Сьледзтва па справе яго зьнікненьня толькі раз за разам працягваецца, але рэальных вынікаў не дае.

Ульяна Захаранка: «Калі да мяне прыяжджаюць, я так рада, так рада. Мне падаецца, што мой Юра тут. Колькі ў яго было сяброў! Бывала, ён прыедзе, то дзьверы не зачыняліся».

Гомельскі палітык і грамадзкі актывіст Уладзімер Кацора, які наведваў сёньня Ўльяну Захаранку, лічыць, што ўся таямніца зьнікненьня апазыцыйнага генэрала будзе раскрыта толькі пасьля зьмены цяперашняга рэжыму.
Хата Ульяны Захаранкі ў Васілевічах
Хата Ульяны Захаранкі ў Васілевічах

Старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў: «Псыхалягічна жанчыне вельмі складана жыць з такім цяжарам. Таму мы наведалі Ўльяну Рыгораўну, каб маральна падтрымаць яе. Цяперашняя ўлада на гэтае гора ўвагі не зьвяртае й ня будзе зьвяртаць».

У штодзённым жыцьці Ўльяне Рыгораўне дапамагае пляменьніца Люба, якая дваццаць гадоў таму пераехала зь сям’ёй у Рэчыцкі раён з Чачэніі.
Зьлева направа: Уладзімер Кацора, пляменьніца Люба, Ульяна Захаранка, Васіль Палякоў
Зьлева направа: Уладзімер Кацора, пляменьніца Люба, Ульяна Захаранка, Васіль Палякоў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG