Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ульяна Захаранка: «Думаеце, чаго ён трымаецца за прэзыдэнцтва?»


7 траўня споўнілася трынаццаць гадоў з таго часу, як зьнік экс-міністар унутраных спраў генэрал Юры Захаранка. Справа аб зьнікненьні апазыцыйнага палітыка застаецца не дасьледаванай.

Маці зьніклага генэрала Ўльяна Захаранка сустрэла сёньняшнюю сумную гадавіну ў Гомельскім шпіталі інвалідаў вайны. Тры дні таму 88-гадовую жанчыну, вязьня фашыстоўскіх лягераў, паклалі ў шпіталь падлячыцца:

Ульяна Захаранка з партрэтам сына
Ульяна Захаранка з партрэтам сына
«Я ж вязень. Год таму, у красавіку, я таксама тут ляжала. А зараз мне зноў з сэрцам кепска. Начамі ня сплю даўно, я не магу спаць».

Ульяна Рыгораўна кажа, што раней Генэральная пракуратура, а цяпер Сьледчы камітэт пэрыядычна пішуць, што падаўжаюць сьледзтва па справе зьнікненьня сына. Пішуць коратка й аднастайна, бязь нейкіх канкрэтных фактаў. Але так доўжыцца бясконца ня можа. Выглядае, што ўся праўда пра зьніклых апазыцыйных палітыкаў будзе раскрыта толькі пасьля зьмены цяперашняга рэжыму:

«Я думаю, што павінны раскрыць. Так ня можа быць: як жа так — пахапаць людзей? Яны ж нікога не забівалі, ня кралі, не абдурвалі. А іх раз — узялі ды пазабівалі. Гэта ж страшна».

Маці зьніклага генэрала лічыць, што Аляксандар Лукашэнка трымаецца за ўладу, каб не адказваць за зьніклых палітыкаў і журналіста Завадзкага:

«Думаеце, чаго ён трымаецца за прэзыдэнцтва? А таго, што будзе яму бяда. Ён жа галоўны, гэта яго каманда — ён прымусіў чатырох іх забіць. Зараз ён пасадзіць, пасадзіць палітыкаў ды выпускае».
Думаеце, чаго ён трымаецца за прэзыдэнцтва? А таго, што будзе яму бяда. Ён жа галоўны, гэта яго каманда.

Ульяна Захаранка да гэтага часу ня можа зразумець, навошта было забіваць апазыцыйных палітыкаў:

«Напрыклад, Юры, што ён кепскае зрабіў? Ну, няхай ня тое слова сказаў. Дык няхай бы ты яго судзіў. Няхай бы ён за свае словы ці за што іншае і адказваў. Дык ні суду, ні права — раз-два… І толькі во паведамляюць: то ў той яме яго закапалі, то на той дарозе, і аўтобусы ходзяць па ягоных грудзях. Гэта ж страх. Я ж ніводную ночку ня сплю, з-за гэтага й хварэю».

Праваабаронца Алег Воўчак, які аказвае юрыдычную дапамогу Ўльяне Рыгораўне й сям’і зьніклага генэрала Захаранкі, паведаміў, што сьледзтва па справе генэрала гэтым разам працягнута да 24 чэрвеня. Пра гэта Ўльяне Рыгораўне напісалі са Сьледчага камітэту. Але пра сьледчыя дзеяньні — ніякіх канкрэтных фактаў. І так кожныя тры месяцы.

Воўчак: «Я даўно казаў, што сьледзтва даўно ўстанавіла і ведае, хто ажыцьцявіў захоп Юрыя Захаранкі — якія людзі, якая група. І доказы ёсьць. Проста ў нас няма мужных пракурораў, мужных сьледчых, якія б маглі гэтую справу ў адпаведнасьці з законам і абавязкамі давесьці да канца й прыцягнуць каго трэба да крымінальнай адказнасьці».

Справа пра зьніклых штучна тармозіцца. І яе, хутчэй за ўсё, чакае такі ж лёс, як і справу зьніклага журналіста Гангадзэ ва Ўкраіне:

«Лёс справы зьніклых — такі ж, як і справы Гангадзэ ва Ўкраіне. Там, як толькі ўлада зьмянілася, усіх, хто меў дачыненьне да яе, арыштавалі, пасадзілі. Хтосьці застрэліўся, каб пазьбегнуць ганьбы. У нас тут такая ж пэрспэктыва пасьля сыходу Лукашэнкі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG