Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алкаеў: хутка ўбачу відэазапіс пакараньня Захаранкі


Аўтар кнігі «Расстрэльная каманда» Алег Алкаеў працягвае расьсьледаваньне выкраданьняў беларускіх апазыцыянэраў.

На думку Алега Алкаева, былога начальніка менскага СІЗА № 1, у якім прыводзяцца ў выкананьне сьмяротныя прысуды, трэба назваць імёны ўсіх, хто перашкаджаў расьсьледаваньню справаў аб іх зьнікненьні. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію Deutsche Welle.

— Навошта вы нядаўна наведалі Беларусь, бо гэта небясьпечна для вас?

— Не хачу перадаручаць свае справы іншым людзям. Я сабраў патрэбную мне інфармацыю, шукаў сьляды загінулых апазыцыянэраў. Існуе шмат вэрсій, напрыклад, што іх парэшткі перазахавалі і спалілі. Адной з мэтаў майго візыту была, у прыватнасьці, відэакасета з запісам пакараньня экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі.


— Чаму вы вырашылі самастойна працягнуць расьсьледаваньне?


— Я хачу падкрэсьліць, што гэтыя справы замяць не атрымаецца, таму што яны ня маюць тэрміну даўнасьці. І адказнасьць за папушчальніцтва пры расьсьледаваньні такога роду злачынстваў таксама бястэрміновая. Нагадаю, што ў 1999-2000 гадах у Беларусі зьніклі палітычныя праціўнікі Аляксандра Лукашэнкі — экс-кіраўнік МУС генэрал Юры Захаранка, былы намесьнік старшыні Вярхоўнага савету Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі і журналіст Зьміцер Завадзкі. Я зьвяртаю ўвагу на тое, чаму больш за 10 гадоў не прасоўваецца сьледства па гэтых справах.


Сьвятлана Байкова
Сьвятлана Байкова
Прынята лічыць, што асноўная віна ляжыць на кіраўніцтве краіны. Але нельга выключаць і адказнасць работнікаў сьледчага апарата, якім матэрыялы перадаваліся з рук у рукі, а расьсьледаваньне так і не зрушылася з месца. Напрыклад, чаму сьледчая Сьвятлана Байкова, якая першыя два гады вяла справу аб зьнікненьні Захаранкі, ведаючы ўсе абставіны, адводзіла сьледзтва ў бок?


Яна шукала Юрыя Захаранку ў Нямеччыне, дзе ён нібыта хаваўся. Па беларускім тэлебачаньні нават паказвалі кадры дома, дзе «пасяліўся» зьніклы генэрал. Але ж сьледчая выдатна разумела, дзе трэба шукаць яго цела. Віна ляжыць ня толькі на ёй, я назаву і іншыя імёны.


— Каго менавіта тычыцца ваша расьсьледаваньне?


— Адказных асобаў пракуратуры, МУС і КДБ. У Беларусі толькі шэсьць Генэральных пракурораў памяняліся за апошняе дзесяцігоддзе, і кожны проста абавязаны быў расьсьледаваць гэтыя справы. Бо кожны год усе яны сьцвярджалі, што сьледзтва ідзе. Нагадаю, што ў распараджэньні пракуратуры больш за дзесяць гадоў знаходзіцца рапарт начальніка Галоўнага ўпраўленьня крымінальнай міліцыі МУС генерала Мікалая Лапаціка.


Ён пісаў былому у той час кіраўніком МУС Уладзімеру Навумаву аб датычнасьці да выкраданьняў людзей камандзіра СОБРа Дзьмітрыя Паўлічэнкі, а таксама сакратара Савету бясьпекі Віктара Шэймана. Але Навумаў і Шэйман звальвалі адзін на аднаго адказнасьць, калі распавядалі, як ідзе следзтва, дэпутату Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Хрыстасу Пургурыдэсу, які прыязджаў у Беларусь для правядзеньня незалежнага расьсьледаваньня.


— Якія сьведчаньні мы мелі вы для напісаньня кнігі «Расстрэльная каманда»?


— 14 сьнежня 1999 году я ўбачыў у «Камсамольскай праўдзе» ў чорных рамках партрэты Захаранкі, Ганчара і Красоўскага з датамі іх зьнікнення. Успомніў, што менавіта ў гэтыя дні ў мяне канфіскоўвалі расстрэльны пісталет з глушыцелем, які выкарыстоўваўся для выкананьня сьмяротных прысудаў.


Пачаў зьбіраць інфармацыю і даведаўся, што Юры Захаранка заўважаў за сабой сачэньне, якое вялі людзі на чырвоным BMW. Тады такая машына была рэдкасьцю, яна належала кіраўніку СОБРа Дзьмітрыю Паўлічэнку. Я разумеў, што за ім стаіць нехта яшчэ, і думаў, да каго зьвярнуцца са сваімі падазрэньнямі. Пры гэтым шчыра лічыў, што прэзыдэнт нічога ня ведае.

Падчас выпадковай сустрэчы расказаў пра ўсё Ўладзімеру Навумаву, якога неўзабаве прызначылі кіраўніком МУС. Паўлічэнка быў арыштаваны, рыхтаваўся арышт былога сакратара Савету бясьпекі Віктара Шэймана. Але пайшоў зваротны працэс. Усе, хто вёў гэтую справу, тагачасныя старшыня КДБ і генпракурор, былі зьнятыя з пасадаў, а мяне папярэдзілі, каб маўчаў.

Але потым у апазыцыйныя СМІ ад былых сьледчых пракуратуры трапілі копіі дакумэнтаў па справах аб зьніклых апазыцыянэрах. Тады мяне шукалі нават у адпачынку, каб я даў абвяржэньне. Я выехаў у Нямеччыну і прыняў рашэньне тут застацца. У мяне таксама былі копіі часопісу ўліку, дзе былі зафіксаваныя дні выдачы расстрэльнага пісталета. Цяпер яны знаходзяцца ў Хрыстаса Пургурыдэса. Так што «Расстрэльная каманда» была напісана па дакументах, маіх назіраньнях і паказаньнях сьведак.


— Вы згадалі пра відэазапіс пакараньня Юрыя Захаранкі. Пра яго даўно ходзяць размовы. Вы самі яго бачылі?


— Запіс існуе, і я хутка яго ўбачу. Тыя, хто зрабіў копіі, былі не прасьцякі. У мінулым годзе мне прапаноўвалі купіць касету за 250 тысяч даляраў, але ў мяне няма такіх грошай.


— А вы ня думалі, што ваш інтарэс хтосьці можа выкарыстоўваць і адвесьці па ілжывым сьледзе?


— Як мяне можна выкарыстоўваць? Я проста цікаўлюся тым, чым абавязаны былі цікавіцца сьледчыя пракуратуры, і зьбіраю факты для новай кнігі. Я мог бы апрацаваць існуючы матэрыял і выдаць новую, добра чытаную кнігу. Але будучаму сьледзтву па гэтых справах спатрэбяцца не эмоцыі, а факты.

Кажуць, па заканчэньні часу цяжка шукаць доказы, тым больш, схаваныя глыбока ў зямлі. Але ёсьць шмат сьведак, якія ведаюць, хто і што рабіў, і яны гатовыя адказваць на пытаньні. Вядома, на ўмовах ананімнасьці. Пакуль я шмат чаго не магу распавядаць. Мы не ў цацкі гуляем, за злачынствы такога роду належыць расстрэл. Бо ў Беларусі сьмяротнае пакараньне пакуль яшчэ ніхто не адмяніў. І тыя, каму яно можа пагражаць, будуць абараняцца сур’ёзна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG